Сяргей Міхалок: «Дзякуй, што далі нам магчымасць вярнуцца і ўсё выправіць»

«Так они же написали гимн этому… Красному серпу, ой, …Правому сектору, — тогда понятно», — разважаюць хлопец і дзяўчына з Вільнюса, што падзарабляюць на падвозе беларусаў, якія прыехалі на апошні канцэрт «Ляпіса Трубяцкога». Перад гэтым пара выказала цвёрдую версію, што Міхалок абавязкова, «як Ала Пугачова», будзе яшчэ не аднойчы ладзіць развітальныя канцэрты, і вельмі здзівілася расповедам пра тое, што Ляпісы апынуліся пад пагрозай забароны не толькі ў Беларусі, але і ў Расеі.

У лістападзе 2013 гэтаксама тысячы беларусаў ехалі праз мяжу Еўрасаюза, каб пабачыць выступ Сяргея Міхалка і яго Crew з эксклюзіўнай праграмай «Грай». Той канцэрт надзвычай уражваў маштабам і ствараў пачуццё гістарычнай падзеі. Паралельна сапраўды гістарычныя падзеі пачыналіся на поўдні ад Вільні-Менску — у Кіеве прэзідэнт Януковіч аддаў фатальны для сябе загад разагнаць пратэстную акцыю рамантычных студэнтаў. Глыбокай ноччу ў чарзе на мяжы па дарозе на канцэрт хто-ніхто з беларусаў чытаў і абмяркоўваў у аўтобусе сумныя навіны з Кіева: «Брутальна разагналі», «Майдану больш няма». Настрой пераклікаўся з датай 20 снежня 2010 года. Але, калі раніцай тысячы беларусаў акупоўвалі сталіцу суседняй краіны, каб пабачыць там выступ беларускага гурта, сотні тысяч украінцаў збіраліся прыйсці ў цэнтр Кіева, каб пачаць новую старонку гісторыі сваёй краіны.

На наступны дзень пасля таго віленскага канцэрту каментар дырэктара Ляпісаў Яўгена Калмыкова пра тое, што новы альбом гурта пасля беларускамоўнага дыску «Грай» будзе цалкам «рускім» і прысвечаны будзе Расіі, гучаў нібы жарт. 

Але праз некалькі месяцаў Ляпісы распаўсюдзілі жорсткі маніфест «Намі кіруюць бандыты і гэбісты» і сапраўды выпусцілі свой самы рускі альбом, без жартаў. 

Тым часам, пакуль «Ляпіс Трубяцкі» складаў радкі маніфеста «Мы не хочам, каб намі кіравалі крамлёўскія тэхнолагі… Няхай матрошка зноў радуе сваёй усмешкай людзей на ўсёй планеце! Патушым агонь новай халоднай вайны ў зародку, пакуль не стала занадта позна», у Крамлі старанна запіхвалі ў матрошку «зялёнага чалавечка».

«Свежы вецер»

На апошнім выступе ў Вільні Сяргей Міхалок выглядаў усё такім жа энэргічным байцом і прафесійнасць амаль схавала пачуццё эмацыйнай стомленасці, якое ледзь-ледзь чыталася са сцэны. Але праз 7 год пасля выхаду кліпа «Капітал», з якім новы Ляпіс уварваўся некалі ў галовы сотняў тысяч людзей, адчуваецца, што Сяргей Міхалок даказаў сабе нешта вельмі важнае і супакойваецца.

«Мы — заводские ребята, но мы соберем стадионы», як мантра гучалі гэтыя словы цягам некалькіх гадоў на канцэртах «Ляпіса Трубяцкога». Доўгі час пасля пераўвасаблення Міхалок са сцэны гаварыў выключна завучанымі вершамі. Сёй-той нават кпіў, што выступы Ляпісаў паўтараюць сябе адзін у адзін на 100% у розных гарадах не толькі музычнай праграмай, але і ідэнтычнымі прамовамі Міхалка са сцэны. Таму кожнае нечаканае слова, хоць крыху падобнае на імправізацыю публіка лавіла адразу ж. Лістападаўскі канцэрт 2013 года «Грай» быў надзвычай поўны такімі сцэнамі. Міхалок нават выбачаўся за сваю гаварлівасць. Але гэтым разам усё было іначай, і лідэр «Ляпіса Трубяцкога» размаўляў не шмат.

У штурханіне цеснай для маштабаў Ляпісаў пляцоўкі клуба Loft мала хто звярнуў асаблівую ўвагу на словы Міхалка «Дзякуй, што далі нам магчымасць вярнуцца і ўсё выправіць», кінутыя перад музычным баявіком «Belarus Freedom». Але падобна, што гэтыя словы былі вызначальнымі на канцэрце. У 2010 годзе ў інтэрв’ю часопісу «Русский Newsweek» Сяргей Міхалок распавёў, што на прэзентацыю альбома «Золотые яйцы» 2004 году прыйшлі калісьці толькі 30 чалавек. Гурт тады ўспрымалі ў адным шэрагу з эстраднымі героямі РФ кшталту «Отпетые мошенники», не гледзячы на апраўданні Міхалка пра тое, што папса ў іх выкананні — гэта іронія. Цёмныя часы для гурта скончыліся толькі праз некалькі год з выпускам абсалютна новага дыску «Капітал», і «Ляпіс Трубяцкой» змог вярнуцца на вялікую сцэну, каб урэшце збіраць стадыёны і пісаць прароцтвы ў тэкстах.

Правы сектар Алы Пугачовай

Песня «Воины света» з рускага альбому «Матрёшка», якую верагодна і мела на ўвазе пара з Літвы ў спробе разабрацца, чаму ж Ляпісаў могуць забараніць у Расеі, сапраўды стала неафіцыйным гімнам рэвалюцыйных пераменаў. Адначасова з няменшым поспехам крамлёўскія паліттэхнолагі зрабілі чырвонай анучай для тых, хто баіцца пераменаў, выраз «Правы сектар». Дзіўна, але ў прамежку паміж гэтымі рэальнасцямі таксама жывуць людзі і там у іх свядомасці «Правы сектар» пераўтвараецца ў «Красный серп», а Міхалок стаіць з рупарам недзе побач, да таго ж у вобразе Алы Пугачовай.

У апошняй песні альбому «Матрёшка», ад якой атрымаў назву развітальны тур «Ляпіса Трубяцкога», Міхалок спявае: «Цирк уехал, клоун остался». Не гледзячы на шматлікія прароцтвы тэкстаў альбома, з гэтай песняй, здаецца, усё выйшла наадварот: цырк усё яшчэ застаецца тут, але «Клоуна нет».

Таксама: Фотаздымкі з развітальнага канцэрта «Ляпіса Трубяцкога» ў Вільні


Юра Сідун 16:00, 25.08.2014 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0443 seconds.