Пратэсты ў Мьянме ўзнаўляюцца

Сёньня каля 100 манахаў зноўку выйшлі на вуліцы – першы раз пасьля жорсткага падаўленьня верасьнёўскай хвалі пратэстаў. А 30 кастрычніка сьвету стала вядома, што ў Мьянме прымусова забіраюць у войска дзяцей ва ўзросьце ад 10 год.

­­

Акцыі пратэсту манахаў у Янгоне мінулым месяцам былі жорстка падаўленыя ваеннымі, колькасьць загінуўшых, па меркаваньні міжнародных арганізацыяў, значна перавышае афіцыйныя лічбы. На некалькі дзён у краіне не было інтэрнэту, манахам не дазвалялася выходзіць на вуліцы.

Сьвет адразу адгукнуўся на гэтыя падзеі, у тым ліку і дзякуючы Інтэрнэту. ЗША і Эўразьвяз узмацнілі санкцыі супраць Мьянмы. 4 кастрычніка быў аб’яўлены Днём салідарнасьці зь Мьянмай у інтэрнэце.

Але, падаецца, што істотна сытуацыю ў краіне могуць зьмяніць толькі яе жыхары. Гэтая сотня манахаў на вуліцах гораду Пакоку, магчыма, распачне новую хвалю змаганьня.

А ў аўторак праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch апублікавала даклад, згодна якому ў Мьянме вайскоўцы прымусова набіраюць у войска дзяцей, пачынаючы з 10 год.

Афіцыйна ў войску Мьянмы служаць з 18 год. Але паводле сьведак, дзяцей проста хапаюць на вуліцах, пазначаючы ў дакумэнтах ілжывыя дадзеныя пра іхні ўзрост.

Хутка Рада Бясьпекі ААН вернецца да разгляду сытуацыі з правамі чалавека ў Мьянме, дзе ў вязьніцах дагэтуль знаходзяцца тысячы затрыманых падчас верасьнёўскіх пратэстаў. Праваабарончая арганізацыя заклікае таксама разгледзіць і пытаньне прымусовай службы ў войску дзяцей.

SlaDa 15:08, 31/10/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2072 seconds.