Мьянма: змаганьне на вуліцах і праз блогі

Аб напружаным супрацьстаяньні ў Мьянме стала вядома ўсяму сьвету. Блогеры абышлі цэнзуру і паказалі рэальную карціну ў краіне з ваеннай дыктатурай. СМІ ўжо абвясьцілі пратэсты манахаў, да якіх далучыліся і звычайныя грамадзяне, рэвалюцыйнымі. Тым часам улады блякавалі доступ у інтэрнэт, а вайскоўцы зьбіваюць дэманстрантаў.

Зараз увесь сьвет сочыць за падзеямі ў Мьянме, насельніцтва якой амаль у пяць разоў большае за беларускае. Але многія да гэтага дня і ня чулі пра гэту дзяржаву. Усё — намаганьнямі дыктатарскага рэжыму — ваеннай хунты, якая кантралюе інфармацыю аб краіне і ў краіне.

Ваенная хунта, якая прыйшла да ўлады ў 1997 і афіцыйна называецца Дзяржаўнай радаю міра і разьвіцьця, характарызуецца аўтарытарызмам, перасьледам нацыянальных меншасьцяў і адсутнасьцю свабоды СМІ.

Будыстамі зьяўляюцца 89 адсоткаў насельніцтва, у краіне налічваецца ля 400 000 будыйскіх манахаў. Зразумела, што ўплыў іх на грамадзтва вельмі істотны. Ня меншы і страх грамадзян перад ваенным рэжымам. Але калі ваенныя і духоўныя складаючыя сутыкаюцца, адбываецца выбух.

Змаганьне на вуліцах...

Так і здарылася ў Мьянме. А пачалося ўсё з эканамічнага чыньніка: у сярэдзіне жніўня хунта ўзьняла ўдвая кошт на паліва, што выклікала пратэсты. А 5 верасьня вайскоўцы ранілі некалькіх манахаў. Гэта вельмі сур’ёзнае здарэньне не магло прайсьці незаўважаным. Паколькі ўрад не прынёс свае выбачэньні, 17 верасьня манахі выйшлі на вуліцы.

22 верасьня колькасьць дэманстрантаў раўнялася ўсяго тысячы. На наступны дзень — у 20 разоў болей чалавек узялі ўдзел у шэсьці ў горадзе Янгон! Горад раней называўся Рангун, як Мьянма — Бірмаю, і зьяўляўся сталіцаю краіны. А 24 верасьня пратэсты ахапілі ажно 24 гарады.

Але самым крывавым днём стаў чацьвер. На вуліцы, па розных ацэнках, выйшлі каля 50–70 тысяч чалавек. Да манахаў далучылася вялікая колькасьць простых грамадзянаў, сярод якіх шмат студэнтаў. Пратэст пачаў жорстка падаўляцца. Былі забітыя 9 чалавек.

... і праз блогі

Адкуль гэта стала вядома сьвету? Дзякуючы інтэрнэту і энтузіязму храбрых бірманцаў, кадры масавых пратэстаў і жорсткіх распраў абляцелі плянэту. У самой Мьянме інтэрнэтам карыстаецца толькі паўадсоткі насельніцтва. Два інтэрнэт-правайдары жорстка кантралююцца ўрадам. За спробу патрапіць у сеціва, абыходзячы гэтых правайдараў, прыкладам, праз сатэліт, можна патрапіць у турму на 15 год.

Але інтэрнэт не спыніць. Папулярнасьць яго расьце. Папулярныя бірманскія блогеры, якія жывуць за мяжой, ствараюць свае сеткі інфарматараў у краіне, праводзяць інструктажы па блогаваму дысыдэнцтву

На руку інтэрнэт-партызанам і нізкі тэхнічны ўзровень кантролю з боку ўладаў: у параўнаньні зь кітайскімі, катроль вельмі прымітыўны. Напрыклад, адзін правайдар фільтруе толькі айчынныя сайты, а другі — толькі замежныя.

Людзі робяць фота на здымачы або тэлефоны і адразу зьмяшчаюць у сеціве, або адсылаюць на сайты і блогі вядомых бірманскіх дысыдэнт.

Ваенная хунта ўжо зразумела небясьпеку, якую нясе інтэрнэт, і ў прыватнасьці блогі. Але працэс распачаўся. Маніпуляцыі і пагрозы бірманцам, якія жывуць у іншых краінах, малаэфэктыўныя.

Калі кадры здарэньняў у Мьянме дасягнулі ЗША, амэрыканскі прэзэдэнт адразу адразу выказаў падтрымку народу Мьянмы, Міністэрства фінансаў уключыла 14 кіруючых асобаў, у тым ліку і Тан Швэ — кіраўніка рэжыму, у чорны сьпіс. Эўразьвяз таксама паабяцаў узмацніць санкцыі, а ААН адпраўляе ў Мьянму пасланьніка.

Пры гэтым, афіцыйныя інфармацыйныя крыніцы краіны сьцьвярджаюць: 

«Унутраная нестабільнасьць і грамадзянскія хваляваньні выкліканыя падбухторваньнямі і ілжывасьцю, якія распаўсюджваюць замежныя агітатары і СМІ.»

Тым часам кіраўнік азіяцкага аддзяленьня арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў» адзначае:

«Проста неверагодна, як шмат бірманцаў здольныя праз падпольныя інтэрнэт-сеткі перапрашляць інфармацыю! Раней інфармацыя перадавалася з рук у рукі, а зараз людзі карыстаюцца сайтамі-пасрэднікамі, такімі, як Google, YouTube і інш.»

Разумеючы небясьпеку з боку Інтэрнэту, улады перакрылі сёньня доступ у Інтэрнэт. Усе дарогі ў Янгон заблякаваныя. Людзей зьбіваюць і увозяць на грузавіках. Колькасьць дэманстрантаў памяншаецца так жа хутка, як дагэтуль павялічвалася. Сёньня ў цэнтры Янгону сабралася толькі ля дзьвюх тысяч чалавек.

Вядомыя  бірманцы

Але што б ні рабіла ваенная дыктатура Мьянмы, сьвет разумее сапраўдную карціну. Мужнасьць бірманцаў ня раз адзначалася вышэйшымі ўзнагародамі. Так, у 1991 дысыдэнтка Аўнг Сан Су Чжы атрымала Нобэлеўскую прэмію міру. Дачка знакамітага барацьбіта за незалежнасьць Мьянмы, яна ўзначальвала партыю, якая перамагла на незалежных выбарах у 1990. Вынікі выбараў былі ануляваныя хунтаю, і краіну зноў ахінула дыктатура. Аўнг Сан Су Чжы знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі, то ў турме, то пад хатнім арыштам.

Змагарка зь Мьянмы Чарм Тонг атрымала Студэнцкую прэмію міру на Міжнародным студэнцкім фэсьце ISFiT ў 2005. І гэта не адзіная адзнака такога кшталту выкладчыцы, грамадзкай актывісткі і студэнткі зь Мьянмы.

Калі вам цікавыя падзеі ў Мьянме - сачыце за блогамі. Напрыклад, за дзёньнікам Ко Хціка, вядомага бірмскага блогера, які жыве ў лёндане, але атрымоўвае дакладную і сьвежую інфармацыю з розных куткоў сваёй радзімы, каб падзяліцца ёй з намі.

Фота з блога Ко Хціка

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0624 seconds.