Аляксандр Васюковіч. Поспех — калі абмяркоўваюць не здымкі, а тэму, якую ты закрануў

Аляксандр Васюковіч. Поспех — калі абмяркоўваюць не здымкі, а тэму, якую ты закрануў

Аляксандр Васюковіч не працуе ў штаце выданняў, якія б называлі рэпартажы ягоным імём, не мае тысячаў падпісчыкаў у twitter і не мітусіцца з вялікім аб’ектывам на багемных тусоўках. Магчыма, па гэтай прычыне мала хто з чытачоў беларускіх медыя сходу згадае яго прозвішча ў ліку лепшых маладых фатографаў. Але сціплы Васюковіч перамог са сваімі працамі ўсіх калегаў у 2012 годзе. Уладальнік гран-пры Belarus Press Photo 2012 і трох першых месцаў, а таксама пераможца «Прэс-фота Беларусі — мультымедыя» — у серыі Generation.by «Кім я стану, калі вырасту».

Зрабіць прыгожы здымачак можна і малпу навучыць

Зрабіць прыгожы здымачак, мне падаецца, можна і малпу навучыць: націснуў пімпачку, апрацаваў у фоташопе і гатова. А ў фотажурналістыцы ты мусіш нешта сказаць сваім рэпартажам, данесці да гледача нейкі мэсыдж. Так што тут хутчэй трэба кніжкі для журналістаў чытаць, а не для фатографаў.

Я не раблю здымак, каб казалі «мі-мі-мі»

Я звычайна прадстаўляю сябе яе фотажурналіст. Недастаткова проста прыгожую фотку зняць. Ты як журналіст мусіш шукаць, дзе, што, калі. Я не раблю здымак, каб потым казалі «мі-мі-мі». Поспех — гэта калі абмяркоўваюць не твае здымкі, а тэму, якую ты закрануў, вось тады ты харошы фотажурналіст. Я расказваю гісторыю здымкамі, і мяне не надта хвалюе, што нехта скажа штосьці пра іх апрацоўку. 

Самалёцікі

Адзін час вельмі хацеў стаць лётчыкам. У  дзяцінстве я не знаходзіў для сябе нейкіх канкрэтных ідэалаў, хацелася быць добрым ці лепшым лётчыкам. Але не стаў. Відаць, нацешыўся самалёцікамі пад час авіамадэльнага гуртка, куды хадзіў гадоў сем. Бацькі не вельмі падтрымлівалі маё гэтае захапленне, бо, калі я пачаў рабіць самалёцікі на радыёкіраванні, трэба было купляць дужа дарагую па тых часах апаратуру для гэтага. Цяпер нават час ад часу ўзнікае жаданне зрабіць нейкі самалёцік, але рукі не даходзяць. 

Жыву ў іншым свеце

У суботу быў на сустрэчы выпускнікоў, дык мне падалося тады, што я ў нейкім іншым свеце жыву. Яны размаўляюць пра дзяцей, грошы — бытавуха, карацей. У мяне на першым месцы стаіць пытанне самарэалізацыі, а не набыць крутую машыну. Усе хочуць болей грошай. Можа гэта і нармальнае жаданне, але я не гатовы займацца тым, што не падабаецца, толькі каб зарабіць грошай. 

Прыехалі, павесялілі, з’ехалі, а яны застаюцца

Аднойчы прачнуўся, падумаў, што хочацца фотаздымач. Я быў студэнтам, падпрацоўваў, доўга збіраў грошы і ўрэшце купіў за 1000 даляраў. Пачаў здымаць пейзажы, а потым пачалася плошча. Пайшоў паздымаць. На той момант мне падалося, што ў мяне атрымалася. Пасля гэтага мяне зацягнула ў фотажурналістыку. Потым здымаў для валанцёрскай арганізацыі «Разам дзецям». Я ездзіў з імі па дзіцячых дамах і здымаў. Увага дзяцей адцягнутая на валанцёраў, таму камфортна працаваць. Але, па мне, такое цяжка здымаць. Напэўна, таму што я ім нічым не магу дапамагчы. Прыехалі, павесялілі, потым з’ехалі, а яны застаюцца. Гэта на мяне ціснула.

