Замест Vodar Susviet на дыстанцыю "Адборышча-2006" выходзіць WANTED!

Vodar Susviet  - другая каманда зь ліку абраных журы 16-ці гуртоў для ўдзелу ў паўфінале "Басовішча", якая ня здолее выступіць на "Адборышчы" 9 чэрвеня ў "DREAMLAND". На дыстанцыю выходзіць берасьцейская каманда Wanted!, якая была пад нумарам два ў сьпісе гуртоў на лаўцы запасных. 

Нагадаем, што абавязковай умовай удзелу ў адборачным туры была наяўнасьць штампіку ў пашпарце, што дазваляе выезд за мяжу. На жаль, магілёўскі гурт Vodar Susviet ня выканаў гэтай умовы - штампікаў ані ў кога з музыкаў не аказалася. За гэта VS і быў дыскваліфакаваны.

Сяржук Завадзкі, лідэр гурта: "Безумоўна, крыўдна, што ўжо другі год запар ня можам трапіць на БАСы (у мінулым годзе музыкі прайшлі адборачны тур, але ня здолелі выступіць у Польшчы, бо Сяржука забралі ў войска - К.С.). Але мы асабліва не сумуем - напрыканцы года зьбіраемся выдаваць альбом. Будзем рэпэтаваць, ладзіць канцэрты. Праспалі мы з гэтымі штампікамі. Вельмі шкада, тым больш, што ў наступным годзе мяне ізноў забіраюць у войска."

На адмысловай сустрэчы журы адборачнага туру Басовішча 1-га чэрвеня з сьпісу 37 гуртоў былі абраныя 16, якія і выступяць 9-га чэрвеня ў парку сучасных забаваў DREAMLAND. Таксама была сфармаваная так званая лаўка запасных з чатырох камандаў: Soulsides, Wanted!, S.D.M., Sok. Гэтыя груты набралі ўсяго на 1 голас меней, чым гурты ў шчасьлівай 16-цы. Гурт Soulsides далучаецца да ўдзельнікаў "Адборышча-2006", паколькі магілёўская "Авангардшкола" ня здолее выступіць па прыватных прычных.

Лаўка запасных уведзеная арганізатарамі з улікам складанасьцяў, зь якімі сутыкаліся арганізатары папярэдніх адборачных тураў - незаўсёды ўсе абраныя гурты могуць выступіць на сцэне па розных прычынах - у такім выпадку цяжка аб'ектыўна абраць іншую каманду на месца той, якая ня можа выступіць. Таму сёлета і існуе "лаўка запасных", дзе гурты разьмешчаныя па рэйтынгу галасоў, атрыманых сябрамі журы пры праслухоўваньні дэма-запісаў.

Ітак, на сёньня сьпіс удзельнікаў адборачнага туру "басовішча-2006" выглядае наступным чынам: Band A, Голая MaNaшка, Erectus, ZigZag, Krok, Lilith, Людзі сьвятла, Nevma, Nothing to lose, Parason, ReliKt, РоСтра, SKA!RB, Termin X, Soulsides, Wanted! 

9 чэрвеня ў парку "DREAMLAND" а 17:00 распачнецца "Адборышча-2006", на якім сябры журы і абяруць 9 камандаў для ўдзелу ў фінале "Басовішча" 21-22 ліпеня ў Гарадку (Польшча). Яшчэ адзін гурт далучыцца да фіналу па выніках галасаваньня на "Тузіне гітоў", якое працягнецца да 8 чэрвеня да 15:00. 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1452 seconds.