«Палац» зьбіраецца на «Эўрабачаньне»

Прарваўшы бюракратычны кардон, «Палац» стаў адзіным беларускамоўным фіналістам «Эўрафэсту» — ёсьць верагоднасьць, што прадстаўляць Беларусь на «Эўрабачаньні» будзе менавіта гэты гурт. Пра сам конкурс і магчымую перамогу з усёй сур'ёзнасьцю разважае Алег Хаменка

 

«Лёд рушыўся, спадары прысяжныя» — ну і хто будзе камандаваць парадам? Ёсьць верагоднасьць, што на «Эўрабачаньне» — галоўную, пасьля «Славянскага базара», музычную падзею наземнай Беларусі, — паедзе гурт «Палац».

Ужо абраныя 15 фіналістаў, выступы якіх можна будзе ўбачыць 21 сьнежня, і прагаласаваць за свайго фаварыта. Па выніках народнага галасаваньня будуць вылучаныя тры супер фіналісты. А хто ў рэшце рэшт паедзе ў Бялград, вызначыць журы.

«Палац» — адзіны прэтэндэнт, які выконвае песьню па-беларуску. Яшчэ тры фіналісты прадстаўляюць расейскамоўныя кампазыцыі, а астатнія сьпяваюць па-ангельску.

Натуральна, што навіна пра выхад «Палацу» у фінал «Эўрафэсту» выклікала неадназначную рэакцыю, бо надта ўжо скептычнае стаўленьне да «Эўрабачаньня» у альтэрнатыўных колах на тле сапраўднай эўфарыі ў колах афіцыйных.

Generation.by паразважаў над тым разам з Алегам Хаменкам — лідэрам гурта «Палац»:

«Вельмі шмат эмоцыяў наконт гэтага фэстывалю. Што, магчыма, і сапраўды не адпавядае існасьці фэстывалю. Маю на ўвазе: ад самай надзвычайнай увагі да таго, што гэта папсьня і самая атрута з усёй Эўропы. Я думаю, што існасьць недзе пасярэдзіне.»

Зразумела, напрошваецца ў галаву думка, а ці ня мог паўплываць візыт музыкаў да Праляскоўскага на рашэньне журы «Эўрафэсту». Як сталася, прыходзіла тое на розум і Алегу:

«Я думаю, што такое магчыма. Заяўку мы падавалі практычна выпадкова — у лістападзе, яшчэ да сустрэчы. Надзеі патрапіць нават у адборачны ў нас не было. Але ўсё атрымалася. Таму ўпэўнена сьцьвярджаць нельга, але нейкая сувязь, магчыма, існуе.»

Тады трэба было ўсім «прадацельскім» складам падаваць заяўкі! Магчыма, яшчэ ў каго з нашых беларускамоўных музыкаў была думка паўдзельнічаць у «Эўрафэсце»:

«Зьбіраліся падаць заяўкі яшчэ «Крамбамбуля», «Indiga» і «Parason». Але так атрымалася, што хтосьці штосьці не пасьпеў. А «Палац» застаўся адзін толькі таму, што хутка і якасна зрабіў усе паперы.»

Так атрымліваецца, што ўсе нашыя няўдачы з-за бюракратычнай валакіты? Даеш «адно вакно» на «Эўрафэст»!:)

З надзеяю прыняць дзіцячае Эўрабачаньне, Беларусь паабяцала пабудаваць адпаведную залю тысяч на 15 чалавек, з самым крутым абсталяваньнем і да т.п. У выпадку, калі «Палац» пераможа, ці разумее Алег, на якія грошы трапляе краіна?

«Большасьць грошаў на арганізацыйныя патрэбы дае Эўрапейскі вяшчальны саюз. А колькі атрымлівае краіна валюты, калі прыязжаюць людзі? Вельмі шмат момантаў, надзвычайна выгодных для дзяржавы, пры правядзеньні такога кшталту фэстаў.»

У выпадку перамогі Вы не баіцеся, што станеце своеасаблівай дзяржаўнай агітацыяй на ножках (сустрэчы БРСМа ў аэрапорце, ток-шоў, канцэрты ў Вэнэсуэле і да т.п.) 

«А ці не выкарыстоўвае дзяржава завод МАЗ? Аркестар Фінберга? Ці не выкарыстоўвае дзяржава нашых мужчын на абарону краіны? Розум людзей, каб яны сталі лекарамі? Справа ў тым, што трэба шукаць нейкі іншы падыход. Калі мы жывем у дзяржаве, мы ня можам не залежыць ад дзяржаўнай палітыкі. Іншая справа, што мы можам пагаджацца або не пагаджацца.»

 

Як бы там не было, а мэта, зь якой «Палац» падаваў заяўку на «Эўрафэст», вартая таго, каб гурт перамог:

«Перш за ўсё, мы хочам, каб зьявіўся сур’ёзны прэтэндэнт у фінал, які сьпявае па-беларуску. Гэта важна, бо дзеткі сьпявалі па-руску, а дарослыя — па-ангельску

Натуральна, што мова ня ёсьць адзінаю выбітнаю рысаю «Палаца». Перш за ўсё — гэта цікавая і якасная музыка. Таму галасуем за «Палац» 21 сьнежня.

Але кожны можа абраць сабе па густу. Галоўнае, калі ёсьць выбар — вось яшчэ 14 цудоўнейшых кандыдатаў: Руслан Аляхно, Віктар Пшанічны, Алена Валошына, Ганна Шаркунова, Юлія Гусева, Аксана Кавалеўская, Катрын, Gunesh, Dali, Litesound, PinCode, The Champions, «По глазам», «Sкандал».

­
SlaDa 15:05, 12/12/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0763 seconds.