Спрабавалі «мазгі прамыць»

У мяне было добра з матэматыкай і замежнай мовай, і я паступіў у Акадэмію кіравання, і плюс туды паступіла мая дзяўчына. Спачатку вывучаў эканоміку, потым перавёўся на «мэнэджмэнт у IT». Мы былі першы выпуск гэтай спецыяльнасці. Выкладчык, у якога я пісаў дыплом, парэкамендаваў мяне дзяржаўнай канторы, на якой я пасля тры гады адпрацаваў. Калі здымаў выбары, узяў адпачынак за свой кошт. Потым звольніўся, бо стала не хапаць часу. Знайшліся «добрыя людзі» на працы, якія нагрукалі пад час маўклівых акцый, і мне спрабавалі «мазгі прамыць», аднак потым я яшчэ амаль год адпрацаваў.

Штат разбэшчвае

Да цяпершаняга часу ў штаце ў ніводнага СМІ я не працаваў. Мяне неяк мінаюць запрашэнні ў штат. Штат ён наогул ужо аджывае сваё. Прасцей атрымліваецца: праца зробленая — грошы заплочаныя. А штат разбэшчвае. Заданні выконваеш, грошы плацяць. Болей ці меней выканаеш — заробак моцна не зменіцца. 

Рабіць тое, што я не ўмею, я не вазьмуся

Так, як мне цікава здымаць вяселлі, не вельмі цікава замоўцам. Я прапагандую заходні падыход — тое, што называецца wedding photojournalism. А замоўцам трэба пастановачныя фотачкі каля сценачкі, стогу саломы. Па мне, рэальныя здымкі праз некалькі год будуць значна больш каштоўныя, чым вылізаны ў фоташопе партрэт каля сценачкі. Я стараюся тлумачыць, што, калі яны хочуць каля сценкі, то лепей ім браць чалавека, які на гэтым спецыялізуецца і гэта зробіць лепей. Рабіць тое, што я не ўмею рабіць, я не вазьмуся.

Нібыта ўсе ў Facebook фрэнды, а банальна спытаць ніхто не можа

Цяпер фотажурналістыка такая розная, яна мяшаецца з арт-фотаграфіяй. Але беларускай гэта не тычыцца, бо ў нас няма на яе попыту. Зробіш ты лепей за штатнага фатографа, але ж возьмуць здымак штатнага і яго ніхто не звольніць. Няма канкурэнцыі, усе месцы падзеленыя, усё ідзе як ідзе. Могуць скрасці фотаздымак, і ніхто ў суд не падасць. А калі ты зробіш, як у прававой дзяржаве, то будзеш потым ворагам. Мне не шкада, але можна спытаць, нібыта ўсе ў FB фрэнды, а банальна спытаць ніхто не можа. 

Мне яшчэ расці і расці

Мне яшчэ расці і расці, да 30 гадоў дык дакладна, я малады фатограф, які фармуецца і шукае сябе. Патрэбен нейкі час на эксперыменты, як здымаць, што здымаць, нейкую сваю стылістыку трэба выпрацаваць. Некаторыя кажуць, што ўжо пазнаюць мае здымкі па стылістыцы. Але я не ўпэўнены, што гэта апошні варыянт майго стылю. 

За кошт аднаго таленту ты не выедзеш

Калі едзеш здымаць, трэба спачатку зрабіць мінімум, а потым ужо і талент і аўтарскае бачанне выкарыстоўваць. Яно і выходзіць часцей за ўсё лепей гэтага мінімума, але спачатку абавязкова ўсё адно рабіць гэты мінімум, бо ты нясеш адказнасць. Але ні ў якім выпадку нельга спыняцца на гэтым мінімуме, бо ты не будзеш развівацца. За кошт аднаго таленту ты не выедзеш, але і за кошт адной любові да працы таксама. 

