Ганна Вольская: «Каб у нас тут быць культурным чалавекам, спачатку трэба адчуць сябе беларусам»

Інтэрв'ю з Ганнай Вольскай. 2008 год. 
23 сакавіка 2016 года Ганна сышла з жыцьця ад раку малочнай залозы.

2007-ы быў багатым на падзеі для прадусаркі Ганны Вольскай. Новы альбом Крамбамбулі, больш чым удалы выступ гурта на Басовішчы, канцэрты і карпаратывы — і ўсё з добрым настроем і ўсьмешкай. А да калядных сьвятаў Ганна зьдзейсьніла яшчэ адну задумку — «Сьнежны завулак 8». Шмат хто цікавіцца, як гэта ў Лявона атрымалася знайсьці такую жонку, якой удаецца сумяшчаць працу, сям’ю і адпачынак, прыгажосьць і ўнутранае багацьце, дзіцячую радасьць жыцьцю і дарослы падыход да бізнэсу, філязофскае стаўленьне да рэчаіснасьці і ўпэўненасьць у тым, што ўсё будзе добра.­­

Зараз Вольскіх вельмі цяжка ўявіць паасобку. Яны ўжо нават сталі падобнымі — у гутарцы, ва ўсьмешках і стаўленьні да жыцьця. Але былі часы, ­калі Ганна Вольская была Аняю зь мілагучным для кожнага музыкі прозьвішчам Лабай. Гэтая дзяўчынка не сядзела на месцы і цікавілася, падаецца, усім на сьвеце: хадзіла на танцы і фэхтаваньне, сьпявала ў хоры і грала на акардэоне.

«Калі вы такія разумныя, што тады ў школу ходзіце?»

Ганначка маленькая — яна якая?

Экстрэмальным дзіцём была і халерычным: магла з хаты сысьці і пайсьці гуляць, знайсьці знаёмых, а бацькі мяне тым часам шукалі. Або ў бабулі на вёсцы магла зайсьці на вясельле, стаць ля нявесты, абсалютна якую ня ведала, і есьці розныя караваі. Неяк у царкве маліліся, маліліся — няма дзіцяці. І тут цёця бачыць, што я там, дзе бабкі ўсе на каленях — аб падлогу галавой. І ў школе таксама — такім няроўным дзіцём была: то вучуся класна, то мне дакучае. Мяне трэба было трымаць у рукох.

А потым зьявілася мара — стаць акторкай. Таму пайшла ў тэатральную школу. Яна была настолькі моцная, што мне больш і не хацелася нікуды паступаць. Мы там ставілі «Майстра і Маргарыту». У нас у клясе было дванаццаць дзяўчынаў. І ўсе такія ўжо моцныя і прыгожыя. А гралі мужчынскія ролі. Я грала Бегемота. І падчас гэтага спэктакля ўвесь час штосьці адбывалася, напрыклад, дэкарацыі падалі. Вельмі містычна было.

Вучоба была нестандартная: да 11-й — як нармальныя дзеці, а да 18-19-й у нас былі тэатральныя заняткі. Было класна, але ўрокі мы ўжо не рабілі. У нас меркаваньне пра сябе было: такія прыгожыя, такія багемныя… Ну і да нас адпаведна ставіліся — мажоры. Мы ўсе ўрокі пераўтваралі ў невядома што. Нам нават настаўніца казала: «Калі вы такія разумныя, што тады ў школу ходзіце?» Цяжкавата з намі было.

Гэтая вучоба — адзін з самых яскравых момантаў жыцьця. Школа падсумавала ўвесь папярэдні досьвед, шмат у чым сфармавала асобу.

Потым я захапілася псыхалёгіяй. І паступіла ў Інстытут культуры на «Сацыяльную псыхалёгію». Тады тая прафэсія толькі зьявілася, і ў кульку самі ня ведалі, што гэта такое. Мы і давучыліся, так і не даведаўшыся.

