У Грэцыі разгарэлася дыскусія наконт аб’ектыўнасьці падручніка па гісторыі

Пад націскам акадэмічнай супольнасьці і царквы ў Грэцыі перапісаны падручнік гісторыі для шостай клясы сярэдняй школы. Спрэчкі разгарнуліся наконт «гістарычнай праўды» ў адлюстраваньні грэцка-турэцкай вайны і іншых пытаньняў найноўшай гісторыі Грэцыі.

Як паведаміла міністар адукацыі і спавяданьняў Грэцыі Марыета Янаку, аўтары кнігі прызналі шэраг памылак у першапачатковым тэксьце і выправілі іх. Цяпер падручнік накіраваны ў тыпаграфію, каб трапіць у школы да пачатку навучальнага году.

«Нашым галоўным клопатам у дадзеным выпадку было адлюстраваньне гістарычнай праўды,» – удакладніла міністар.

Гэты падручнік плянавалася пачаць выкарыстоўваць яшчэ вясной гэтага году. Але лібэральная акадэмічная супольнасьць і кансэрватыўная Эладзкая праваслаўная царква з розных прычынаў выказаліся супраць. Пачалася шырокая дыскусія.

Аўтары падручніка былі супраць зьменаў тэксту і сьцьвярджалі, што гэта парушыць свабоду іх дасьледніцкай творчасьці. Іншы бок вінаваціў аўтараў у залішняй паліткарэктнасьці і лакіроўцы складаных старонак найноўшай грэцкай гісторыі.

Лібэральныя прафэсары лічылі, што ў кнізе надта расплывіста апісаныя падзеі грэцка-турэцкай вайны 1922 года, калі пасьля разгрому экспэдыцыйнага грэцкага войска ў Малой Азіі пачаўся хваравіты працэс абмену насельніцтвам паміж двума краінамі. Тады з Турцыі беглі каля паўтара мільёна грэкаў. Грэкі таксама былі выселеныя з буйнейшага горада Сьмірна (Ізьмір). Гэтыя падзеі ў Грэцыі называюць Малаазіяцкай катастрофай.

Аўтары ж падручніка гэтыя падзеі апісалі адным выразам – «грэкі таўкліся ў парту». Міністар адукацыі зазначыла, што гэты выраз прыбралі з канчатковага тэксту.

Узьнікла праблема і з грэцкай царквой наконт падзеяў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1821 года, калі грэкі ўступілі ў барацьбу з Асманскай імпэрыяй за сваю незалежнасьць. Царква заяўляе, што сьвятары ня былі апартуністамі, якія ішлі на кампраміс з атаманскімі ўладамі, а, наадварот, ішлі ў першых шэрагах паўстаньня.

Праблемы ў падручніка ўзьніклі і на Кіпры, дзе яго таксама адмовіліся выкарыстоўваць. Справа ў тым, што аўтары падручніка называюць сучасны стан падзеленага між грэкамі і туркамі вострава «кіпрскім пытаньнем» замест агульнапрынятага выразу «кіпрская праблема».

Зараз падручнік накіраваны на друк, але дыскусія вакол яго ўсё яшчэ працягваецца. Міністар дадала, што калі пярэчаньні супраць зьместу кнігі будуць працягвацца, міністэрства можа абвясьціць новы конкурс на напісаньне падручніка гісторыі для шостай клясы сярэдняй школы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0762 seconds.