Каб зрабіць прыстойны рэпартаж, больш патраціш на яго вытворчасць, чым будзе ганарар за яго

Каб далей пайсці, трэба, не каб рэдакцыя некуды паслала, а каб сам пайшоў рабіць тое, што лічыш істотным, пра што хочаш расказаць. Мяне нешта хвалюе, тады я здымаю. Бывае, што ніхто гэта потым не бярэ, але я ніколі не шкадую. У Беларусі шмат цікавага для беларусаў, але замежнікам на гэта пофіг, такія законы медыярынку, іх такое не хвалюе. Праблема ў тым, што і тут нікога гэта не хвалюе. Каб зрабіць прыстойны рэпартаж, ты больш патраціш на яго вытворчасць, чым будзе ганарар за яго. Але гэта не значыць, што не трэба рабіць. Напрыклад, тое мультымедыя, што перамагло, у 2010 я рабіў яго ў стол, нікому яно асабліва было не патрэбна, нават ніхто не спёр. Праляжала 2 гады, ну, відаць, нездарма я гэтым займаўся.

Да мовы цяпер людзям далёка, калі яны нават за ежу не пазмагаліся

Мова — гэта адна з рэчаў самаідэнтыфікацыі беларусаў. Але па мне, гэта не самае галоўнае на дадзеным этапе. Народ настолькі пасіўны цяпер, што ніякімі ідэаламі мовы ты яго не спакусіш. Калі дэвальвацыя была, у людзей па сутнасці дзве траціны заробку адабралі. То бок да мовы цяпер ім далёка, калі яны нават за ежу не пазмагаліся.

Калі ты не на той мове размаўляеш, то ты ледзь не вораг народа

Беларускамоўная прастора цяпер пашыраецца. Людзі пачынаюць размаўляць. І я лічу, калі б зараз беларусы пачалі размаўляць на трасянцы, то гэта быў бы ўжо вялікі крок наперад. Вось цяпер мне ўсё роўна, ці гэта трасянка, наркамаўка, тарашкевіца ці лацінка, кірыліца. Калі людзі пачнуць хоць якую мову выкарыстоўваць, ужо будзе файна. І нельга так рабіць, як любяць казаць нашыя змагары «О, фу ты тут слова няправільнае ўставіў» альбо «Фу, ты на наркамаўцы» і «ваабшчэ, фу на трасянцы пішаш!». Людзі імкнуцца выкарыстоўваць мову, а якую яны выкарыстоўваюць — гэта ўжо справа дзясятая. Каб цяпер усе пачалі размаўляць на трасянцы, то праз генерацыю людзей бы навучылі ў школе правільнай мове. Атрымліваецца, што зараз гэтых трасяначнікаў ледзь не цкуюць, маўляў, прыдуркі, мову не ведаюць. А яны хочуць яе ведаць. Ды ўвогуле ў нас жа тут шмат людзей, якія ведаюць, як рабіць правільна. Усе адразу ўзялі і пачалі размаўляць на правільнай мове, ага. Трэба з нейкіх рэчаў папрасцей пачынаць, прынамсі не ганьбіць людзей за тое, што яны нешта робяць не так. Яны робяць, як умеюць. Галоўнае, што яны хочуць, гэта рабіць. А ў нас, калі ты не на той мове размаўляеш, то ты ледзь не вораг народа. 

Нетрадыцыйную сям’ю я таксама падтрымаю

Не трэба заставацца ў 18 стагоддзі. Калі цяпер 21 стагоддзе, то і каштоўнасці адпаведна ў нас іншыя, яны мяняюцца, як і мова. Я не супраць любых намаганняў людзей, якія не наносяць шкоды астатнім. Нетрадыцыйную сям’ю я таксама падтрымаю. Геі, лесбіянкі — гэта іх справа, ніякай шкоды яны не нясуць. Можна прасіць людзей кідаць пластыкавыя бутэльку ў адпаведную сметніцу ці снег вакол сваёй машыны чысціць, не бухаць у грамадскіх месцах, але ж нельга забараніць жыць з тым, з кім яны хочуць.