Па меркаваньні Калмыкова, чаму столькі людзей з кулька зараз штосьці значаць — таму, што мянялася грамадзтва. Людзі з кулька не атрымлівалі нармальнай адукацыі, якая б ім гарантавала адразу прыстойную працу. Яны знаходзілі вольныя нішы ў грамадзтве. Вось гэта шоў-бізнэс — не занята. Былі не пантовыя, бо ведалі, што адукацыя слабая. Таму вучыліся далей.

У той час, як я вучылася, Міхалок там быў, Палац. Тусьня вельмі цікавая была. Зараз тыя, хто на мэнэджмэнце вучыўся, трымаюць агенцыі, на якіх мы граем карпаратывы. Таму вельмі лёгка размаўляць.

КУЛЬТурная праца

Яшчэ падчас Інстытуту культуры ў нас былі знаёмствы з рознымі псыхолягамі. Мяне запрасілі працаваць на Радыё 101.2. Там зрабілі ня проста рэклямны аддзел, а ноў-хаў — сыстэму прамоўшына (розныя там перадачы, конкурсы). Рэкляма тады была на стадыі «запісаў ролік — даслаў — паставілі».

У Радыё 101.2 зьявілася ідэя ўзяць дзьвюх дзяўчат, класных, падобных, такіх монстраідальных. Знайшлі спачатку мяне. А я знайшла Волю Сарако. Яна зараз дырэктарка рэклямнай агенцыі «Пінгвін» і вельмі вядомы ў рэкляме чалавек. Мы зь ёй былі вельмі падобныя: такія чорныя, высокія, у стылі вамп. Безумоўна, што кантракты падпісваліся вельмі хутка:) Мы натусілі тады, канешне: на ўсіх выставах, бізнэс-вечарынах. Яшчэ інстытут ня скончылі, а ўжо ўсё пабачылі.

Тусілі мы тусілі, працавалі і працавалі. Што істотна — нармальна зараблялі… А тут вяртаюся з адпачынку, уключаю радыё — і разумею, што яго зачынілі. Абарвалася ўсё! На той момант гэта была адзіная такая тусоўка. Атмасфэра была неверагоднейшая. Да таго ж на Рэвалюцыйнай, у старым горадзе. Зараз шмат хто з тых людзей зьехаў за мяжу. Але пэўны час радыё працягвала існаваньне, толькі не выходзілі ў эфір.

У той час мяне, акрамя бізнэсовых спраў, вельмі зацікавіла тая тусоўка. І, памятаю, быў альтэрнатыўны Новы год, які ладзіў Толя Додзь і на які зьбіралася шмат інтэлектуалаў — 4 сьнежня ў Калодзішчах. Там сустрэлася зь Лявонам. Адразу нешта прабегла. І пачалося…

Кухня, бутэлькі недапітыя - і ён...

Я Лявона часта бачыла дагэтуль. І ён мне не падабаўся зусім. Доўгія валасы, гэты чорны плашч… Сяджу я такая расфуфыраная, а ён — на канапе. Гляджу на яго — і адразу ў мяне асацыяцыя: кухня, бутэлькі недапітыя і ён там... О, думаю, і на гэтых людзей мы працуем, шукаем грошы? Памятаю, у школе было модным ведаць на памяць усе мэталёвыя гурты. Я, дзяўчынка, такога ня слухала, але для прэстыжу сьпіс вывучыла і казырала ім. І там была «Мроя». «І гэта легенда, якую я ў чацьвёртай клясе вучыла?» — думалася мне.

Але стала цікава. Пачалі знаёміцца. І ён мяне сваім гумарам проста скарыў! Так ужо выдзелываўся:) І адчулася, што добра нам разам, цягнула, як магнітам, шукалі сустрэчы…

Гэта, насамрэч, тэма для жаночага рамана. Тады ў Лявона была вельмі моцная сувязь з Касяй Камоцкай. Здавалася, усе навокал былі супраць нас, бо Лявон з Касяй былі вельмі харызматычнай парай, і многія імі захапляліся. На паўгады мы апынуліся ў ізаляцыі канкрэтнай.

