Выкладчыкі ўнівэрсытэтаў Грэцыі пагадзіліся спыніць страйк

Выкладчыкі грэцкіх унівэрсытэтаў спыняць страйк, які цягнецца з пачатку 2007 года, абвясьціў у пятніцу прафсаюз унівэрсытэцкіх працаўнікоў Грэцыі (POSDEP). Забастоўка будзе спыненая пасьля 28 сакавіка - на гэтую дату заплянаваныя чарговыя масавыя выступы супраць рэформы вышэйшай адукацыі, якая прапануецца ўрадам.

Нягледзячы на тое, што выкладчыкі пагадзіліся вярнуцца ў аўдыторыі, вялікая частка з прыкладна чатырохсот факультэтаў грэцкіх ВНУ па-старому "захопленая" бунтуючымі студэнтамі, так што заняткі там па-старому праводзіцца ня будуць.

Частка выкладчыцкай і студэнцкай супольнасьці пратэстуе супраць праекту змяненьня артыкула 16 Канстытуцыі Грэцыі, якая абвяшчае вышэйшую адукацыю манаполіяй дзяржавы.

Выкладчыкі й студэнты лічаць, што са скасаваньнем гэтага артыкула вышэйшая адукацыя камэрцыялізуецца, а колькасьць працоўных месцаў ва ўнівэрсытэтах скароціцца.

Урад ня змог правесьці канстытуцыйную рэформу ў парлямэнце, не сабраўшы неабходнай большасьці. Аднак быў прыняты новы рамкавы закон аб вышэйшай адукацыі, таксама непапулярны ва ўнівэрсытэцкім асяродьдзі. Гэты закон, у прыватнасьці, усталёўвае лімітавыя тэрміны навучаньня ў ВНУ і спрашчае паліцыі доступ на тэрыторыю ўнівэрсытэтаў, якія зараз карыстаюцца правам экстэрытарыяльнасьці.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0978 seconds.