Скарачаць навучаньне да 4 гадоў будуць за кошт гуманітарных дысцыплінаў

Ужо цяпер 15% спэцыяльнасьцяў беларускіх ВНУ можна прайсьці за чатыры гады. З наступнага году працягласьць навучаньня скароцяць яшчэ на некаторых катэдрах, пераважна, за кошт гуманітарных дысцыплінаў.

Працягласьць навучаньня ў беларускіх унівэрсытэтах зь пяці да чатырох гадоў будуць скарачаць «шляхам зьмястоўнай аптымізацыі сацыяльна-гуманітарнага кампанэнту», — заявіў рэктар Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы (РІВШ) Міхаіл Дзямчук.

Па словах прафэсара Дзямчука, гуманітарныя дысцыпліны ў беларускіх ВНУ праходзяць у якасьці кампэнсацыі за адсутнасьць 12-а ці 13-а клясу ў школах, як ёсьць у многіх эўрапейскіх краінах.

А паколькі Беларусь зьбіраецца далучыцца да агульнаадукацыйнай прасторы Эўропы, дзе на атрыманьне першай ступені вышэйшай адукацыі прынята траціць 4 гады, то працягласьць навучаньня ў нашых ВНУ якраз і скароцяць за кошт гуманітарных прадметаў. Праўда, кампэнсаваць іх у школе, здаецца, не зьбіраюцца.

Цяпер разглядаюцца розныя варыянты, але адмова ад такіх прадметаў як гісторыя ці паліталёгія выглядае найбольш верагоднай: гуманітарныя дысцыпліны якраз складаюць пятую частку пяцігадовай праграмы, якую на пятую ж частку і трэба скараціць.

«Задача па скарачэньні тэрмінаў падрыхтоўкі спэцыялістаў з вышэйшай адукацыяй была пастаўлена і кіраўніком дзяржавы, — кажа Дзямчук. Па ягоных словах, ужо з 2006 году 15% спэцыяльнасьцяў беларускіх ВНУ — чатырохгадовыя.

І грошай зэканомяць…

Між тым яшчэ адным матывам скарачэньня працягласьці навучальных праграмаў могуць быць праблемы зь фінансаваньнем адукацыі. Увосень 2011 году Міністэрства адукацыі абвясьціла аб плянах скарачэньня выдаткаў за кошт зьменаў навучальных плянаў, двухразовага скарачэньня набору на спэцыяльнасьці і скарачэньня пэрсаналу. Такім чынам плянуецца зэканоміць 12.7 мільярды рублёў.

А яшчэ адным ударам па гуманітарным дысцыплінам можа стаць рашэньне зьнізіць значнасьць моўных тэстаў пры залічэньні ў ВНУ. Адбудзецца гэта за кошт павялічэньня ў два разы вагі балаў па профільных прадметах у агульнай суме пры паступленьні на тэхнічныя спэцыяльнасьці.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0562 seconds.