«Арт-сядзібу» зачынілі трэці раз (+фота)

Незалежная культурная пляцоўка «Арт-сядзіба» трэці раз запар засталася без памяшкання. За дзве гадзіны да запланаванага адкрыцця пляцоўкі ў будынку былой румынскай амбасады стваральнікі «Арт-сядзібы» даведаліся, што дамова на арэнду памяшкання скасаваная.

20 лістапада дырэктар «Арт-сядзібы» Павал Белавус заключыў дамову на 5 гадоў на арэнду некалькіх пакояў па адрэсе завулак Масквіна, 4. На сёння было запланаванае вялікае адкрыццё новага памяшкання з ўдзелам музыкаў і паэтаў.

«З папер, што яны нам сёння прынеслі, атрымліваецца, што гэтае памяшканне раптоўна спатрэбілася прадпрыесмтву "Сукно". Мы зключалі дамову з ТАА "РефОйлПродукт", а яны ў сваю чаргу здымаюць яго ў ТАА "Сукно", — кажа Павал Белавус. — Нам ніхто нічога не кажа. Патэлефанавалі ўчора дырэктару «РефОйлПродукт» і папрасілі даслаць копію нашага статуту. Яго выклікаюць ў аддзел ідэалогіі Менгарвыканкама на размову і кажуць не заключаць з намі дамову. Дык паклічце нас і растлумачце, што мы не так робім».

Дамову аб арэндзе скасавалі з 10 снежня, аднак дырэктар «РефОйлПродукт» папрасіў і сёння там нічога не праводзіць, таму запланаванае народнае адкрыццё не адбылося. Учора памяшканне наведвала санстанцыя разам з пажарнікамі, якія выпісалі штраф дырэктару «РефОйлПродукт», што быццам будынак не адпавядае правілам тэхнікі бяспекі.

«Спачатку я думаў, што праблема не ў нас. «Гарызонт» патлумачыў тым, што ім не падабаецца, калі прыходзяць нейкія людзі ўвесь час. Другі раз мы думалі, што праблема ў Лявоне Вольскім, якога мы запрасілі на адкрыццё. Чорныя спісы, усё такое. Але вырашылі зрабіць трэцюю спробу. Гэтым разам мы не запрашалі гучных імёнаў, але ж усё роўна зачыняюць. На ўваходзе стаіць вахцёр, сюды нікога не пускаюць, як у блакадзе. Я не магу гэтага зразумець. Мы не вядзем ніякай палітычнай дзейнасці, мы праводзім культурныя мерапрыемствы».

Артсядзібаўцы абяцаюць бліжэйшым часам даведацца, у чым праблема. Таксама яны плануюць звяртацца ў адміністрацыю прэзідэнта, мэрыю Менска і іншыя ўстановы. 

Раней «Арт-сядзіба» 8 месяцаў працавала ў памяшканні заводу «Гарызонт». Там паспелі адбыцца дзясяткі сустрэчаў з вядомымі музыкамі, мовазнаўцамі, гісторыкамі. У ліпені 2012 году беларускамоўная прастора пазбавілася магчымасці арэндаваць памяшканне, як мяркуюць яе стваральнікі, у сувязі з тым, што права на выступ у «Арт-сядзібе» мог атрымаць кожны. У верасні 2012 сітуацыя паўтарылася: «Арт-сядзіба» зноўку пазбавілі памяшкання.

Гісторыя «Арт-сядзібы» ў фота

Фота: Юля Fox

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0599 seconds.