Каля 2 тысячаў чалавек за дзень запатрабавалі беларусізацыі Андроід

Беларусам моцна не хапае беларускай мовы. У іхніх смартфонах. Прага беларускай нечакана вылілася ў петыцыі з просьбай да карпарацыі Google дадаць «паўнавартасную беларускую мову» ў прылады на базе аперацыйнай сістэмы Android.

Аўтар петыцыі Анатоль Таранаў піша, што цяпер ва ўсіх Android-прыладах для Беларусі пазначаная расейская мова.

«Але я і многія мае сябры хацелі б бачыць паўнавартасны беларускую мову. Гэтым вы дапаможаце захаваць нашу мову, якая мае статус другой дзяржаўнай і моцна выцясняецца рускай», — піша па-расейску Анатоль Таранаў.

Петыцыя ў падтрымку беларускай, размешчаная на спецыялізаваным партале change.org, таксама дарэчы складзеная па-расейску. Яе лаканічны змест складаецца з 10 словаў. Іх разам з электроннымі подпісамі беларусаў (мэта — 10 тысячаў) аўтар збіраецца накіраваць у Крэмніевую даліну ў офіс Google.

Гледзячы па ўсім, мэта Анатоля можа быць дасягнутая ўжо праз некалькі дзён. Бо толькі за сёння пад петыцыяй паставілі подпісы прыкладна 2 тысячы чалавек. Пераважна, беларусаў, матывацыя якіх, гледзячы па каментарах на сайце, зводзяцца прыкладна да наступнага сцверджання:

«Я беларус, і мая мова беларуская. І я жадаю карыстацца сваім тэлефонам на роднай мове».

Паводле дадзеных сайту ranking.by, у канцы 2012 году ў Беларусі болей за 90 тысячаў чалавек заходзілі ў Інтэрнэт праз планшэты, смартфоны і іншыя прылады на базе аперацыйнай сістэмы Android.

На 21:11 19 лютага 1 996 чалавек паставілі подпісы пад петыцыяй. 

UPD1 Пакуль рыхтавалася гэта паведамленне, за петыцыю падпісалася болей за 100 чалавек...

UPD2 Тым часам з'явілася петыцыя да кампаніі Apple з просьбай дадаць беларускую мову ў спіс моў на iOS і OS X, каб і ўладальнікі Айфонаў атрымалі магчымасць пісаць па-беларуску. Падпісацца можна тут.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0694 seconds.