Ідэоляг далучэньня Беларусі да Балоньскага працэсу абрынуўся з крытыкай на альтэрнатыўны камітэт

Кіраўнік Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Міхаіл Дзямчук раскрытыкаваў пазыцыю альтэрнатыўнага Балоньскага камітэту, які праз уплыў на далучэньне да адзінай адукацыйнай сыстэмы спрабуе аказаць ціск на беларускае Мінадукацыі з мэтай рэфармаваньня вышэйшай школы. Па словах доктара Дземчука, рэформы будуць, але мінімальныя, а «нейкі грамадзкі камітэт» лезе не ў сваю справу і займаецца палітыкай.


Два прафэсары і адна сыстэма: Міхаіл Дзямчук vs Уладзімір Дунаеў

«Сур’ёзных праціўнікаў самой ідэі ўступленьня [Беларусі] ў Балёньскі працэс сёньня няма», — заявіў кіраўнік РІВШ Міхаіл Дзямчук у час канфэрэнцыі на БелТА.

Паводле яго слоў, «у Беларусі вядзецца актыўнае абмеркаваньне гатоўнасьці краіны да ўваходжаньня ў Балоньскі працэс. Міністэрства адукацыі падало заяўку на далучэньне, а нейкі грамадзкі Балоньскі камітэт, створаны ў Беларусі, падрыхтаваў „альтэрнатыўны справаздачу“, у якой зробленая выснова, што без папярэдняга рэфармаваньня краіны будзе немагчыма далучыцца да Балоньскага працэсу».

«Самае дзіўнае, што прадстаўленыя ў „альтэрнатыўнай справаздачы“ дадзеныя і агульныя высновы наўпрост супярэчаць высновам экспэртаў эўрапейскага выканаўчага агенцтва, зробленым яшчэ ў 2010 годзе».

Справаздача грамадзкага Балоньскага камітэту, у які ўвайшлі адукацыйныя экспэрты і чальцы студэнцкіх ініцыятываў, была прадстаўленая роўна месяц таму ў Менску. У ёй экспэрты прапанавалі некалькі пунктаў «мінімальных рэформаў», якія б можна было запатрабаваць ад Беларусі ў якасьці ўмовы прыняцьця ў Балоньскі працэс. Сярод называліся забясьпячэньне ўнівэрсытэтам акадэмічных свабодаў, перагляд сыстэмы ацэнкі якасьці працы ВНУ, маніторынг дзейнасьці рэктараў з «чорнага сьпісу» ЭЗ, унесеных туды з-за адлічэньняў студэнтаў па палітычных матывах.

«Тут няма ніякай палітыкі»

Міхаіл Дзямчук кажа, што ў адукацыйных справах ў Беларусі «няма ніякай палітыкі», але яго «насьцярожвае імкненьне асобных людзей замяшаць навуку і адукацыю зь нейкімі палітычнымі рэчамі».

У адказ адзін зь лідэраў альтэрнатыўнага Балоньскага камітэту, былы прарэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Ўладзімір Дунаеў кажа, што адукацыйныя чыноўнікі не сьпяшаюцца камунікаваць з камітэтам, у той час як беларускай вышэйшай адукацыі варта цалкам перабудавацца. Аб гэтым ён заявіў у інтэрвію naviny.by.

«У нас не існуе грамадзкага ўдзелу ў кіраваньні вышэйшай школай. Сыстэма кіраваньня выключна цэнтралізаваная», — мяркуе Дунаеў.

«Уся структура адукацыі павінна сур’ёзна пераглядацца. І гэта не выключае самага важнага ў Балоньскім працэсе — акадэмічных свабодаў, акадэмічнай мабільнасьці і самакіраваньня ўнівэрсытэтаў».

Акрамя гэтага Дунаеў папракае ўлады за «звальненьні і іншыя формы ціску на выкладчыкаў, іншых супрацоўнікаў ВНУ», якія як і адлічаныя па палітычных матывах студэнты, праяўлялі адрозную ад афіцыйнай палітычную пазыцыю.

Бяз «жорсткіх абавязкаў»

Міхаіл Дзямчук падкрэсьлівае, што нават з далучэньнем Беларусі да адзінай адукацыйнай прасторы, «жорсткіх абавязкаў» у Беларусі перад Эўропай ня зьявіцца. І прыводзіць у прыклад Расею, якая пайшла па «мяккім шляху». Хаця некаторыя рэформы беларускай сыстэме вышэйшай адукацыі ўсё ж пераадолець прыйдзецца.

«У пэрспэктыве, можа быць, пяройдзем на схему бакаляўр — магістар, — прыводзіць прыклад магчымых зьменаў рэктар РІВШ. — Зараз перайсьці нельга, таму што рынак бакаляўраў ня ясны. Добра аформлены рынак спэцыялістаў, ён зразумелы працадаўцам».

Але афармленьне клясу бакаляўраў дэфакта адбудзецца ўжо ў гэтым годзе, калі працягласьць навучаньня на вялікай колькасьці спэцыяльнасьцяў скароціцца да чатырох гадоў. І, верагодна, па прычынам далёкіх ад жаданьня адпавядаць ідэалам балоньскай дэклярацыі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0615 seconds.