RSS абыходзіць цэнзуру ў Інтэрнэце

Пакуль беларускія ўлады вывучаюць досьвед іншых краінаў па рэгуляваньні інтэрнэт-прасторы, кітайскія ўлады паляпшаюць тэхнічную функцыянальнасьць такога «рэгуляваньня». Але нават у «Вялікага кітайскага файэрвола» гэта атрымліваецца не заўсёды пасьпяхова. Хітрыя кітайцы, якія прагнуць інфармацыі, знаходзяць розныя шляхі для абыходу фільтраў. Адзін з такіх шляхоў дае тэхналёгія RSS.

Тысячы сайтаў наўпрост не адчыняюцца з тэрыторыі Кітая. Такі стан падтрымліваецца праз тэхнічныя мэханізмы, на якія ўлады выдаткоўваюць дзесяткі мільёнаў даляраў. А таксама праз працу тысячаў кібэр-паліцэйскіх, якія штодня займаюцца маніторынгам Сеціва ў пошуках апазыцыйных выказваньняў.

Але ў Інтэрнэце разьвіваецца мноства тэхналёгіяў, за якімі нават самыя прасунутыя чыноўнікі і паліцэйскія не пасьпяваюць. Так, далёка ня новая тэхналёгія RSS стварае небясьпеку для прафільтраванага інтэрнэта. 

RSS — гэта тэхналёгія, якая дазваляе сачыць за абнаўленьнямі розных сайтаў, не заходзячы на іх. Літаральна RSS — гэта ангельскі скарот, які ўжываецца для азначэньня папулярнай сям’і фарматаў адмысловага XML-стандарту, што выкарыстоўваюцца для распаўсюду і перадрукоўкі інфармацыі ў інтэрнэце. 

Для чытаньня RSS-стужак сайтаў выкарыстоўваюць адмысловыя праграмы, альбо ўбудаваныя ў сучасныя браўзэры мэханізмы. У гэтым выпадку адбываецца зварот праграмы да старонкі сайту з стужкай RSS, напрыклад,  http://generation.by/news.xml і апрацоўка атрыманай інфармацыі. У выпадку блякаваньня сайта доступ атрымліваецца немагчымым.

Другі спосаб — гэта выкарыстаньне вэб-агрэгатараў. Адным зь лепшых сярод іх зьяўляецца Google Reader. Для таго, каб карыстацца ім, вам неабходна завесьці паштовую скрынку ў Gmail.

У гэтым выпадку адзін сайт, у дадзеным выпадку Google, рэгулярна зьвяртаецца на іншы і загружае да сябе яго кантэнт у фармаце RSS. Калі вэб-агрэгатар не ўключаны ў сьпіс забароненых сайтаў, то празь яго зьяўляецца магчымасьць чытаць стужкі любых забароненых сайтаў. 

Колькасьць вэб-агрэгатараў у Сеціве агромністая. Зачыніць доступ да іх усіх вельмі складаная, фактычна нерэальная задача.

Але кітайскія чыноўнікі спрабуюць. У Сеціве пачалі зьяўляцца паведамленьні, што «Вялікі кітайскі файэрвол» пачаў блякаваць он-лайн чытальнікі RSS-стужак. Некаторыя выданьні нават пішуць, што з тэрыторыі Кітая неадчыняюцца ўсе старонкі, ў адрасах якіх сустракаюцца словы «feeds» «rss» і «blog». 

Але пад гэтымі паведамленьнямі зьяўляюцца камэнтары кітайцаў, якія свабодна чытаюць забароненыя RSS праз Google Reader.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0897 seconds.