Кававыя пратэсты і галюцынацыі

Жыхары Афін правялі акцыю пратэсту супраць завышаных, на іх думку, коштаў на каву ў кавярнях цэнтру сталіцы. Арганізатары акцыі з дапамогаю сацыяльнай сеткі Facebook прапанавалі жыхарам Афін ігнараваць дарагія кавярні і не наведваць іх на працягу аднаго з сонечных вясеньніх дзянькоў.

Арганізатары адправілі дзесяткі тысяч лістоў па электроннай пошце з заклікам да жыхароў сталіцы Грэцыі праявіць салідарнасьць і не наведваць кавярні ў нядзелю, паведамляе  KAΘHMEPINH. На думку арганізатараў акцыі, уладальнікі кавярняў неабгрунтавана завышаюць кошты на каву. Да групы ў сацыяльнай сетцы далучыліся каля 13 тысяч карыстальнікаў.

Сярэдні кошт кавы ў Афінах каля 2 эўра, а ў цэнтры можа даходзіць і да 4. У Барсэлёне за кубачак кавы вы аддасьцё 95 эўрацэнтаў, у Бэрліне — 1.80 эўра, а ў Лёндане — 1 эўра.

Уладальнікі кафэ сьцьвярджаюць, што кошт кавы павялічыўся з-за падвышэньня арэнднай платы і павелічэньня падаткаў. Аднак гэтыя аргумэнты не прымаюцца арганізатарамі акцыі, бо, як яны адзначаюць, уладальнікі кавярняў у замежжы апынуліся перад тымі ж праблемамі, але кошты на каву застаюцца ранейшымі.

Як адзначае блог howdoesthattaste.com, кавярні ў Афінах больш нагадваюць вырай на зямлі, бо ў іх наведвальнікі плацяць не за каву, а за крэсла ў кавярні. Такім чынам, кожны можа прасядзець паўдня з газэтай альбо кнігай толькі за адзін кубак кавы.

Кававыя баталіі выглядаюць даволі дзіўнымі, асабліва на фоне бясконцых заяваў навукоўцаў пра шкоднасьць напою. Вось і цяпер навукоўцы з Унівэрсытэту Дарэма апублікавалі вынікі дасьледаваньня, згодна зь якім аматары кавы ня толькі больш жвавыя і бадзёрыя па жыцьці, а яшчэ й часьцей бачаць галюцынацыі.

Таму, калі вы рэгулярна бачыце рэчы, якіх няма, альбо чуеце цікавыя галасы, не сьпяшайцеся сьпісваць свой розум. Проста адмоўцеся часова ад кавы і выпраўцеся ў адпачынак. Напрыклад, у Афіны.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1315 seconds.