Андрусь Такінданг. Патрэбна быць гатовым даць некаторым у рыла

Андрусь Такінданг

Андрусь Такінданг — новы герой сэрыі інтэрвію Generation.by з аднагодкамі «Кім я стану, калі вырасту». Музыка, саліст гурта «Рэха», паэт, мастак і вядучы распавядае пра тое, як у дзяцінстве выплавіў кастэт з алавяных салдацікаў, марыў пайсьці ў дэсантнікі, пра тое кім стаў дзякуючы вёсцы і чаму часам небясьпечна, калі мары спраўджваюцца.

Нават мэблю ламаў

У самым раньнім дзяцінстве быў вельмі непаслухмяны: рабіў, што хацеў, ніхто ня мог мяне супакоіць, энэргіі было так шмат, што нават мэблю ламаў.

Пазьней, у школьныя гады выплаўляў кастэт (з набору алавяных жаўнераў), рабіў «пугач» (сера ад запалак у якасьці зараду, а ў якасьці рулі — круглы ключ), майстраваў нунчакі. А яшчэ прышпільна было кідаць шыфер у вагонь, карбіт у прыбіральню.

Вясковае жыцьцё зрабіла сваю справу

Значную частку дзяцінства я правёў у вёсцы. Там мяне выхоўвалі бабуля зь дзядулем, тамтэйшае жыцьцё вельмі паўплывала на мяне. Я ёсьць тым, кім я ёсьць дзякуючы вёсцы. Зараз, канешне, я гарадзкі жыхар, але спадзяюся, што ўва мне яшчэ не памёр вясковы чалавек. Пэўным адэкватным рысам характару я абавязаны дзяцінству і бабулі, дзядулі.

Бабуля-настаўніца рускай мовы і літаратуры, а дзядуля настаўнік фізыкі, тата — матэматык, але ж я не цямлю ні ў фізыцы, ні ў матэматыцы. Дзядуля граў на гармоніку, на мандаліне, у маладосьці ў яго быў свой гурт.

Марылі стаць дэсантнікамі

У дзяцінстве мы захапляліся Брусам Лі, Сільвэстрам Сталонэ, Шварцам... На вёску вярталіся хлопцы пасьля Афганскай вайны, ну й мы ўсе марылі стаць дэсантнікамі і паехаць у Карабах, на Паўночны Каўказ. Дзіўныя мары. Цяпер я захапляюся хіба сваімі сябрамі, знаёмымі, роднымі.

Ёсьць небясьпека, што твая мара спраўдзіцца

Часам мары, якія калісьці здаваліся недасягальнымі, спраўджваліся. Калісьці я марыў быць спэцназаўцам. Праз 10 год гэтая мара спраўдзілася. Мяне забралі ў спэцназ, і я адтуль уцякаў. Думаў ужо не адкашу, нас грузілі ў машыны і здавалася — усё, прыехалі, называецца. Але цудам пазьбег службы, ня ведаю, добра гэта ці не...

У 19 год пачаў займацца альтэрнатыўнай музыкай. Мы лічылі сябе крутымі артыстамі, рок-зоркамі. І вось аднойчы трапіў на канцэрт этна трыа «Троіца» і афігеў. Гэта было штосьці недасягальнае, а праз два гады Recha зрабіла супольную песьню з Троіцай і Вайцюшкевічам. Вось так спраўдзілася наступная юнацкая мара. Заўважыў такую рэч, што калі ты чагосьці вельмі хочаш, імкнесься да гэтага, то ёсьць небясьпека, што твая мара спраўдзіцца.

Нехта сьпіўся, нехта пабываў у вязьніцы

У вёсцы, да 5-й клясы навучаўся ў беларускамоўнай школе. Лёс маіх аднакляснікаў склаўся па рознаму: нехта сьпіўся, нехта пабываў у вязьніцы. Нягледзячы на праблемы, лічу, што беларуская моладзь мае вялікі патэнцыял у сваёй большасьці. Варта толькі даць людзям крыху надзеі, радасьці, шацунку. А так, вядома становішча не вясёлае, маю знаёмых дзяцінства, якіх пляжыць жыцьцё.

Машыны з кулямётамі і людзі са зброяй

Паездка ў Чад была мне да душы. Там крыху іншыя стасункі паміж людзьмі, напэўна такія, якія былі ў Беларусі ў стагодзьдзі 19-м. Людзі надзвычай радасныя, хоць і маюць безьліч праблем. Адзін зь непрыемных успамінаў — гэта, калі ідзеш па вуліцы і бачыш картэж прэзыдэнцкі, а побач машыны з кулямётамі, гранатамётамі, людзі са зброяй.

А ў побыце там усё вельмі адкрыта, шчыра і проста. Жанчыны з суседніх дамоў прыходзілі ў госьці і праз усю ноч гаманілі між сабой у нашым двары. Мужчыны могуць дазволіць сабе трымаць адзін аднаго за вялікі палец у часе шпацыру, гэта ў іх, як поціск рукі ў нас. Я спачатку не разумеў, думаў, што гэта блін такое?

