Дызайнер з Вялікабрытаніі вывучыў напамяць вершы Янкі Купалы


Брытанскаму дызайнеру аднойчы прыйшла думка, што пераезд у Беларусь можа быць цікавай прыгодай. Знайшоўшы месца выкладчыка англійскай мовы, ён пераехаў у Менск, каб вывучаць беларускую мову і вучыць нацыяналістычныя вершы Янкі Купалы. Оўен Броўн — новы герой серыі «Размаўляй са мной па-беларуску» пра цікавых беларускамоўных замежнікаў. 

Падумаў, што можа цікава будзе пажыць у Беларусі

Прыехаў у Беларусь, бо хацеў тут жыць. Дагэтуль жыў у Польшчы, падумаў, што можа цікава будзе пажыць у Беларусі. Тады нікога не ведаў з Беларусі. У Польшчы працаваў у дзіцячым садку. Зараз настаўнік англійскай мовы ў IT-кампаніі. Па адукацыі я ўвогуле дызайнер, але не лічу сябе вельмі крэатыўным, таму вось працую ў іншай сферы. І ў пэўны момант зразумеў, што хачу жыць у іншых краінах і карыстацца іншымі мовамі. 

Калі б я жыў у Варшаве, то 100% я б пазнаёміўся з беларусамі

Яшчэ ў Польшчы навучыўся чытаць па-беларуску, чытаў беларускую Вікіпедыю. Я асабліва і не вывучаў беларускую, проста ведаў польскую і рускую. І пачаў чытаць па-беларуску. Чытаў Янку Купалу. Дома ў адной сяброўкі знайшоў школьны падручнік і пачаў чытаць. Там былі такія нацыяналістычныя вершы, некаторыя ведаю напамяць. Неяк глядзеў «Відзьмо-невідзьмо», яшчэ аднойчы навіны глядзеў. А так нічога беларускага асабліва і не слухаю. Калі б я жыў у Варшаве, то 100% я бы пазнаёміўся з беларусамі і размаўляў бы. А ва Ўроцлаве беларусаў мала. Першы месяц быў цяжкі, пазнаёміўся з людзьмі, якія хочуць размаўляць па-беларуску. Раней я размаўляў вельмі мала, толькі тыдні два таму пачаў больш выкарыстоўваць беларускую. 

Цяжка яшчэ, бо вакол не чую беларускую

Але агулам рэдка размаўляю па-беларуску тут. Ведаю, што беларусы не размаўляюць па-беларуску. Але буду больш гаварыць з беларусамі па-беларуску. Проста трэба акліматызавацца. Калі будзе больш практыкі, бо яшчэ мала яе было, буду старацца. Маленькі ў мяне яшчэ слоўнікавы запас. Цяжка яшчэ, бо вакол не чую беларускую мову, толькі ў метро. Аднойчы пачуў на вуліцы беларускую, але не ведаю, можа гэта была трасянка. 

Яна таксама стараецца ўзгадаць, як будзе гэтае слова па-беларуску

Хачу размаўляць больш, бо гэта файна і цікава. І бывае вельмі смешна размаўляць з людзьмі па-беларуску, якія дрэнна могуць адказаць беларускай. Калі мы размаўляем, то атрымліваецца, што мы больш роўныя. То бок, я стараюся і яна таксама стараецца ўзгадаць, як будзе гэтае слова па-беларуску. 

У транспарце гавораць «траўміраванне», цікавае слова. Гэта што такое?

Ведаю, што існуе тарашкевіца і наркамаўка. Але тарашкевіцу я мала бачыў і пра яе ведаю толькі, што там мяккі знак часта пішацца. З граматыкі не заўсёды ведаю, калі казаць «у Менске» альбо «ў Менску». Вось гэта цяжка даецца. У транспарце гавораць «траўміраванне», цікавае слова. Гэта што такое? У беларускай падабаецца такая цвёрдасць, гэтыя «ч», «ш». Мне дарэчы кажуць, што ў мяне добрае беларускае вымаўленне. 

Full house: польская, руская, беларуская і трасянка

Ведаю, што такое трасянка. Напрыклад, «вельмі приятно». Цікава вось, а як называецца, калі мяшаюць польскую і беларускую? Таксама трасянка? Хачу дарэчы на ёй навучыцца размаўляць. Будзе ў мяне такі set: польская, руская, беларуская і трасянка. Такі full house :) 

Пайшоў на «Дзяды», каб спытаць, як і дзе вывучыць беларускую

Нядаўна пайшоў на «Дзяды», каб спытаць, як і дзе вывучыць беларускую мову. Таму што там людзі мусяць ведаць. Быў толькі напачатку і потым сышоў. Калі ты напішаш, не прыйдзе да мяне міліцыя? Людзі там мне параілі «Мову ці каву» і «Таварыства беларускай мовы». Я бы вельмі хацеў вывучыць беларускую, калі я ў Беларусі. Рускую можна вывучыць шмат дзе, вельмі шмат людзей у розных краінах размаўляюць па-руску. А беларускую можна вывучыць толькі ў Беларусі, ну яшчэ ў Вільні і Варшаве. 

Калі быў доўгі перыяд уплыву іншай мовы, то натуральна, што людзі забываюць сваю

Я разумею сітуацыю з беларускай, бо я сам з Уэльса, там ёсць уэльская і англійская. Таксама мала дзе ведаюць валійскую. Таксама ёсць у школах, але вельмі цяжка карыстацца гэтай мовай у горадзе. Ёсць вёсачкі, дзе можна часта размаўляць. Сітуацыя з беларускай не вельмі добрая, але я яе вельмі разумею. Тым больш, што была такая сітуацыя з іншымі краінамі. Калі быў доўгі перыяд уплыву іншай мовы, то натуральна, што людзі забываюць сваю мову. Гэта дрэнна, але часта так бывае. 

Пачынаў размаўляць па-беларуску, а людзі адказваюць на трасянцы

Часта шпацырую на вуліцы, размаўляю з новымі людзьмі, проста гэта цікава размаўляць з людзьмі. Пачынаю размаўляць па-англійску, калі людзі не ведаюць, то я пераходжу на польскую, калі з польскай не атрымліваецца, то пераходжу на беларускую. Бо я не хачу пераходзіць на рускую, таму што ўсе вельмі добра размаўляюць па-расейску. Гэта болей пацешна і цікава, калі размаўляем на іншай мове. Часта было так, што пачынаў размаўляць па-беларуску, а людзі адказваюць на трасянцы.

Знаёмыя беларусы кажуць, што вывучаць беларускую бессэнсоўна. А чаму?

Беларуская — гэта цікава. Агулам мовы — гэта цікава. Некаторыя знаёмыя беларусы кажуць, што вывучаць беларускую бессэнсоўна. А чаму? Некаторыя ўхваляюць. Некаторыя нават са мной размаўляюць па-беларуску.

Нямецкі студэнт вывучыў беларускую мову, каб лепей разумець Статут ВКЛ
Беларускамоўны баск: «Нам таксама прыемна, калі замежнікі вывучаюць нашу мову»
Японец Юске Касівагі: «Беларуская мова заўсёды супакойвае мяне»


comments powered by Disqus
 
In 0.1242 seconds.