Колькасьць «байцоў» БРСМ ужо перавысіла 7 тысячаў чалавек
Удзельнікаў моладзевых атрадаў аховы правапарадку у БРСМ часта называюць «байцамі» і падкрэсьліваюць, што тыя працуюць бясплатна з мэтай прафіляктыкі.
Кіраўнік БРСМ Ігар Бузоўскі і маладыя «байцы»
За апошнія паўгода колькасьць «байцоў» моладзевых атрадаў (МААП) БРСМ вырасла на 2 тысячы і дасягнула 7 тысячаў чалавек. Удзельнікі атрадаў патрулююць вуліцы (афіцыйна — толькі зь міліцыяй) і праходзяць трэніроўкі на базах АМАПу. Аб гэтым БелТА заявіў першы сакратар Цэнтральнага камітэту Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі Ігар Бузоўскі.
У 2011 годзе «байцы» БРСМ паўдзельнічалі ў больш чым 1 000 затрыманьнях. Афіцыйна затрымліваць кагосьці байцы права ня маюць — толькі «дапамагаць» міліцыі. Хаця ў сацыяльных сетках пэрыядычна зьяўляецца аб «апэрацыях» атрадаў, у якіх міліцыя паўстае толькі ў пастарунку.
Байцы праходзяць зборы, дзе вывучаюць некаторыя прыёмы рукапашнага бою, зборку і разборку
На зборах «праваабаронцаў» з БРСМ. Скрыншот з рэпартажу БТ
Афіцыйна вулічныя «дазоры» БРСМ не аплочваюцца, але грашовае ўзнагароджаньне, прынамсі ў Заводзкай арганізацыі Менску, «байцы» атрымліваюць. Яго памер не называецца.
Цяпер пазнаць «байцоў» БРСМ можна толькі, бадай, па характэрным для актывістаў гэтай арганізацыі высокаінтэлектуальным выглядзе. Бо ва ўдзельнікаў атрадаў акрамя несур’ёзнага пасьведчаньня больш нічога няма, нават павязак «дружыньнік». Таму БРСМ лабіруе пытаньне аб выдачы такім атрадам адзінай формы.
«Гэта пэрспэктыва недалёкая, мы бачым зацікаўленасьць як з боку Міністэрства адукацыі, гэтак і з боку сілавых ведамстваў краіны», — кажа Ігар Бузоўскі.
У МААП нават ёсьць прафэсійнае сьвята, якое сёлета адзначылі на базе адной з воінскіх частак. Лепшым камандзірам моладзевых атрадаў раздалі знакі ўнутраных войскаў «За самаадданую службу». У БРСМ ганарацца тым, што некаторыя ўдзельнікі атрадаў ідуць служыць у «элітныя падразьдзяленьні ўнутраных войскаў». Тое цешыць і Міністэрства ўнутраных справаў:
«Нам патрэбныя добраахвотныя памочнікі, якія служаць годным прыкладам для іншых», — кажа намесьнік міністра ўнутраных спраў Мікалай Мельчанка.
Хаця асацыяцыі МААП зь мілітарызаванымі падразьдзяленьнямі, нягледзячы на вайсковую форму і курсы па абыходжаньні са зброяй і выбухоўкай, у БРСМ адкідаюць. «Чуткі аб тым, што БРСМ зьбірае ледзь не свае ўзброеныя войскі» Бузоўскі называе «паклёпам». Паводле яго, байцоў спэцатрадаў навучаюць толькі дзеля «абароны». Каго і ад чаго зьбіраюцца абараняцца БРСМаўцы, спадар Бузоўскі не ўдакладніў.