Жыцьцё там больш павольнае, разьняволенае. Моладзь звычайна мае правы кіроўцаў, усе шматмоўныя, а я трошкі тугадум у гэтым кірунку. Навучэнцы, студэнты вельмі адказна ставяцца да адукацыі. Вучоба – гэта шлях выбіцца ў людзі, будучая магчымасьць забясьпечыць сваю сям’ю і сваякоў, для іх гэта істотна. А яшчэ там няма традыцыі выпіваць, сваякі на мяне паглядалі скоса, калі ішоў на піва. Яны звычайна у футбол, валейбол граюць, на машынах ганяюць.

Люблю месцы, дзе людзі адчуваюць сябе свабоднымі

Я люблю вельмі з гуртом па вёсках гастраляваць, гэта ж які калярыт. Кожны раз нейкая новая гісторыя. Едзеш па Беларусі і думаеш: «Якая прыгажосьць!» Калі казаць пра замежжа, люблю гарады, дзе разьвітая вулічная культура, месцы, дзе людзі адчуваюць сябе свабоднымі. Заўважыў, што, беларусы не сьпяваюць, проста так наш чалавек змораны, задураны, яго заўсёды па галаве б’юць, таму ён лепш памаўчыць.

Патрэбна быць гатовым даць некаторым у рыла

На прыканцы 90-х бывалі сутычкі. Ланцугі, газавыя балёнчыкі пры сабе мелі. Заўсёды была пэўная рызыка, трымалі сябе напагатове. Але я маю перакананьне — гвалту можна пазьбегнуць у большасьці выпадкаў. Звычайна нават зьнешне агрэсіўныя людзі маюць сваю кранальную гісторыю. Часам ворагі пасьля кароткай размовы станавіліся прыяцеляміі. Галоўнае пачуць, зьвярнуць на чалавека ўвагу. Але ўсё роўна патрэбна быць гатовым даць некаторым у рыла. (Хай такога не здарыцца).

Цёрты калач

Натхненьне.... Крыніцы натхненьня: узаемаадносіны, людзі, размовы, прыгажуні. Наконт таго, адкуль бярэцца талент, я дакладна адказаць не магу, трэба пытацца ў тых, хто яго мае. Гурт наш, як кажуць, «цёрты калач». Мы граем на карпаратывах, вясельлях, дзе заўгодна ... які талент, паглядзі на нас )). Іронія вельмі патрэбная рэч, яна прысутнічае ў нашых песьнях. Як безь яе? Пытаньне таленту і палёт пігасу — гэта не да нас.

Гэта як вайна для мяне, як Тытанік

Сур’ёзныя адносіны для мяне — рэч складаная. Гэта як вайна, як Тытанік. Заўсёды нейкае самакапаньне ўзьнікае, своеасаблівы стан панікі і мандражу. Неадступна пульсуе думка, адзін чалавек, адно каханьне, ад гэтага сумненьні ўзьнікаюць, балючыя раставаньні, гэта нараджае нейкі страх. Бо можа ты памыліўся? Сям’я больш важная рэч, чым творчасьць. Але ж адно другому не замінае, напэўна.

У кожнага чалавека павінна быць нешта, дзеля чаго ён можа пайсьці на ахвяры

Шмат што можа абмяжоўваць чалавека. Гэта звычайна нейкія цёркі, траблы, ціск. Кажуць, што нічога не абмяжоўвае чалавека апрача ўласнай ляноты, страху, але бываюць сытуацыі, калі апускаюцца рукі і ніякія крылы не дапамогуць. Мяне ў цяжкіх момантах ратуе перад усім вера. Я каталік, для мяне істотна, кім я ёсьць, гэта вельмі важна. Калі ў чалавека забраць веру, то ён пазбаўляецца падмурку. Павінна быць нешта, дзеля чаго мы можам ахвяраваць уласным дабрабытам ці жыцьцём.

А яшчэ ў сэрцы кожнага з нас жыве кароль і вельмі істотна яго разглядзець у любым чалавеку.

Я шчасьлівы, што нарадзіўся тут, што ў мяне такія цудоўныя сваякі і сябры, мне вельмі пашчасьціла.

Зараз вядома, што я не стану байцом спэцназу, але ж ніхто ня ведае, што там будзе. Варта цаніць тое, што ты маеш. А ўвогуле мы хочам адрадзіць вялікае княства ад мора да мора і гастролі па гэтаму княству зладзіць безь перашкодаў зь візамі ))

Іван Шыла. Быў маленькі ды рамантычны, а цяпер я больш цынічны
Віталь Рыжкоў. Мама, адстань ад мяне, я яшчэ пажыву хістаннямі
Алесь Кот-Зайцаў. Чым больш свабодна жывеш, тым больш намаганняў цябе прыціснуць


Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0642 seconds.