«Арт-сядзіба» пайшла па Менску

Няшмат часу на журботу далі сваім наведвальнікам стваральнікі ўнікальнай для Менску культурнай прасторы «Арт-сядзіба». Яшчэ некалькі дзён таму прасунутая моладзь тусавалася на, здавалася, апошнім мерапрыемстве пляцоўкі, прысьвечаным яе прымусовай ліквідацыі. А ўжо празь дзень пасьля таго, як апошнія рэчы з памяшканьня на заводзе «Гарызонт» былі вынесеныя, каманда сядзібы зьявілася ў хостэле Jazz, каб сумесна з блізкім па духу часопісам пра беларускі стрыт-арт Signal зладзіць воркшоп для майстроў трафарэту і графіці. Цалкам у стылі «Арт-сядзібы», толькі на адкрытым паветры.

«Калі мы толькі адчынялі Арт-сядзібу, адзін зь першых кантактаў у творчым асяродку быў з стрыт-артэрамі, — кажа Павал Белавус, адзін са стваральнікаў «Арт-сядзібы» і арганізатараў мерапрыемства. — Мы пазнаёміліся ў Інтэрнэце, і мастакі сталі першымі, хто дапамог нам прыбраць страшнае памяшканьне заводу «Гарызонт» і нанесьці прывабныя малюнкі на сьцены. Пасьля ў мяне нарадзілася ідэя правесьці майстар-кляс для такіх людзей. Думалі ад пачатку пра двор заводу «Гарызонт». Але паколькі нас зачынялі, мы вырашылі правесьці гэта разам з хостэлам «Джаз» і першым беларускім часопісам, прысьвечаным стрыт-арту, Signal».

Адзін з укладальнікаў часопісу Signal, стрыт-артэр зь дзесяцігадовым стажам Яўген Ковек кажа, што стрыт-арт  — гэта вельмі шырокі панятак, які ўлучае і маляваньне з дапамогай трафарэтаў, і постэраў, і, вядома, графіці. Цяпер прадстаўнікі ўсіх гэтых накірункаў сабраліся ў невялікім дворыку хостэлу на ўскрайку Менску, каб пад дынамічную музыку таптаць траву, папіваць піва і маляваць альбо разглядаць, як іншыя ствараюць забаўныя пэрсанажы-сюжэты на сьценах унутранага плоту хостэлу.

«Гэтыя выявы стануць візытоўкай хостэлу»,  — кажа Павал Белавус, раглядаючы паступова ўсплываючых з-пад балёнчыкаў мастакоў рысы вясёлых людзей, часам з ружовай скурай альбо з абавязковай усьмешкай. Паводле ягоных словаў, мастакоў для размаўлёўкі сьценаў знайшлі празь Інтэрнэт. Быў нават конкурс эскізаў на тэму міру ва ўсім сьвеце, сяброўства і вандровак. Шэсьць шчасьліўчыкаў атрымалі магчымасьць рэалізаваць свае ідэі.

«Хлопцам няма дзе маляваць»

Хаця галоўная мэта тусоўкі ўсё ж не сканчаецца спробай раскрыць тэму міру:

«Мы спрабуем паказаць, што стрыт-арт  — гэта накірунак, які патрэбны і гораду і дзяржаве. Варта толькі даць магчымасьць гэтым хлопцам і дзяўчынам маляваць, і яны створаць патрэбныя рэчы. На іх трэба зьвярнуць увагу. Ва ўсіх эўрапейскіх краінах стрыт-арт  — гэта адзін з самых папулярных і запатрабаваных мастацкіх накірункаў»,  — кажа Белавус.

Яўген Ковек лічыць, што ў Беларусі стрыт-арт становіцца модным і даступным дзякуючы Інтэрнэту. Аднак ня так проста знайсьці месца, дзе б мастак мог рэалізаваць сябе ў гарадзкіх умовах. Нярэдка ўзьнікаюць канфлікты зь міліцыяй, а малюнкі могуць праіснаваць на публічных сьценах ня болей за некалькіх гадзін: іх проста замалёўваюць камунальныя службы. Хаця гэта яшчэ ня самы горшы варыянт: калі ў малюнку міліцыя пабачыць палітыку, простай размовай справа можа ня скончыцца.

«Для таго, каб легальна даць магчымасьць нешта намаляваць, трэба, каб мерапрыемства было ўзгодненае з ўладамі. А такіх вельмі няшмат»,  — тлумачыць Ковек.

«Хлопцам проста няма дзе маляваць», — дадае Белавус. Хаця і «зрух з боку дзяржавы ёсьць», але ён пакуль надта слабы, каб даць магчымасьць маладым мастакам сур'ёзна рэалізоўваць сябе. Таму акрамя падобных тусовак у стрыт-артэраў застаецца зусім няшмат магчымасьцяў займацца творчасьцю. І часьцей за ўсё гэта выглядае прыкладна як у выпадку 26-гадовага Ковека. Хлопец шукае «спакойныя месцы ў межах Менску, дзе можна падумаць, дзе сама сьценка, на якой праз пэўны час можа нешта зьявіцца, падказвае табе, што рабіць».

Ці ёсьць будучыня ў «Арт-сядзібы»?

Але стрыт-артэры  — не адзіныя, каму ў Менску не стае афіцыйных пляцовак. Наведвальнікі «Арт-сядзібы» пасьля зачыненьня памяшканьня маюць ужо не такі вялікі выбар месцаў, дзе можна вольна бавіць час у кампаніі цікавых людзей. Хаця стваральнікі сядзібы яшчэ абяцаюць адрадзіць пляцоўку ў тым ці іншым выглядзе:

«Мы і надалей будзем нешта прыдумваць, рабіць рэчы для папулярызацыі беларускай мовы і культуры і наогул актывізацыі моладзі, — кажа Павал Белавус. Ён прызнаецца, што сам да канца не зразумеў, ні чаму «Арт-сядзібу» прымусілі зачыніцца, ні ўвогуле, што гэта «такое было».

Але цяпер зьявіліся прапановы ад іншых пляцовак, якія б таксама хацелі дадаць прыметнік «культурны» да сваіх назоваў:

«Хостэл Jazz і хостэл Traveler прапанавалі нам перанесьці «Арт-сядзібу» да іх. І з гэтымі праектамі будзем супрацоўнічаць, бо людзі там маюць прыкладна тыя ж самыя пазыцыі, што і мы. Але патрэбныя грошы. Таму калі знойдзем партнэра, інвэстара, які згодзіцца ўкладаць нейкія сродкі, то праект і надалей працягнецца».

А пакуль «Арт-сядзіба» і яе публіка вяртаецца ў Інтэрнэт, каб зрэдку сустракацца на падобных тусоўках.
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0713 seconds.