Праз гэты раман я даведалася пра абсалютна іншую плынь культуры. Яе і зараз цяжка піярыць. Але яна захапіла адразу: ў тваёй краіне — і такая супрацьлегласьць твайму папярэдняму жыцьцю. Нібыта скарб знайшла. Я была такая цэнтравая дзяўчына. Далей свайго раёна нічога ня ведала. А тут пачалося такое рок-н-рольнае жыцьцё:)

У бацькоў не было шоку, што іхняя дачка так «патрапіла»?

Не, бацька адразу зразумеў. Тата ў мяне класны — мы вельмі сябруем. Мама — так сабе ўспрыняла. У Лявона нармальна: мама ў яго такая інтуітыўная. А калі прыйшлі да Артура Вольскага ў тэатар знаёміцца, ён адразу па вачох зразумеў: наша дзевачка.

Ну і пачаўся раман. Сталі жыць разам — я чула, як вядуцца перамовы наконт канцэртаў. І падумала: Божа, які дзіцячы садок. Я проста не магла слухаць, як Лявон дамаўляецца. Тады N.R.M. пачынаўся, у іх быў такі імпэт — галоўнае было толькі граць. А як і што будзе — ня важна. Пачалося ўсё з дапамогі, а вырасла ў прафэсію, якой я гадоў восем займаюся.

Вольская прафэсія

Гэта можна назваць прафэсіяй з нацяжкаю. Ну так, можна зрабіць каляднае шоў. Але ўсё роўна атрымоўваецца такое абслугоўваньне Вольскага. Бо ён вельмі шматбаковая і сапраўды таленавітая асоба. Бывае, захочаш іншага артыста ўзяць — і падумаеш: дык гэты ж унівэрсальны:)

Напэўна, таму так мала жанчын у беларускім шоў-бізнэсе: колькасьць унівэрсалаў абмежаваная. А калі сур’ёзна, як Вы лічыце, з чым тое зьвязанае?

Мне цяжка тут судзіць. Ёсьць школы прадусаваньня нават на Беларусі. Але сытуацыя ня вельмі спрыяльная для шоў-бізнэсу — зьмяняецца пастаянна. Тры гады было нармальна, потым раз — забарона. Колькі знаёмых пераехала ў Маскву. А там праб’есься толькі пры вялікім імпэце. Таму яны трансфармуюцца ў іншыя сфэры дзейнасьці і жывуць больш камфортна. Безумоўна, галоўны фактар тут — гэта грошы. Таму што і нам гэта не прыносіць вялікіх прыбыткаў. Усе гэтыя гады мы ўкладалі. І толькі зараз ёсьць нейкі плён.

А маглі ж якога бізнэсоўцу знайсьці, на фэрары катацца…

Яхты і фэрары яшчэ наперадзе — я ў гэтым упэўненая. Калі атрымоўваеш халяву па жыцьці толькі таму, што ты пакуль прывабная, потым дорага за гэта заплаціш. Для жанчыны вельмі істотна самой працаваць і зарабляць. А лепей зрабіць усё разам. Калі чалавек адзін усяго дасягае і проста плаціць за стасункі — ну гэта крыху ня тое, адзінока сябе пачуваеш. Быць разам — гэта заўсёды кампраміс. Я засталася ў музычнай сфэры, таму што ў мяне не было выйсьця, акрамя як даўбіць і даўбіць гэтую сьцяну. Лявон сваю прафэсію кінуць ня мог. Я б сказала, што ён місіянэр у беларускай культуры. І калі б ён пачаў чымсьці іншым займацца, то, напэўна, скуксіўся б. Таму так склаўся мой лёс.

Жаніцьба куміра заўсёды ўдар для фанатак і не ўсе гэта прымаюць. Не было ціску з боку прыхільніц?

Зь іншымі энэрэмаўскімі хлопцамі розныя жахі адбываліся. Але ў нас такога не было. У Лявона нейкі такі характар, што ён захоўвае дыстанцыю. Таму асаблівага ціску не было. Так, дзевачкі ўвесь час пішуць. Але для мяне гэта было нармальна, класна. Бяз гэтага артыст ня можа існаваць. Я даволі цынічна да гэтага ставілася. Але нашыя сямейныя стасункі ні з чым не сутыкаліся. У нас ёсьць унутраная таямніца. Пакуль яна існуе, ёсьць сям’я. Ну, а калі б яе не было — дзевачкі, месца вакантнае:) А калі адчуваеш, што ёсьць — тады няма за што хвалявацца.

