«Арт Сядзіба цяпер не месца, а з’ява»

Знакамітая менская пляцоўка «Арт Сядзіба», зачыненая ўладамі тройчы за апошнія паўгода, адмовілася ад пошуку адзінага памяшкання. І замест рэальнай ператварылася ў віртуальную пляцоўку, якая спадзяецца рабіць усё тое самае, што і «старая» «Арт Сядзіба», толькі менш публічна і з яшчэ большым выкарыстаннем сацыяльных сетак.

Тыдзень таму на старонках у сацыяльных сетках знакамітай менскай пляцоўкі «Арт Сядзібы» з’явіліся паведамленні аб «новым фармаце» працы «адкрытай культурнай пляцоўкі». Яны паўсталі праз месяц пасля апошняга скандалу з скасаваннем дамовы на арэнду памяшкання пад сядзібу яшчэ да таго, як у ім было праведзенае першае публічнае мерапрыемства. Трэцяя спроба «пазбавіцца» ад «сядзібаўцаў», выглядае, аказалася найбольш паспяховай: адзін з ідэолагаў «Арт Сядзібы» Павал Белавус нарэшце заявіў аб тым, што спыняе спробы пошуку новага памяшканне і пераносіць дзейнасць установы ў непублічную сферу і сацыяльныя сеткі. Павал Белавус распавёў Generation.by падрабязнасці будучыні «Арт Сядзібы».

Павал Белавус: «Гэта не сыход ад актыўнай дзейнасці, гэта яе трансфармацыя»

«Новы фармат» абазначае тое, што, у сувязі з абставінамі, мы шукаем новыя магчымасці для працягу сваёй дзейнасці. Але мы не стаміліся. Каб стаміліся, то ўжо нічога не шукалі б, плюнулі на ўсё і кожны з нас бы заняўся сваёю асноўнай дзейнасцю ці працаю. Мы аб’ектыўна не маем зараз магчымасці мець сваю пляцоўку, тры апошнія адмовы арэндзе нас у гэтым пераканалі.

Мы звярталіся ў адміністрацыю прэзідэнта і пісалі адкрыты ліст да кіраўнікоў Мінгарвыканкаму і Мінкульту. У выніку атрымалі адказы зусім не на тыя пытанні, што задавалі і якія нас турбуюць.

Таму цяпер будзем працаваць як грамадская агенцыя «Арт Сядзіба» не на адной пляцоўцы, а на розных, шукаць і знаходзіць альтэрнатыўныя варыянты, будзем і далей праводзіць свае мерапрыемствы і дапамагаць іншым ініцыятывам. Нашая дзейнасць і раней ніколі не абмяжоўвалася адным памяшканнем, мы праводзілі мерапрыемствы і ў клубах, і хостэлах ды проста на вуліцы.

Гэта не сыход ад актыўнай дзейнасці, гэта яе трансфармацыя. Цяпер, можа быць, яна будзе не такой заўважнай, але, спадзяемся, карыснай і для творчай моладзі і для розных іншых грамадскіх і культурных ініцыятыў.

Цяпер «Арт Сядзіба» — гэта сукупнасць людзей, якія праводзяць свае мерапрыемствы, рэалізуюць свае творчыя ідэі ў розных частках гораду, нават у розных гарадах Беларусі. Яны аб’яднаныя агульнай ідэяй: стварэння адкрытай для ўсіх незалежнай грамадска-культурнай пляцоўкі, дзе можна думаць, гаварыць, дзейнічаць. Толькі цяпер гэта больш не месца, а з’ява, якая ўвесь час жыве ў інтэрнэце, у нашых галовах і задумах, у сацыяльных сетках ды ўвасабляецца раз ці некалькі разоў на тыдзень у розных формах ды і ў розных жывых кропках Менску.

У нас цяпер ёсць некалькі месцаў, дзе мы можам праводзіць свае мерапрыемствы і мерапрыемствы тых, хто да нас як і раней звяртаецца. На жаль, фармат гэтых памяшканняў не дазваляе праводзіць вялікіх імпрэз, але для семінараў, лекцый, кінапаказаў, кватэрнікаў фарматам да 30 чалавек яны падыходзяць. Ёсць і ўсё абсталяванне для правядзення такіх мерапрыемстваў.

