2008 год абвешчаны Міжнародным Годам Бульбы

У Менску так і не паставілі помнік бульбе, але наш «другі хлеб» не застанецца без увагі: ў межах Году бульбы ААН праводзіць конкурс фотаздымка і малюнка. Жадаеце ўшанаваць «сымбаль беларусаў» - чытайце ўмовы і ўдзельнічайце ў конкурсе, тым больш што прызы абяцаюць каштоўныя.

­

22 сьнежня 2005 Генэральная Асамблея ААН абвясьціла 2008 год Міжнародным годам бульбы. Пры прыняцьці гэтага рашэньня, Асамблея пацьвердзіла неабходнасьць:

«Засяродзіць увагу сусьветнай суполкі на той ролі, якую можа адыгрываць бульба ў забесьпячэньні харчовай бясьпекі насельніцтва сьвету і ў дасягненьні ўзгодненых на міжнародным узроўні мэтаў у сфэры разьвіцьця, сфармуляваных у Дэклярацыі тысячагодзьдзя.»

З улікам важнасьці культуры бульбы для насельніцтва Рэспублікі Беларусь, якая ўваходзіць у дзесятку вядучых вытворцаў гэтага прадукту харчаваньня, а таксама традыцыйнага стаўленьня беларусаў да бульбы як да «другога хлеба», Прадстаўніцтва ААН вырашыла правесьці шэраг мерапрыемстваў, якія адзначаць дадзены Год.

Сярод іх – правядзеньне адкрытага арт-фэстываля, у межах якога адбудуцца конкурсы фотаздымкаў і малюнкаў.

Пераможцы конкурсаў атрымаюць каштоўныя прызы ААН. Па выніках будзе праведзены шэраг выставаў лепшых працаў, якія патрапяць на памятны каляндар 2008.

Нагадаем, што два гады таму ў сталіцы Беларусі мусілі ганарова адкрыць памятнік бульбе з нагоды сьвяткаваньня 150-й гадавіны збору першага ўраджаю. Аднак адкрыцьцё манумэнту пад урачыстыя сьпевы адмыслова напісанага да гэтага дню «Гімну бульбе» так і не адбылося.

Зь ідэяй манумэнта выступіла газэта «Рэспубліка» – і памятнік мусіў быць народным, за народныя грошы. А тут пачаліся нейкія непаразуменьні: камэрцыйная фірма ўзялася за выраб вялікай бульбіны, што супярэчыла народнай ідэі манумэнта.

А радаваць вока вялікая бульбіна – «сымбаль беларускага народу» – мусіла не дзе-небудзь, а на праспэкце Пераможцаў. Пакуль на Машэрава ніякіх манумэнтаў расьлінам альбо прадуктам харчаваньня не назіраецца, а размовы пра гэта паціху змоўклі.

Дарэчы, ня толькі беларусаў называюць «бульбашамі»: існуе стэрэатып і наконт бэльгійцаў, нібыта яны ўвесь час ядуць бульбу-фры. Менавіта ў Бэльгіі ўпершыню падсмажылі танюткія кавалачкі бульбы. Сакрэт хрумсткай скарыначкі ў тым, што бульбу трэба добра прасушыць, потым абсмажыць сем хвілін, даць астыць, а потым абсмажыць яшчэ раз.

Па сьвеце гуляе шмат показак пра любоў бэльгійцаў да бульбы-фры:

«Як пазнаць маленькага бэьгійца ў дзіцячым садку? Толькі ў яго будзе ў рукох цацка ў выглядзе кавалачка смажанай бульбы.»

Тыя, каго ўсё вышэйсказанае натхніла на творчыя подзьвігі, могуць узяць удзел у конкурсе малюнка і фотаздымка ААН, адзінае абмежаваньне – ўзрост да 25 год.

Умовы конкурсу

Прымаюцца фотаздымкі не налепленыя на паспарту, памерам ад 20х30 да 30х45 см і малюнкі памерам ня менш 30х42 і ня больш 60х80 см, не аформленыя ў рамы і ў паспарту. Кожная праца мусіць быць падпісаная з адваротнага боку (прозьвішча, імя, імя па бацьку, узрост, навучальная ўстанова, кіраўнік).

Крытэры ацэнкі:

  • Арыгінальнасьць;
  • Адпаведнасьць тэме;
  • Тэхніка выкананьня.

Да 31.10.2007 працы мусяць быць адпраўлены па адрэсе: Менскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, выставачная заля, Старавіленскі тракт, 41, г. Менск, 220053.

5.11.2007 Журы конкурсу вызначыць пераможцаў (па тры месцы ў дзьвюх намінацыях).

Ну а напрыканцы пройдзе выстава і ўзнагароджаньне пераможцаў:

10.09.2008 Адкрыцьцё выставы ў выставачнай залі МДПДіМ.

Выстава будзе працаваць з 10.09.2008 да 31.11.08.

SlaDa 12:30, 30/08/2007 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0853 seconds.