«Інтэрнэт — апошняя надзея свабоднай прэсы»

Mark KlempnerБеларускія журналісты ўсё часьцей называюць Інтэрнэт вымушаным месцам рэзэрвацыі. Маўляў толькі з-за палітыкі ўладаў незалежныя СМІ сыходзяць у Інтэрнэт. Але ва ўсім сьвеце назіраецца падобная сытуацыя, хоць і зь іншых прычынаў. Прапануем вам пераклад артыкула вядомага гісторыка і блогера Марка Клэмпнэра (Mark Klempner), маладосьць якога прайшла ў 70-х гадох без Інтэрнэта.


Я лічу Інтэрнэт адным з самых вялікіх цудаў сьвету. А таксама апошняй надзеяй свабоднай прэсы ў Амэрыцы.

У гады маёй маладосьці, у 1970-х, было шмат людзей з мноствам думак, але не было плятформы для іх выказваньня. Таму нам былі патрэбныя такія асобы, як Боб Дылан, якія зьяўляліся «голасам пакаленьня».

Новае пакаленьне мае YouTube зь ягоным лёзунгам «Broadcast Yourself» («распаўсюджвай сябе»). Напрыклад, 18-гадовая дзяўчына зь мянушкаю «AngryLittleGirl» можа проста падзяліцца з аднагодкамі, нават нягледзячы на адсутнасьць у тых крытычнага мысьленьня, сваімі разважаньнямі наконт рэлігіі, часу і гэтак далей.

YouTube — гэта толькі адзін з прыкладаў распаўсюджаньня «сацыяльных мэдыяў», якія прадстаўляюць істотную магчымасьць для шчырых дыскусіяў і аналізу ў часы, калі зьбянтэжанасьць, дробязнасьць і дамінаваньне рэклямы вызначаюць асноўныя тэндэнцыі на рынку СМІ (так званы MSM — mass media market).

А сацыяльныя мэдыі да таго ж прапануюць і інструмэнты камунікацыяў: блогі, форумы, чаты, падкасты, он-лайн кам'юніці, энцыкляпэдыі.

Я часта бачыў, як блогеры зьвярталі ўвагу на памылкі і перадузятасьць у матэрыялах журналістаў традыцыйных СМІ.

Навошта вядомым і паважаным журналістам рабіць сваю справу непрафэсійна? Страціць давер чытачоў так лёгка… Але MSM сканцэнтраваны ў рукох некалькіх транснацыянальных канглямэратаў і кіруючых кампаніяў, якія кантралююць тэлебачаньне, камэрцыйнае радыё і большасьць нашых газэтаў.

Блогеры ў абсалютна іншай сытуацыі: збольшага, яны — індывідуалісты, якія працуюць не за грошы і незалежна ад цэнтраў улады. У іх няма патрэбы супрацоўнічаць з палітыкамі або бізнэсмэнамі, яны проста кажуць людзям тое, што лічаць патрэбным. Яны дзеляцца хваляваньнямі, інфармуюць грамадзтва аб розных падзеях.

Не абавязкова ў іх журналісцкая адукацыя, але яны адпавядаюць журналісцкім стандартам, бо не падпарадкоўваюцца карпаратыўным босам.

Нам неабходна слухаць такіх людзей. Тое, што вартых блогаў значна болей, чым чалавек здольны прачытаць, — абнадзейваючы знак.

Натуральна, благасфэра напоўнена і бязглузьдзіцай, ці, дакладней, у ёй няма вартаўніка. Значная частка трафіку завязаная на сэксе. Таксама розныя агрэсіўныя групоўкі адкрылі для сябе інтэрнэт як цудоўную пляцоўку распаўсюджаньня сваіх дыструктыўгых ідэяў. Нават праз Вікіпэдыю можна распаўсюджваць ілжывую інфармацыю або прапаганду за кошт «мяккай» палітыкі энцыкляпэдыі.

Але якім чынам можна заняцца дасьледчымі матэрыяламі? Хаця такія праекты, як The Real News Network і ствараюць альтэрнатыву MSM, афіцыйныя СМІ часта зьяўляюцца адзінай крыніцай інфармацыі ў горадзе. Блогеры не заўсёды ўмеюць рабіць сур’ёзныя рэпартажы дый не маюць патрэбнага для гэтага абсталяваньня. Сур’ёзныя артыкулы — гэта сталая праца, якая да таго ж патрабуе і вандровак, і памочнікаў, і базаў дадзеных.

Газэты робяць 80 адсоткаў першасных рэпартажаў. І газэты ж уводзяць нас у няведаньне, часта з трагічнымі наступствамі, як гэта было з вайной у Іраку. Біл Моерс (Bill Moyers) напісаў кнігу «Пакупка вайны» (Buying the War) пра тое, як газэты, такія, напрыклад, як Washington Post, кіраваліся пажаданьнямі адміністрацыі Буша ў асьвятленьні падзеяў вакол Іраку.

Што рабіць? Зноўку раю: ідзіце ў інтэрнэт. Чытайце вялікія і маленькія артыкулы блогераў, тым больш, што яны суправаджаюцца неабходнымі спасылкамі.

У час, калі наша дэмакратыя тоне, а тон задае аркестар банальнасьці і адмаўленьня, інтэрнэт-стасункі змогуць абараніць інтэлектуальнае жыцьцё. Сеціва таксама стала шляхам, якім грамадзяне могуць аб’ядноўвацца і абменьвацца думкамі, а таксама спрыяць сацыяльным і палітычным зьменам у краіне.

SlaDa 14:55, 04/10/2007 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0666 seconds.