БМА адчыніць беларускую фабрыку рок-зорак?

Беларуская Музычная Альтэрнатыва (БМАgroup) аб’явіла пра збор заявак ад гуртоў для ўдзелу ў «Рок-школе». Плянуюць правесьці майстар-клясы ад вядомых музыкаў, тэкставікоў і музычных крытыкаў, а па выніках — выдаць дыск.

­

­«Ёсьць вельмі шмат цікавых, пэрспэктыўных маладых рок-гуртоў. Але большая частка зь іх застаецца невядомай шырокай аўдыторыі. Мы хочам дапамагчы гэтым гуртам, даць ім пачатковыя веды, парады як рушыць далей. Мы не гарантуем, што зьявяцца новыя зоркі, але хто ведае…

Гэта, канешне, не „Фабрыка зорак“, але думаю, што мы зможам даць прынамсі шанец. Пастараемся падключыць да працэсу радыёстанцыі і тэлеканалы», — піша ў прэс-рэлізе ініцыятар рок-школы Віталь Супрановіч.

Кастынгі арганізатары пакуль не абвяшчаюць, а заяўку на ўдзел зь інфармацыяй пра гурт, кантактамі і дэма-запісам прапануюць даслаць да 1 жніўня на мэйл rokshkola@gmail.com.

Паводле запісаў адбяруць 5 гуртоў, якіх запросяць на канцэрт, па выніках якога выдадуць дыск. Абяцаюць таксама, што «вядучыя зоркі беларускага року праслухаюць, дадуць парады, зладзяць майстар-класы; тэкставікі беларускіх гуртоў дадуць свае рэцэнзіі; БМАgroup раскажа пра свой вопыт у арганізацыі канцэртаў; музычныя крытыкі распавядуць пра тое, як падаць сябе, каб цябе заўважылі ў СМІ».

tarka 12:30, 12/06/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2054 seconds.