«Паслугі і інтарэсы мы прапануем не за грошы, а бясплатна»

Грамадская агенцыя — гэта ўнікальная форма, якую мы прыдумалі. Пашукаўшы ў інтэрнэце, я не знайшоў падобных формаў дзейнасці ў Беларусі. «Грамадская» значыць тое, што ў першую чаргу нашыя накірункі дзейнасці, паслугі і інтарэсы мы прапануем не за грошы, а бясплатна.

За час існавання ў нашай ініцыятывы з’явілася вялікая колькасць сяброў і партнёраў, якія спецыялізуюцца на фота- і відэаздымках, перакладчыцкай дзейнасці, валанцёрстве, хостэльным бізнесе, выдавецкай дзейнасці, сярод дызайнераў, мастакоў, музыкаў і літаратараў, усіх гэтых людзей мы паспрабуем аб’яднаць вакол дзейнасці грамадскага агенцтва «Арт Сядзіба». І ў залежнасці ад тых прапаноў, што будуць з’яўляцца, будзем прыцягваць іх да дзейнасці агенцтва.

Ад моўных курсаў да канцэртаў у клубах

Але і працаваць з уласнымі праектамі таксама будзем. Вось цяпер плануем ужо моўныя курсы для тых, хто хоча, але не можа пачаць размаўляць па-беларуску, плануем зрабіць у гэтым годзе і некалькі літаратурных і музычных рэлізаў нашых сяброўскіх гуртоў і аўтараў. На канец зімы ці пачатак вясны плануем вялікі канцэрт у адным з клубаў Менску «„Арт Сядзіба“ збірае сяброў». Таксама ўжо правялі і ў бліжэйшы час правядзем некалькі мерапрыемстваў у фармаце кватэрнікаў.

За апошні час мы ўжо паспелі зладзіць некалькі кінапраглядаў, рабілі кватэрнік маладога паэта Алеся Снега, таксама дапамагалі ў арганізацыі прэм’еры дакументальнага фільму Аляксандра Крупіны «Вышэй за неба. Фільм пра фільм».

Бліжэйшым часам запланаваныя некалькі літаратурна-музычных кватэрнікаў, адразу дзве творчыя сустрэчы з Федзям Жывалеўскім з гурта «Голая манашка», 14 студзеня тэлебачанне партала TUT.BY запрасіла «Арт Сядзібу» разам адсвяткаваць Стары Новы год на гала-канцэрце праграмы «Асвета TUT» Андруся Такінданга. Таксама цяпер мы выступаем партнёрамі ў выданні складанкі беларускамоўнага рэпа «Жалуды» ад MZ production, якая будзе выдадзеная сумесна з лэйблам «Вігма» у студзені 2013 года. На зборніку будуць прысутнічаць паўтара дзясяткі беларускамоўных рэпераў.

«ME100 — у нечым нашы пераемнікі»

Зараз у Менску стартуе цікавы праект ME100, якіх мы ў нечым лічым сваімі пераемнікамі. Закінуты стары завод, цэнтр гораду, крэатыўная ды ініцыятыўная моладзь. Шмат перакрыжоўваецца людзей, якія пэўным чынам датычныя да нашай «Арт Сядзібы».

Я быў у іх на пляцоўцы падчас рамонтных прац — атмасфера вельмі нагадвае нашую, калі толькі пачыналі. Праўда, яны акцэнты робяць на крыху іншых рэчах, ды падыход іншы, але фармат, праўда з навамоднымі словамі, — пляцоўка для ўсіх творчых людзей, падобны.

Будзе добра, калі іх ідэі і мары пачнуць рэалізоўвацца, і хочацца верыць, што ў пэўны час надта разумныя людзі ў пэўных кабінетах не пачнуць напружвацца, што яны не маюць кантролю за працэсамі, якія адбываюцца ў гэтым месцы. Хочацца верыць.

Гісторыя «Арт сядзібы» ў фота

Звязацца з камандай «Арт сядзібы» можна па мэйлу artsiadziba@gmail.com, праз тэлефон +375 (29) 782 88 81 (Павел); +375 (29) 507 30 77 (Мікіта), ці старонкі ў VK і Фэйсбук.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0591 seconds.