Юрый Шаўчук: «Я стараюся ня хлусіць дзяржаве, таму няхай яна мне таксама ня хлусіць»

Пытаньне, ці можа рок-музыка заставацца ў баку ад палітыкі, паўстае ў любой краіне. Без усялякіх папярэдніх дамоўленасьцяў Юрый Шаўчык прыйшоў на Марш нязгодных. Чаму ён гэта зрабіў, як ставіцца да ўлады і апазыцыі, якой бачыць ролю музыкі ў палітыцы і што лічыць сапраўдным рокам, лідэр ДДТ распавёў расейскай інфармацыйнай агенцыі «Новый регион».­

Чаму Вы вырашылі пайсьці на Марш нязгодных?

«Па-першае, мяне не задаволіла правядзеньне выбараў. Яны, на мой погляд, былі не дэмакратычнымі. Сёньня «пераемнасьць» у Расеі азначае манархію, а не дэмакратыю, пра якую ўсе гавораць. Тады няхай улады скажуць, што ў нас у краіне манархія. Манархія, дык манархія, але ня пудрыце народу мазгі!»

«Учора на Маршы нязгодных мне вельмі спадабаліся людзі. У іх сапраўды сэрца баліць за краіну, як і ў мяне. Апроч таго, я ў жаху ад таго, што адбываецца з Санкт-Пецярбургам. Санкт-Пецярбург — гэта пярліна сьвету, я шмат пашвэндаўся, мне ёсьць з чым параўнаць. Але на Неўскім праспэкце шэсьць будынкаў былі зьнішчаныя. Горад блякаду перажыў. Фашысты яго менш пабурылі, чым сёньняшнія ўраднікі і бізнэсоўцы».

Калі б Марш нязгодных у Санкт-Пецярбургу быў несанкцыянаваным, Вы б усё роўна туды пайшлі?

«Справа ж ня ў тым. Калі ў мастака (а я лічу сябе мастаком) накіпіць, ён ідзе і пратэстуе».

Атрымоўваецца, Вы былі гатовыя ісьці туды, нягледзячы на магчымае затрыманьне?

«А вы гатовыя сядзець у турме? Я — не гатовы. Пры чым тут — дазволены быў мітынг ці не. Проста там былі людзі, і я прыйшоў. А калі б была нейкая правакацыя, і ўсіх бы пабілі, што ж тады?»

Якія ў Вас адносіны зь лідэрамі «Другой России» Эдуардам Лімонавым і Гары Каспаравым?

«Я лічу, што гэтыя людзі шчырыя і чэсныя. Яны не сядзяць у хмызьняку, проста заяўляюць пра сваю пазыцыю. Гэта мне вельмі падабаецца! Таму, нягледзячы на некаторую рознасьць у нашых поглядах, я іх вельмі паважаю. Гэта і ёсьць дэмакратыя. Кажы, але пры тым давай магчымасьць выказацца свайму апанэнту».

Вас зараз можна прылічыць да расейскай апазыцыі?

«Ня трэба нас нікуды залічаць! Я вольны мастак. Мастацтва без свабоды не існуе, прынамсі, бяз унутранай. Таму я не лічу, што музыкі альбо спартоўцы мусяць ісьці ў палітыку. Для мастака гаспадар — Бог, а ня цар ягонай краіны. Нягледзячы на гэта, грамадзянінам музыка быць абавязаны. Прыйшоўшы на Марш нязгодных я выканаў свой грамадзянскі доўг».

Вы ня думаеце, што пасьля ўдзелу ў Маршы нязгодных, у вас пачнуцца праблемы з правядзеньнем канцэртаў?

«Вельмі шмат думаюць толькі сьпяваючыя трусЫ! Пакуль гэтага няма. Але нас сёньня таксама няма і ў тэлевізійным этэры — гэта пра шмат пра што кажа. Дзе ў тэлеэфіры сапраўдная духоўная музыка? Вы калі-небудзь чулі па Першым канале, другім, трэцім, пятым, дзесятым… песьні на грамадзянскія тэмы? Нас проста выкрасьлілі. Застаўся адзін глямур з гітарамі. Усе гэтыя Мумий-троли, Би-2, Стрелки-белки, снайперы. Пакінулі толькі абалонку, вантробы якой такія ж гнілыя, як і ў папсы. Іх сьвятло нікуды ня кліча, іх вогнішча нікога ня грэе, скрозь адная эротыка. Генэральныя прадусары цэнтральных каналаў зьяўляюцца, на мой погляд, цалкам шэрымі асобамі. Частцы зь іх самой падабаецца папса і ідыёцкія сэрыялы. А тыя, каму папса не падабаецца, лічаць наш народ быдлам, якому можна скарміць любы танны прадукт, і на гэтым, на тандэце, зрабіць добрыя грошы».

Сёньня можна казаць пра раскол расейскай рок-музыкі на два лягеры: апазыцыйны і «праўладавы»?

«Расейская рок-тусоўка ўжо даўна раскалолася на дзве часткі — яшчэ ў 1996 годзе, калі маса маіх калегаў за вялікія грошы выйшла ўдзельнічаць у перадвыборчай кампаніі Барыса Ельцына «Галасуй альбо прайграеш». Я там не ўдзельнічаў, таму што для мяне была агіднаю нячэснасьць гульні. Я за слова стаю, за шчырасьць у адносінах між мной і дзяржавай. Я стараюся ня хлусіць дзяржаве, таму няхай яна мне таксама ня хлусіць».

Як Вы ставіцеся да сваіх «праўладавых» калегаў?

«Я не жадаю лаяцца, як бы сказаць мякчэй… Кожны абірае свой шлях. Але тое, што робяць некаторыя мае калегі, мяне засмучвае. Гэта нейкая мімікрыя. У 1996 яны за грошы паехалі агітаваць за Ельцына. Зараз яны галасуюць за цалкам супрацьлеглыя ідэалы. Іх бясконцае жаданьне выжыць выклікае ў мяне іронію. Вельмі сьмешна, як яны дрыгаюцца і намагаюцца патрапіць у добрае месца, дзе іх ніхто не кране». 

Российское информационное агентство «Новый регион»

Пераклад Generation.by

13:25, 05/03/2008 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0886 seconds.