Кітаец Со: «Мару калі-небудзь чытаць беларускую паэзію ў арыгінале»

Беларускія сябры Tszwai So называюць яго проста Рафаэлем. І ён не супраць. Тым больш, што размаўляць з імі ён зможа на іхняй роднай мове — нядаўна Цзыўай пачаў вывучэнне беларускай. Рафаэль моцна выбіваецца з шэрагу іншых герояў серыі «Размаўляй са мной па-беларуску». Ён не мае беларускай каханай, не жыве ў Беларусі і не з’яўляецца лінгвістам па прафесіі. Але з далёкай ад роднага Кітаю краінай гэтага лонданскага архітэктара яднае беларуская ўніяцкая царква, праект якой ён цяпер распрацоўвае, і любоў да паэзіі беларусаў, якую ён марыць чытаць у арыгінале.

Рафаэль нарадзіўся ў Кітаі, вырас у брытанскай калоніі Ганконг, а цяпер жыве ў Лондане, дзе працуе архітэктарам. Цяпер ён рыхтуе праект будынку першай у свеце царквы Беларускіх уніятаў за межамі Беларусі.

У вас як ва Уэльсе

У Беларусі жыве мая хросная Ірына, з якой я і пачаў вучыць беларускую. У мяне шмат беларускіх сяброў. І я ўдзельнічаў амаль ва ўсіх падзеях, звязаных з Беларуссю, што адбываюцца ў Лондане. Я хацеў знайсці найлепшую магчымасць камунікаваць з усімі маімі сябрамі, таму вывучэнне беларускай ператварылася хутчэй у неабходнасць, чым нейкае хобі.

Болей за тое, цяпер я даследую беларускую архітэктуру. Доўгі час яна заставалася збольшага невядомай на Захадзе, але я прысвяціў сябе яе вывучэнню. Аднак паколькі большасць прафесійных артыкулаў альбо кніг аб беларускай архітэктуры напісаныя па-беларуску альбо па-расейску, некаторыя па-польску, вывучэнне беларускай аказалася неабходным для разумення тэкстаў у арыгінале.

Але тое, што ўсе мае беларускія сябры размаўляюць па-ангельску, не надта моцна дапамагае. Пакуль што ў мяне невялікі слоўнікавы запас. Цяпер сябры мне падкінулі CD і лінкі на онлайн-курсы для тых, хто пачынае вывучаць беларускую мову. Але прагрэс пакуль невялікі з-за недахопу практыкі.

Калі я прыязджаў у Беларусь, то заўважыў, што расейская мова мае нашмат больш моцную пазіцыю за родную мову беларусаў. Старэйшае пакаленне збольшага па-беларуску не размаўляе — толькі па-расейску. Выглядае, што беларуская не надта папулярная ў вас. Падаецца, сітуацыя блізкая да той, што цяпер можна назіраць ва Уэльсе.

Як «варочаць» языком па-беларуску?

Беларуская — славянская мова, а ангельская адносіцца да германскай групы. Таму вывучэнне яе — працэс няпросты. Да таго ж адрозніваецца алфавіт. Таму я часцей выкарыстоўваю лацінскія літары, каб лягчэй знаёміцца з новымі словамі.

Вымаўленне — таксама вельмі цяжкая справа. У мяне ніколі не атрымліваецца зразумець, як мусіць правільна варочацца і «вібраваць» язык, каб вымаўляць беларускія словы.

«Бела-што?»

Мне падаецца, што на Захадзе няшмат людзей у курсе, што Беларусь увогуле існуе. Кожны раз, калі я кажу каму-небудзь, што збіраюся пабачыцца з маімі сябрамі з Беларусі, людзі рэагуюць такім пытаннем: «Бела-што?».

Але калі вы збіраецеся вучыць беларускую, вы мусіце сябраваць з беларусамі. Ці з’ехаць жыць у Беларусь (але тое можа не надта дапамагчы, бо большасць людзей усё роўна выкарыстоўваюць расейскую).

Я заўжды лічыў, што для таго, каб займець стымул і імпульс рабіць нешта добра, трэба палюбіць гэта. Для мяне беларуская — прыгожая мова. І я спадзяюся, што ў адзін цудоўны дзень я здолею чытаць у арыгінале вершы шматлікіх цудоўных паэтаў, што нарадзіла беларуская зямля.

 → Болей беларускамоўных замежнікаў у серыі «Размаўляй са мной па-беларуску»

Нямецкі студэнт вывучыў беларускую мову, каб лепей разумець Статут ВКЛ
Дызайнер з Вялікабрытаніі вывучыў напамяць вершы Янкі Купалы
Беларускамоўны баск: «Нам таксама прыемна, калі замежнікі вывучаюць нашу мову»


Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0675 seconds.