На сьвяце жыцьця п'юць Крамбамбулю

Другім ударам па фанатах N.R.M. стала нараджэньне «Крамбамбулі», прадусаркай якой Вы непасрэдна і зьяўляецеся. Ня страшна было так кардынальна мяняць напрамак?

Паколькі я ўсё роўна працавала зь Лявонам, то спачатку займалася N.R.M., які мне падабаўся тады і падабаецца зараз. І я лічу, што мы зрабілі шмат таго, што зараз адбіваецца на пакаленьні. Але я крышачку перарасла рок-стыль. І зразумела, што далей, каб працаваць зь беларускамоўнай музыкай, трэба стварыць нешта больш масавае. Рок, антаганізм патрэбныя моладзі каб сфармавацца. Альбо, бывае, N.R.M. патрэбны такім сур’ёзным расейскамоўным бізнэсоўцам, каб пераламіць сябе і стаць беларусамі.

Быў час, калі падавалася фантастыкай: «Крамбамбуля» на Басовішчы. А ў гэтым годзе стала рэальнасьцю. Народ заводзіўся ня меней, чым пад легенды беларускага року. Як гэта патлумачыць?

Калі ты фармуесься, складваецца твой сьветапогляд — табе патрэбны N.R. M. Калі ты ўжо сфармаваны і табе патрэбнае проста жыцьцё — тады Крамбамбуля.

А чаму менавіта такі фармат?

Цікава музыкам, якія граюць сур’ёзны рок, сказаць: а давайце паспрабуем сіртакі. Давайце паглядзім на розныя культуры. І гэта вельмі важна для асобы ва ўсіх сэнсах. Вось і стварылася Крамбамбуля. Натуральна, што аўдыторыя крыху спазьняецца. Таму да гэтай рэўнасьці мы падрыхтаваныя і нармальна да таго ставімся.

Падаецца, што ў Вас і Лявона ідэй проста процьма бясконцая. Што новенькага рыхтуеце?

Чым болей у чалавека праектаў — тым лепей. Значыцца, яму ёсьць што казаць, а не круціцца на адным месцы. Вельмі ганаруся, што атрымалася зрабіць «Сьнежны завулак 8». Гэта такі цёплы, амаль хатні праект, мэтаю якога было даць людзям магчымасьць сустрэць Новы год зь беларускімі песьнямі і любімымі артыстамі. Тут няма аніякай прэтэнзіі. Толькі пазытыў і цудоўная атмасфэра. І гэта было добрым урокам, каштоўным досьведам для наступных задумак. Але якіх дакладна, казаць ня буду. Бо калі чалавек кажа, ён ужо думае, што напалову зрабіў справу. Таму пачатак працы адцягваецца.

У размовах пра каляднае шоў Вы ня раз ставілі акцэнт на атмасфэры і людзях, якія яе дапамагалі ствараць. Як так атрымоўваецца? Верагодна, Вы добра разьбіраецеся ў людзях.

У нас ёсьць такая рыса: мы ўжо лічымся людзьмі сярэдняга ўзросту, але не згубілі здольнасьці набываць сяброў. Сяброў бачна па вачах, гэта адразу адчуваецца. Але сказаць, што я на сто адсоткаў разьбіраюся ў людзях, не магу. Зараз я ўжо больш нардычна стаўлюся да стасункаў, ня кідаюся ў іх адразу, бо разумею, што чалавек можа памяняцца. Асабліва ёсьць сытуацыі дарожныя: калі ты з чалавекам выяжджаеш, шмат якасьцяў праяўляецца. Хаця ўнутры я дзіця і мне хочацца цеплыні. І нават калі чалавек што кепскае зрабіў, думаеш — ну ён дурны, памыліўся. Лёс, канешне, вучыць. Але збольшага для працы, у сяброўстве падбіраю я людзей нармальна. Магу ганарыцца гэтым.

Ад Вас сыходзіць вельмі моцная энэргетыка. Да таго ж — творчая сям’я. Мабыць, дзьверы ў хаце не зачыняюцца.

