У Троках на «Пагоню» «прэтэндавалі» беларускія і літоўскія рыцары

Закаваны ў жалеза з ног да галавы тоўсты рыцар з мячом у правай руцэ і шчытом з выявай герба «Пагоня» ў левай імчыцца на цябе з максімальнай хуткасцю, якую толькі можна развіць дзясяткам кілаграмаў даспехаў на спіне пасля дня, поўнага прыгожых турніраў і дам. Гэтак сканчаецца першы дзень фэсту Сярэднявечча ў літоўскіх Троках (Тракай) — традыцыйнай забавы мясцовых і запрошаных з іншых зямель былога ВКЛ рыцараў, музыкаў і рамеснікаў часоў Кейстатута і Вітаўта.

Дзеля справядлівасці варта пазначыць выключна мірныя памкненні рыцара, што хвіліну таму імчаўся ў групе сваіх нядаўніх ворагаў-тэўтонаў на гледачоў, якія сабраліся каб пабачыць сапраўдны штурм сярэднявечнага замку. Нават людзі такой сур’ёзнай прафесіі, як рыцар, любяць гарэзнічаць. І таму нядзіўна, што няўдалы крыжацкі штурм сканчаецца раптоўным яднаннем з варожым войскам дзеля скамарохавага нападу на мірнае насельніцтва.

Зрэшты, і сам штурм нельга назваць надзвычай выкшталцоўнай вайсковай аперацыяй: троху больш за дзясятак «немцаў-тэўтонаў», апранутых у чорныя даспехі з вялікім чырвоным крыжам на грудзях спрабуюць дастаць некалькіх ліцьвінскіх рыцараў, схаваўшыхся ў вежах бутафорскага драўлянага замку ў сэрцы больш сапраўднага старажытнага замку ў Троках.

У агрэсараў пачынае ляцець бярвенне, нехта падае, але немцы не адступаюць. Тады брама замку адчыняецца і перад тэўтонамі паўстае дзясятак бліскучых рыцараў з «Пагоняй». Тыя хутка «кладуць» тэўтонаў, пасля чаго пераможна ўздымаюць клінкі да нябёсаў: чарговая перамога «правільных» хлопцаў.

Сёлетні фестываль Сярэднявечча ў Троках ужо 15-ы на рахунку знакамітага сваімі замкамі і касцёламі гарадка недалёка ад Вільні. Рыцары тут хоць і найбольш чаканыя героі, але далёка не адзіныя. Акрамя іх атмасферу часоў Люблінскай уніі спрабуюць аднавіць музыкі (у тым ліку і беларускі Cornucopia ensemble у кампаніі з чароўнай нават у сярэднявечнай шэрай тканай сукенцы Русяй), блазны, прынцы і прынцэсы, што спрабуюць таньчыць у любым перапынку паміж рыцарскімі спаборніцтвамі, і, канешне ж, паўсюдныя гандляры.

Пачэснае месца сярод апошніх — ля самай сцэны — займае апрануты ў белы балахон і гэткага ж колеру шапачку гандляр сярэднявечнай зброяй і «цішоткамі», модных у той далёкі перыяд часу. Найбольш папулярнай сярод наведвальнікаў мадыфікацыяй «цішотак» аказваецца тая, на якой выяўлены герб «Пагоня»: яе раскупаюць болей за ўсё, а купіўшы, наведвальнікі ганарліва расхажваюць у сярэднявечным элеменце гардыробу па тэрыторыі фэсту.

«Пагоня — старажытны літоўскі сімвал, які беларусы спрабуюць забраць сабе, але ён мае чыста літоўскія карані», — нечакана адзін з рыцараў, які тлумачыць публіцы прызначэнне таго ці іншага рыцарскага інструменту, пераходзіць да балючых гістарычных пытанняў. Пачуўшы гэткі закід беларускія рыцары, прысутныя на фэсце, цягнуцца да ножнаў, але сітуацыю атрымліваецца выратаваць:

«У Беларусі было таксама шмат цудоўных рыцарскіх традыцый», — дадае рыцар, згладжваючы «палітычны» момант кампліментам у бок беларускіх калегаў. Апошнія яшчэ атрымаюць магчымасць праявіць сябе на турніры, які працягнецца на другі дзень фэсту.

Болей здымкаў з фэсту ў фотаблогу

comments powered by Disqus
 
In 0.1075 seconds.