Выпускнікі сутыкнуліся з заканадаўчым абсурдам з-за новых правілаў разьмеркаваньня

разьмеркаваньне

У той час, калі Мінадукацыі забараняе паступаць у платныя магістратуры пасьля бюджэтных аддзяленьняў ВНУ, унівэрсытэты дазваляюць адпрацоўваць па разьмеркаваньні і адначасова вучыцца на платнай дзённай магістратуры. Тыя ж студэнты, што жадаюць зьехаць за мяжу дзеля працягу адукацыі, рызыкуюць атрымаць рахункі на гіганцкія сумы, што ў некалькі разоў перавышаюць сродкі, выдаткаваныя платнікамі на навучаньне па тых жа спэцыяльнасьцях.

Зьмяніць правілы ў час гульні

Беларускае Міністэрства адукацыі любіць даволі часта зьмяняць нормы і правілы навучаньня, залічэньня ў ВНУ і іншыя падобныя дакумэнты. У прыватнасьці, правілы разьмеркаваньня за апошнія два гады зьмяняліся тройчы, і апошні раз літаральна за некалькі месяцаў да пачатку працэсу разьмеркаваньня. Нядаўна, дарэчы, было абвешчана аб новых зьменах у правілах прымусовай адпрацоўкі. На гэты раз вырашана, што студэнтаў будуць разьмяркоўваць мінімум за год да атрыманьня дыплёму. То бок, у некаторых выпадках, на трэцім курсе.

У выніку пастаянных перапісваньняў правілаў гульні застаюцца незразумелымі некаторыя пытаньні. Гэта адчулі і выпускнікі БДУ, што жадалі пасьля атрыманьня дыплёму спэцыяліста працягнуць навучаньне ў магістратуры таго ж унівэрсытэту.

Яшчэ ў красавіку гэтага году супрацоўнікі аддзелу кадраў БДУ запэўнівалі студэнтаў, што пасьля заканчэньня бюджэтнай формы навучаньня выпускнікі могуць без праблемаў ісьці ў магістратуру на бюджэт і адпрацоўваць пасьля магістратуры. На платнае можна было паступаць пры ўмове паралельнай працы па разьмеркаваньні.

«То бок, галоўнае — разьмеркаваньне, а як ты там і дзе вучысься пры гэтым — твае праблемы», — казалі супрацоўнікі аддзелу кадраў БДУ.

Сапраўды, паводле новага Кодэксу аб адукацыі, студэнты абавязаныя два гады прымусова адпрацоўваць і пасьля заканчэньня магістратуры, калі да яе яны атрымалі дыплём спэцыяліста і не адпрацавалі яго. Аднак у законе не пазначана, ці могуць выпускнікі-бюджэтнікі паступаць у платныя магістратуры.

«Я шчыра зьбіралася пайсьці на платнае ў нашу магістратуру — ну хоць у новы корпус пахадзіць годзік, прыдбаць статус студэнта, езьдзіць па канфэрэнцыях, скасіць паралельна год прыгоннага права, ды й атрымаць за 11 млн. беларускіх рублёў тытул „магістра“, — кажа выпускніца БДУ Тацяна*. Але ж не было б наша заканадаўства нашым, калі ў ім было б так проста разабрацца, і каб ад яго можна было так проста адчапіцца».

«Паспрабуйце дамовіцца»

Зь першымі сюрпрызамі студэнты сутыкнуліся з пачаткам уступнай кампаніі ў магістратуры.

«Трывожны кліч кінула мая сяброўка, якая хоча ў магістратуру на філфак. Ёй сказалі: ці бюджэтная магістратура, ці выплочвай грошы за 5 гадоў».

Дзяўчыны адправіліся ў Міністэрства адукацыі, дзе галоўны спэцыяліст па магістратуры пацьвердзіў: паступаць можна толькі на бюджэт. Аднак дадаў:

«Але паспрабуйце дамовіцца з унівэрсытэтам. Унівэрсытэт гэта не вырашае, законам тое не прадугледжана, але паразмаўляйце ў сябе ва ўнівэрсытэце». Пры гэтым у Мінадукацыі выпускніцам пацьвердзілі, што працаваць па разьмеркаваньні і паралельна вучыцца нельга.

«У мяне заўсёды былі падазрэньні, што нашы законы — двухсэнсоўныя, — кажа Тацяна. — Але ж, як высьвятляецца з кожных днём і ў розных галінах жыцьця, яны не двух-, а значна больш сэнсоўныя. Камічнасьць сытуацыі часам нават перакрывае негатыўнае стаўленьне: гэта ж трэба, Міністэрства адукацыі, якое мусіць распрацоўваць законы па адукацыі і ведаць, што маецца на ўвазе, само прапануе залежным ад яго інстанцыям тлумачыць законы як заўгодна ці непасрэдна іх парушаць».

У пэўны момант Тацяна вырашыла канчаткова адмовіцца ад беларускай адукацыі і адправіцца па разьмеркаваньні. Конкурс на некалькі бясплатных месцаў у магістратуры яе факультэту сёлета як ніколі высокі. Пэрспэктывы ж двухгадовай адпрацоўкі пасьля яе не дадавалі аптымізму.

Але «дамовіцца» з унівэрсытэтам усё ж атрымалася: БДУ парушыў правілы Мінадукацыі, і пагадзіўся залічыць студэнтак на платныя магістарскія праграмы з умовай таго, што паралельна яны будуць адпрацоўваць па разьмеркаваньні.

