Дзень роднай мовы ў Байнэце

Відэа-праекты, петыцыі ў Каліфорнію і флэшмобы, адмысловыя хэш-тэгі і плэеры — у гэты дзень у Байнэце беларускай было нашмат болей, чым звычайна. Мы агледзелі некалькі найбольш заўважных з'яваў, якія зрабілі гэты дзень для карыстальнікаў Сеціва троху адрозным ад іншых датаў. 


Петыцыі да Google і Apple 

Рыхтавацца да Дня роднай мовы карыстальнікі Байнэту пачалі яшчэ за некалькі тыдняў. Аматары смартфонаў падрыхтавалі петыцыю са зваротам да кампаніі Google з патрабаваннем распрацоўкі для аперацыйнай сістэмы Andкoid беларускамоўнага інтэрфейсу. За некалькі дзён петыцыю падпісалі амаль 4 тысячы чалавек. Пазней з’явіўся варыянт петыцыі і для айфонаманаў прадукцыі кампаніі Apple, які, аднак, аказаўся пакуль не такім папулярным.

#mova21 

У Twitter з нагоды свята паўстаў нават адмысловы тэг #mova21. Карысталіся ім пераважна беларускамоўныя медыі, але і расейскамоўныя калегі не адсталі. Да прыкладу, Твітэр сайту it.tut.by раптоўна перайшоў на беларускую і без усялякіх тэгаў посціў усе навіны tut.by па-беларуску. Праўда, на самім сайце мова паведамленняў аказалася стандартнай. Галоўная старонка парталу атрымала святочную стужку ў выглядзе арнаменту і музычны плэер, які граў выключна беларускамоўную музыку такіх гуртоў, як N.R.M. і «Ляпіс Трубяцкой».

Тым часам у Твітэры з «святочным» хэштэгам посцілі навіны пра скульптара, якога затрымалі пасля невялікага пікету ў падтрымку беларускай ля школы, дзе вучацца ягоныя дзеці. А яшчэ жадалі роднай мове здароўя і крытыкавалі за яе няведанне рэктара БДУ, заклікалі «рабіць фотаздымкi цiкавых кнiг» з адпаведным хэштэгам.

Адным з найбольш прадуктыўных твітэр-карыстальніц аказалася «Арт-Сядзіба», якая прапанавала не толькі тэг #mova21, але і паглыбіцца ў флэш-моб «Пакінь кнігу на беларускай мове ў грамадзкім транспарце». Кніжкі рэкамендавалася не толькі «забываць» у грамадскіх месцах, але і фатаграфаваць вынікі сваіх учынкаў.

«Ліст з-пад Шыбеніцы» 

Кампанія «Будзьма разам» сабрала цэлую калекцыю відэазапісаў, у якіх майстры слова на розны лад чыталі знакаміты «Ліст з-пад Шыбеніцы» Каліноўскага. Запісы былі збольшага заточаныя пад дыктоўку, традыцыя якой існуе апошнія 6 гадоў.

0.2% 

Кампанія БелаПАН у сваім стылі вырашыла нагадаць пра сумныя лічбы, прысвечаных не святу, а хутчэй, памінкам. Інфаграфіка БелаПАН распавяла пра тое, што толькі 0.2% студэнтаў вучацца па-беларуску, і што толькі 17% пэрыядычных выданняў выходзіць на беларускай мове.

Журналіст і вядомы даследчык статыстыкі Віктар Малішэўскі таксама падрыхтаваў некалькі лічбаў пра беларускую мову. І гэтым разам па-беларуску.

«Дома на матчынай мове размаўляе кожны чацверты беларус, — піша Малішэўскі ў Facebook. — У хатах мінчукоў руская мова гучыць больш за беларускую. Але, з 22 тысяч расіян, якім беларуская мова родная, 2/3 карыстаюцца [ёй] дома. Параўнайце з беларусамі».

«Тры чарапахі» 

А студэнт і фатограф Аляксей Нарко цэлы год выношваў праект, праз які 8 замежнікаў самых розных нацыянальнасцяў і колераў скуры, заспявалі па-беларуску «Тры чарапахі» Лявона Вольскага. Аднак болей праглядаў набралі ўсё ж тыя, для каго беларуская аказалася ў большай ступені роднай. Відэа-праект Белсату «Дзеткі на Дзень роднай мовы», у якім 2-3-гадовыя дзеткі чытаюць верш Ларысы Геніюш «Сёння на пласе родная мова», разышоўся па сацыяльных сетках яшчэ за некалькі дзён да Дня мовы. Мова абодвух праектаў, дарэчы, аказалася надзвычай своеасаблівай, што зрабіла іх бясконца мілымі.

Няродная мова 

У Дзень роднай мовы Generation.by працягнуў публікацыю серыі партрэтаў маладых людзей з розных краінаў свету, якія вывучылі, або вывучаюць няродную для сябе беларускую мову. Гэтым разам бельгіец распавёў, што «Глядзець "Pulp Fiction" па-беларуску — гэта вялізная асалода».

Ужо праз некалькі гадзін Дзень роднай мовы скончыцца, і мы будзем гэтак як і раней жыць ва ўяўным двухмоўным грамадстве з безумоўным дамінаваннем той з іх, якую большасць беларусаў нягледзячы ні на што не лічаць роднай. У любым разе, як тое заўважыў кіраўнік БелаПАН Алесь Ліпай, Дні роднай мовы складаюць толькі 0.27% ад колькасці каляндарных.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2264 seconds.