У магістратуру адправяць давучвацца кожнага 10-га выпускніка

Каля 10% выпускнікоў беларускіх ВНУ, якія будуць навучацца па скарочаным тэрміне навучаньня, будуць працягваць адукацыю ў практыка-арыентаванай магістратуры. Цяпер у магістратуру ідуць у два разы менш студэнтаў, пры гэтым паступаць у платную магістратуру пасьля бясплатнага аддзяленьня бакаляўрыяту цяпер забаронена.

З наступнага навучальнага году ўнівэрсытэты абавяжуць набіраць у магістратуры мінімум 10% ад выпускнікоў бакаляўрыяту — скарочанага навучаньня працягласьцю 4 ці 4.5 года.

Цяпер беларускія студэнты-магістранты вучацца год. У будучым большасьць магістратураў будуць разьлічаныя на два гады. Стаць студэнтам магістратуры можна толькі пасьля атрыманьня дыплёму аб вышэйшай адукацыі першай ступені.

«Неўзабаве большасьць навучэнцаў будуць атрымліваць вышэйшую адукацыю за 4–4.5 гады», — заявіў з гэтай нагоды міністар адукацыі Сяргей Маскевіч. Раней казалася аб тым, што толькі траціну ўсіх спэцыяльнасьцяў перавядуць на скарочанае навучаньне.

«Падрыхтоўка магістраў для інавацыйных сфэраў эканомікі [такая цяпер асноўная мэта магістратуры ў Беларусі] — гэта двухгадовая праца зь людзьмі, здольнымі ня толькі атрымліваць веды, але і ўдасканальваць іх, рабіць уласны унёсак у разьвіцьцё навукі, эканомікі, сацыяльнай сфэры», — сказаў Маскевіч.

«Некаторыя спэцыяльнасьці будуць адкрыты для набору ужо ў 2012–2013 навучальным годзе, асноўную плыню мы прымем ў 2013–2014 навучальным годзе», — сказаў намесьнік міністра адукацыі Аляксандр Жук. У якасьці экспэрымэнту такое навучаньне ўжо праводзіцца па некаторых спэцыяльнасьцях, зьвязаных з кіраваньнем ў дзяржэканоміцы.


Толькі 5.2% студэнтаў бясплатных аддзяленьняў паступаюць у магістратуру

Невыканальныя пляны?

У мінулым годзе беларускія дзяржаўныя ВНУ выпусьцілі больш за 64 тысячаў студэнтаў. Прычым у сярэднім толькі 5% зь іх працягнулі навучаньне ў аднагадовай магістратуры. Выпуск магістраў мілага году не перавысіў 3 тысячаў чалавек.

Калі Мінадукацыі зьбіраецца навучаць па скарочаных праграмах мінімум 35 тысячаў чалавек, то у магістратуры прыйдзецца набіраць да 3.5 тысячаў. Аднак здольнасьці ўнівэрсытэтаў знайсьці столькі жадаючых працягнуць адукацыю ў беларускіх ВНУ выклікае сумнеў. Асабліва з улікам нядаўна зьмененых правілаў разьмеркаваньня, якія забараняюць паступаць у платную магістратуру ўсім выпускнікам, што падпадаюць пад разьмеркаваньне.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0596 seconds.