Афіцыйна

Асобаў, што падпадаюць пад разьмеркаваньне, датычыцца наступны юрыдычны дакумэнт: «Пастанова аб некаторых пытаньня разьмеркаваньня, пераразьмеркаваньня (…)» (22.06.2011 № 821). У ёй прапісана, што

«Выпускнік, які атрымаў пасьведчаньне аб накiраваньнi на працу, які да названага ў пасьведчаньні аб накіраваньні на працу тэрміну прыбыцьця ў арганізацыю залічаны ва ўстанову адукацыі на навучаньне за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў у дзённай форме атрыманьня адукацыі на больш высокі ўзровень (ступень) адукацыі, абавязаны на працягу трох дзён пасьля залічэньня пісьмова паведаміць аб сваім залічэньні наймальніка, установу адукацыі і вярнуць пасьведчаньне аб накiраваньнi на працу ва ўстанову адукацыі».

Калі ж выпускнік паступіў на любую (ня толькі за кошт бюджэту) магістратуру, яго абавязаныя звольніць. Адпрацоўваць ён будзе пасьля. Аб гэтым гаворыцца ў той жа пастанове Савету міністраў:

«Звальненьне маладых спэцыялістаў […] да заканчэньня названага ў пасьведчаньні аб накіраваньні на працу тэрміну абавязковай працы забараняецца, за выключэньнем выпадкаў:
залічэньня ва ўстанову адукацыі на навучаньне ў дзённай форме атрыманьня адукацыі больш высокага узроўню (ступенi)».

Юрыдычную падтрымку бясплатна можна атрымаць празь вялікі форум аб разьмеркаваньні.

$18 тысячаў за права навучацца за мяжой

Зрэшты, сытуацыя Тацяны яшчэ ня самая горшая з магчымых. Павал*, адзін зь яе аднакурсьнікаў, сёлетніх выпускнікоў БДУ, выйграў адну зь нешматлікіх даступных для беларусаў стыпэндый на навучаньне ў замежжы. Прычым ён быў прызнаны адным зь лепшых сярод усіх сёлетніх стыпэндыятаў у сьвеце. Аднак перад тым, як скарыстацца магчымасьцю атрымаць замежную адукацыю, што выпадае раз у жыцьці, таленавіты студэнт вымушаны выплаціць увесь кошт навучаньня ў БДУ за 5 гадоў.

Падлічваюць, колькі студэнт вінен дзяржаве, зыходзячы з новай стаўкі базавай велічыні. Сярод іншага студэнт абавязаны вярнуць дзяржаве ўсе свае стыпэндыі, у тым ліку спэцыяльныя стыпэндыі, тыя самыя, якія плаціліся самым-самым лепшым студэнтам. І прэміі і ўзнагароды, атрыманыя зь бюджэту, у гэтую ж скарбонку. Агулам — мінімум 18 тысячаў даляраў. Найбольш Паўлу крыўдна за тыя стыпэндыі, што ён атрымліваў у якасьці гульца адной са зборных унівэрсытэту. У ягоным выпадку гэта лічба перавышае 23 тысячы даляраў. Калі б Павал вучыўся на платным аддзяленьні, то за ўсе 5 гадоў навучаньня нават з улікам цяперашніх коштаў заплаціў бы каля 9 тысячаў.

Сапраўды, выглядае, што сёлета дзяржава вырашыла па-максымуму перакрыць усе магчымасьці для беларускіх студэнтаў працягнуць адукацыю за мяжой.

На нядаўняй анлайн-канфэрэнцыі на пытаньне студэнткі Надзеі пра ўмовы разьмеркаваньня і адпрацоўкі студэнта, які паступіў у замежную магістратуру, міністар адукацыі Сяргей Маскевіч заявіў:

«Разьмеркаваньне ажыцьцяўляецца «на звычайных умовах. Ёсьць пастанова Савета міністраў аб парадку накіраваньня на навучаньне ў арганізацыі замежных дзяржаў. Тады гэта мэтавае навучаньне у магістратуры, і студэнт падлягае разьмеркаваньню ў адпаведнасьці з заключанай дамоваю».

Паводле словаў міністра атрымліваецца, што паступаць у магістратуру за мяжой пасьля навучаньня на бюджэце можна толькі па накіраваньні ад унівэрсытэту. Альбо выплочваць увесь кошт навучаньня. Падаць дакумэнты на накіраваньне трэба было, дарэчы, яшчэ да 1 сакавіка. Пасьля яго адпрацоўваць таксама прыйдзецца.

Новыя правілы пацьвярджае і газэта «Звязда», афіцыйная крыніца беларускага парлямэнту. «Паступленьне ў „платную“ магістратуру [а значыць і замежную] пасьля бюджэтнага навучаньня ў ВНУ зараз магчымае толькі пасьля адпрацоўкі па выніках навучаньня на першай ступені ці пасьля вяртаньня сродкаў адпаведна неадпрацаванаму тэрміну», — піша «Звязда».

Такім чынам, сысьці ад разьмеркаваньня праз паступленьне ў замежную магістратуру не атрымаецца.

«Калі мы паступалі і пагаджаліся на ўмовы „бясплатнай адукацыі“, умовы былі іншымі. І калі гэта дамова паміж студэнтам і дзяржавай, хай і ня выразна агучаная, то дамовы павінныя прытрымлівацца абодва бакі», — кажа Тацяна.

«Але ж, мабыць, няпэўнасьць ў розумах у нашым грамадзтве перавысіла ўсе чаканьні дзяржавы, калі ўжо ўтрымаць моладзь у краіне можна толькі празь зьмену правілаў падчас гульні».

* — імя зьмененае

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0655 seconds.