Беларус, які абагнаў усіх мультыплікатараў сьвету на некалькі дзесяцігодзьдзяў

8 жніўня споўнілася 125 год з нараджэньня родапачынальніка сусьветнай анімацыі. Беларус Уладзіслаў Старэвіч, пра якога Ўолт Дыснэй некалі сказаў, што ён абагнаў усіх мультыплікатараў сьвету на некалькі дзесяцігодзьдзяў, у пачатку мінулага стагодзьдзя першым у сьвеце пачаў рабіць фільмы ў тэхніцы лялечнай анімацыі.

Уладзіслаў Старэвіч у дзяцінстве захапляўся дзьвюма рэчамі - энтамалёгіяй і фатаграфіяй. Пад час навучаньня ў школе Старэвіч рабіў чучалкі ўсялякіх казурак і штучныя макеты, якія не магчыма было адрозьніць ад чучалак з жывых казурак. Таксама ён фатаграфаваў горад, у якім жыў – Коўна.

Пасьля школы хлопец пайшоў працаваць у мясцовы краязнаўчы музэй і падарыў яму два сваіх альбомы з фотаздымкамі навакольля. Дырэктар музэя настолькі ўразіўся таленавітасьці маладога Старэвіча, што прапанаваў яму паздымаць з дапамогай музэйнай кінакамэры. Так зьявіўся першы фільм Старэвіча «Над Нёманам».

Уладзілаў захоплены магчымасьцямі кіно едзе ў Маскву, дзе пачынае супрацоўніцтва зь мясцовым кінапрамыслоўцам А.Ханжонкавым.

Такім чынам, Уладзілаў Старэвіч робіцца першым рэжысэрам дакумэнтальных фільмаў аб казурках. Аднойчы пры здымках чарговага фільма, ён пажадаў адлюстраваць бойку жукоў, але ж тыя пры яркім сьвятле сафітаў дранцьвелі і абсалютна агідна гралі. Тады Старэвіч, узяў гэтых жучкоў і ператварыў іх у чучалкі. Атрымаліся лялькі, якіх ён пачаў пакадрава здымаць.

Так фільм пра жукоў-рагачоў «Lucanus Cervus» у 1910 годзе стаў першым ў сьвеце лялечны мультом. А далей панеслася! Такія фільмы карысталіся ў гледачоў Расеі, Эўропы і Амэрыкі шалёным посьпехам. Многія пры гэтым думалі, што Старэвіч нейкім чынам дрэсіруе казурак.

Напрыклад, Лёнданская газэта «Evening News» пісала:

«Як усё гэта зроблена? Ніхто з тых, хто бачыў карціну ня можа растлумачыць. Калі жукі дрэсіраваныя, то дрэсіроўшчык іх павінен быў быць чалавекам чароўнай фантазіі і цярпеньня. Што дзеючыя твары менавіта жукі, гэта выразна відаць пры ўважлівым разглядзе іх зьнешнасьці. Як бы тое ні было, мы сутыкнуліся зь вельмі дзіўнай зьявай нашага стагодзьдзя…»

Акрамя лялечных мультоў Старэвіч здымаў ігравыя фільмы з акторамі. Напрыклад, першую экранізацыю «Ночы перад Раством» па Гогалю. У сваіх фільмах ён першы ў сьвеце пачаў выкарыстоўваць спэцэфэкты, ужываючы накладаньне на звычайны кадр анімацыі.

У 1919 Уладзіслаў Старэ­віч эміграваў у Францыю, дзе працягваў працу.

За сваё жыцьцё ён наздымаў шмат розных фільмаў і мультоў. Яго творы карысталіся посьпехам і атрымлівалі міжнародныя ўзнагароды, але мастак ня змог, на жаль, паставіць сваю творчасьць на добрыя камэрцыйныя рэйкі і памёр урэшце ў 1965 годзе амаль жабраком.

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0593 seconds.