«Жудзікі»: выйшла новая серыя інтэрактыўнага мультфільма «Спальны раён»

Квартал «Жудзікі» размясціўся недзе непадалёк ад цэнтру раёна. Цёплым восеньскім вечарам у прывакзальных вежах-блізнятах неспакойна. Суседзі з трэцяга паверху зноў кагосьці затапілі, ніжэй усю ноч шыпіць тэлевізар. Госці з Усходу паляць у вакно. Пілікае сігналізацыя на мётлах. Дворнік абараняе лісце ад мінакоў. А начнік на куце спрабуе дажыць да світанку. «Жудзікі» — трэцяя серыя інтэрактыўнага мультфільма «Спальны раён» пра святочныя прыгоды людзей з прыкметамі штовечаровай урбанізацыі на тварах.

Серыя інтэрактыўных мультфільмаў, якая распавядае пра казачныя асаблівасці вялікага гораду ў цэнтры Еўропы, стартавала ў лютым 2011 году на City.generation.by.

У першым выпуску праз клікі па экране можна намацаць пікантныя падрабязнасці кахання ў шматпавярховіках. Недзе паміж студэнтамі ды адстаўным міліцыянерам у вялікім доме бавіць час пару жырафаў.

Другі дом трапіў на экраны ў час навагодніх клопатаў сваіх жыхароў, што праводзілі крызісны 2011 год. Нычкі з грэчкай, паці пад Ляпіс Трубяцкой, АМАП у сумётах — свята выйшла някіслым.

У новым казачным мультфільме ў цэнтры падзеяў ізноў святочная ноч. Квартал чакае світанку ды рыхтуецца да Хэлоўіна пад музыку гурта Нагуаль, пакуль у начнік шпацыруюць «Рабяты з бадунца» Лявона Вольскага.

Стварае і ажыўляе інтэрактыўны горад ілюстратарка Воля Кузьміч. 

Завітаць у «Спальны раён»:
І не забудзься ўключыць гук!


Ягор Канапкін 14:00, 30.10.2013 | ПраВакацыі |




comments powered by Disqus
 
In 0.0771 seconds.