Азіяцкая змагарка за правы чалавека атрымала Студэнцкую прэмію міру 2007

Учора было агучанае імя новай ляўрэаткі Студэнцкай прэміі міру. У гэтым годзе ёй стала змагарка зь Бірмы Charm Tong. Яна атрымае ўзнагароду праз месяц – на Міжнародным студэнцкім фэсьце ISFiT у Нарвэгіі.

Узнагарода міра ад кампаніі Reebok

Выкладчыца, грамадзкая актывістка і студэнтка Charm Tong адукоўвае маладых уцекачоў і інфармуе сьвет пра парушэньні правоў чалавека, што адбываюцца ў яе краіне.

Charm Tong пачала працаваць у галіне правоў чалавека ў Тайляндзе, калі ёй было 16. Яна зрабіла дасьледаваньне пра ўцекачоў, з дакладам пра якое пазьней выступала перад камісіяй ААН па правах чалавека ў Жэнэве. Прадстаўнікі ваеннай хунты прысутнічалі тады пры ейным выступе таксама.

Charm Tong зьяўляецца адной з найбольш знакамітых актывістак апазыцыі Бірмы ў эміграцыі. Пра яе дзейнасьць ведаюць ня толькі ва ўсходняй Азіі, але і далёка за яе межамі. У 2005-м годзе Charm атрымала ўзнагароду міра ад кампаніі Reebok, а таксама сустракалася з прэзыдэнтам Бушам для абмеркаваньня дзейнасьці, якой яна займаецца.

У намінацыйны камітэт Студэнцкай прэміі міру ўваходзілі прадстаўнікі такіх міжнародных арганізацыяў, як Міжнародная амністыя, Чырвоны крыж, Выратаваць дзяцей і Інстытут па праблемах міру. У абгрунтаваньні ўзнагароды адзначаецца: 

Падчас канфліктаў жанчыны часта разглядаюцца выключна ў ролі ахвяраў - катэгорыі, якая таксама ўключае дзяцей. Tong сваім прыкладам паказвае, што жанчыны могуць быць моцным сродкам у пабудове міру.

­

Гераіня родам з штату Shan

Charm Tong нарадзілася у цэнтральным штаце Бірмы – Shan, дзе жывуць прадстаўнікі буйнейшай нацыянальнай меншасьці краіны, якія сыстэматычна падвяргаюцца гвалту і перасьледу з боку ваеннага рэжыму ў Бірме. Charm было ля 6 год, калі яе бацькі адаслалі яе ў каталічны прытулак на мяжы Тайланду і Бірмы, дзе яе разам з трыццацьцю іншымі дзецьмі выхоўвалі манахіні.

Дзяўчынка аддана вучылася. Charm уставала рана дзеля заняткаў па ангельскай мове, наведвала ўдзень тайскую сярэднюю школу, а ўвечары хадзіла на курсы кітайскай мовы. На выходных яна вывучала сваю родную мову - Shan. Яна таксама рана пазнаёмілася з пакутамі ўцекачоў, якія вялікімі групамі пераходзілі мяжу, каб пазьбегнуць бядноты ці перасьледу. У адрозьненьні ад іншых нацыянальных меншасьцяў Бірмы, прадстаўнікі Shan не атрымоўваюць статуса ўцекачоў у Тайляндзе і як вынік легальнай падтрымкі і абароны. Большасьць рызыкуе быць арыштаванымі, альбо выкарыстанымі ў нелегальнай працы, жанчыны трапляюць у сэкс-індустрыю.

У 16 год Charm Tong пачала працаваць у групах, што займаюцца правамі чалавека, апытваць жанчын, што трапілі ў сэкс-індустрыю, нелегальных імігрантаў, хворых СНІДам і ахвяраў гвалту.

На наступны год ад іх імя яна выступала ў Жэнэве перад камітэтам ААН па правах чалавека. І сёньня яна працягвае змагацца за іх правы.

У 2001-м  Charm заснавала школу для моладзі са штату Shan. Школа фінансуецца праз прыватныя ахвяраваньні і знаходзіцца ў арэндаваным старым будынку на поўначы Тайлянду. Школу наведваюць ня толькі студэнты з Shan, але і прадстаўнікі іншых нацыянальных меншасьцяў Бірмы - Palaung, Akha і Pa-O. З-за нявызначанага легальнага статусу народнасьці Shan дакладнае месца школы знаходзіцца ў сакрэце. Калі Charm ня ў школе, яна працуе ў невялікай жаночай арганізацыі, якая дапамагае жанчынам-ахвярам гвалту.

Што такое ISFiT?

ISFiT – Міжнародны студэнцкі фэст у Трандхайме зьяўляецца адным з найвялікшых тэматычных фэстываляў у сьвеце. Падзея адбываецца кожныя два гады з 1990-га году. Тэма фэстывалю зьмянялася на працягу яго гісторыі, але заўсёды была зьвязаная з грамадзка-палітычнымі падзеямі міжнароднага характару.

Наступны ISFiT пройдзе 16-25 лютага 2007. Асноўнай тэмай сёлетняга фэстывалю будзе глябалізацыя. У Трондхайм з гэтай нагоды зьяжджаюцца маладыя людзі з усяго сьвету.

Падчас ISFiT 2007 удзельнікі фэстывалю будуць абмяркоўваць праблемы міжнароднай палітыкі, а ўвечары ўдзельнічаць у разнастайнай культурнай праграме.

Фэстываль прыцягвае да ўдзелу фігуры сусьветнага маштабу. У сьпіс выступоўцаў мінулых фэстываляў уваходзяць Далай Лама, былы генэральны дырэктар Сусьветнай арганізацыі здароўя доктар Гро Харлем Брундтланд, ляўрэаты нобэлеўскай прэміі доктар Хасэ Рамос-Хорта і прафэсар Вангары Маатаі, і мінулы савецкі прэзыдэнт Міхаіл Гарбачоў.

Выкарыстоўваючы сучасныя тэхналёгіі былы прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан падзяліўся з удзельнікамі цырымоніі сваімі думкамі пра глябальную важнасьць  ISFiT. У арганізацыю вялізнай міжнароднай студэнцкай падзеі задзейнічаныя больш за 350 студэнтаў з Трандхайму.

Цэнтральнай падзеяй фэстывалю зьяўляецца ўзнагароджаньне ляўрэата Студэнцкай прэміі міру ў гэтым годзе. Студэнцкая прэмія міру выдаецца ад імя ўсіх студэнтаў Нарвэгіі і мае статус нацыянальнай узнагароды. Прыз выдаецца студэнту альбо студэнцкай арганізацыі, якія вылучыліся ў дзейнасьці на карысьць міру ці ў сфэры правоў чалавека.

Намінанты на прэмію трымаюцца ў строгім сакрэце, як і імя ляўрэата, якое агучваецца роўна за месяц да фэстывалю. Прэмію атрымоўвалі East Timor Student Solidarity Council (ETSSC) і Antero Benedito da Silva з Усходняга Цімора (1999); All Burma Federation of Student Unions і яе лідар Min Ko Naing зь Бірмы (2001); Zimbabwe National Students’ Union (ZINASU) з Зімбабвэ (2003); Asociacion Colombiana de Estudiantes Universitarios (ACEU) з Калумбіі (2005).

Ніколі ня будзе вядома дакладна, але ходзяць чуткі, што аднойчы за гісторыю існаваньня Прэміі беларускія прозьвішчы і назвы таксама ўзгадаваліся ў сьпісах намінацыянальнага камітэту.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0807 seconds.