Наш дом вельмі адчынены. Асабліва калі ствараюцца праекты. Але нам класна разам. Усё, што можа быць між людзьмі, у нас ёсьць. Нам нас дастаткова. Таму гэта не дом тусоўшчыкаў.

Вы ўвесь час штосьці прыдумляеце, крэатывіце. Не ўзьнікае жаданьня палайдачыць, па-жаночы проста сэрыял паглядзець…

Насамрэч, дзякуючы ляноце я шмат чаго дабіваюся. Бо намагаюся так арганізаваць працу, каб яе было як мага меней. Лянота — рухавік прагрэсу. Мой любімы занятак — гэта нічога не рабіць. Я пачуваю сябе камфортна і гарманічна. Проста папіць кавы, пачытаць, пагуляць.

«Я дзіця ўнутры!»

Памятаю, знаёмы кажа: «Тэлефанаваў Лявону, слухаўку зьняла нейкая дзяўчынка, мабыць дачка». У Вас вельмі прыемны, дзіцячы голас. Пачуўшы яго, інакш як Ганначкай Вас не назавеш. 

Я дзіця ўнутры! І мне гэта вельмі падабаецца. Таму калі тэлефануюць, я не магу адразу пераключыцца на такі больш сур’ёзны тон. Але я валодаю сцэнічным маўленьнем, таму калі трэба — магу і даволі жорстка размаўляць.

Але ўсё роўна цяжка ўявіць, каб Вы крычалі.

Я ня тое што крычу — я даволі жорстка размаўляю. Гэта ня крык — гэта горш. Калі пачынаецца разгільдзяйства, я даволі часта такое ўжываю. Часам і самі музыкі чакаюць, калі ж на іх прыкрыкнуць. Бо яны таксама як дзеці.

Лейтматывам каляднага шоў была песьня «Усё будзе добра»? Паколькі якраз наступіў Новы год па старым стылі, яшчэ ёсьць шанец загадаць гэтае «добра».

Калі шчыра, збольшага ўсё і так добра… Таму не магу канкрэтна сказаць, што яшчэ трэба.

А вось Лявон даволі канкрэтна сказаў, як і калі, у яго свае крыніцы:)

Ну, калі ў Лявона ўсё будзе добра, то я думаю, што і я да гэтага спрычынюся, да яго канкрэтыкі:) Мы сябе зараз гарманічна пачуваем. І мне вельмі камфортна. У жыцьці і ў сям’і ў нас увогуле вельмі дзіцячыя стасункі. Мы абсалютна як дзеці: радуемся жыцьцю, бесімся, гуляемся, жартуем, з Адэляю носімся. Трое дзяцей такіх:)

Я жадаю ўвогуле гармоніі людзям: калі яны жывуць, працуюць, кахаюць, нараджаюць дзяцей… Тады не істотна, які год: 2007, 2008, ката, сабакі, пацука. Гармонію трэба знаходзіць у сабе.

ТРЫ ЧАРАПАХІ ГАННЫ ВОЛЬСКАЙ: ФАКТАРЫ ПОСЬПЕХУ

  • Каб у нас тут быць культурным чалавекам, спачатку трэба адчуць сябе беларусам. Гэта вельмі істотна насамрэч. Нават камэрцыйна выгодна. Таму што калі ў чалавека няма Радзімы, няма мовы, няма ўсіх гэтых атрыбутаў — гэта крышачку недароблены чалавек. Для культурнага чалавека гэта прыкладна тое самае, што для крутога бізнэсоўцы — машына, віла, самалёт.
  • Па-другое, гэта падзяленьне. Для жанчыны важна выкарыстоўваць дзелавыя якасьці, каля яны ёсьць, а не жаночыя хітрыкі. І адначасова не паводзіць сябе як мужчына. Трэба думаць пра справы, а не пра камплімэнты, якія табе нагавораць.
  • У справах таксама вельмі важна быць шчырым, і калі табе штосьці не падабаецца — казаць «не».

Фотаальбом памяці Ганны Вольскай



Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0501 seconds.