Ну як тут адмовіш «Русскому репортёру»

Не ведаю, як мяне гэтыя замежныя часопісы знаходзяць. Неяк патэлефанаваў «Русский репортёр» і папрасіў зняць маці Кавалёва. Ну як тут адмовіш «Русскому репортёру», калі ён за мінулы год стаў лепшым у свеце часопісам з пункту гледжання выкарыстання фотаздымкаў. Тут ніяк не адмовіш. Гэта быў такі прыемны сюрпрыз, але страшнавата было ад адказнасці. Аднак яны, здаецца, задаволеныя засталіся. Са здымкам тым яшчэ і на Прэс-фота Беларусі перамог. 

Пацанчык са здымачом, які ў фотажурналісты гуляецца

Прыз з Прэс-фота — іPad — памяняў на ноўтбук. іPad, канешне, крутая штука, калі ў цябе ўсё астатняе ёсць. Наогул крута, што перамог, бо падаецца, што мяне дагэтуль наогул лічылі пацанчыкам са здымачом, які ў фотажурналісты гуляецца. Нейкае такое ўражанне склалася ад размовы з калегамі. Можа таму, што я ў штаце ніколі не працаваў, але мяне гэта не надта хвалюе. 

«Зроблена добра па беларускіх мерках»

Я імкнуся строга ацэньваць свае здымкі. У Беларусі ёсць такая праблема, якая загоніць нашу краіну ў тупік. І праблема гэта называецца «зроблена добра па беларускіх мерках». Для мяне такога няма, альбо зроблена ўвогуле добра, альбо лайно. Калі мы хочам уваходзіць у сусветны кантэкст, то на гэту фразу варта забыцца і ніколі не ўзгадваць. Ну, «добра па беларускіх мерках», і будзеш ты тут сядзець і жыць «добра па беларускіх мерках».  

Трэба ісці значна далей, чым проста прыгожы здымак

Людзі як ставілі раней нешта далёкае ад нармальнай фотажурналістыкі, дык і працягваюць гэта рабіць. Хочацца, каб адбывалася так, што фотагісторыя — гэта самастойны прадукт, які можа без тэксту ўсё расказаць, што напісана ў тэксце. Дзеля гэтага трэба ісці значна далей, чым проста прыгожы здымак. 

Цяпер нармальныя фотаздымкі мы бачым толькі на конкурсах

Цяпер дафіга фатографаў, але не гэта праблема. Яны там нешта умеюць, не ўмеюць — справа дзясятая. Праблема ў тым, што няма ніякага інстытуту крытыкі — людзей, якія маглі б сказаць: «Вось гэта лайно, а гэта крута». Фатографы самі могуць сказаць, але ж яны не ўплываюць на тое, што публікуецца. Будзе больш фатографаў, ну і няхай, кожны зможа сфатаграфаваць нешта і выкласці. Але ж, на мой погляд, прафесійная фотажурналістыка ад гэтага будзе рабіцца яшчэ больш прафесійнай, бо трэба знайсці, паехаць, пражыць пэўны час, зняць. Проста мусяць быць крытыкі, фотарэдактары. Людзі чытаюць газеты і думаюць «Ну, калі газета надрукавала, значыць, гэта лічыцца добрым фотаздымкам». Праз гэта фармуецца густ у публікі. А  цяпер нармальныя фотаздымкі мы бачым толькі на конкурсах. Большасць здымкаў пераможцаў прэс-фота не былі апублікаваныя, бо нікому асабліва і не трэба вышэй галавы скокаць.

*** 

→ Хто яшчэ падрастае побач? Шмат цікавых людзей у серыі «Кім я стану, калі вырасту»

Іван Шыла. Быў маленькі ды рамантычны, а цяпер я больш цынічны
Віталь Рыжкоў. Мама, адстань ад мяне, я яшчэ пажыву хістаннямі
Алесь Кот-Зайцаў. Чым больш свабодна жывеш, тым больш намаганняў цябе прыціснуць


Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0944 seconds.