Студэнтаў-мастакоў прымусілі расьпісваць сьцены пад’ездаў ідэолягаў і кіраўніцтва ВНУ

Былая студэнтка Акадэміі мастацтваў абвінаваціла сваю ВНУ ў прымусе да росьпісу сьцен у пад’ездах, дзе жывуць высокія чыноўнікі і кіраўніцтва Акадэміі. Мастачка сьцьвярджае, што працавала ў складаных умовах амаль «за бясплатна».

Выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Алена Мягкова ва ўласным блогу раскрыла падрабязнасьці «студэнцкай ініцыятывы» па росьпісу пад’ездаў у дамах Першамайскага раёну. Як раней паведамлялі дзяржаўныя мэдыя, у межах «сацыяльна значнага праекту «Ўтульны дом» некаторыя студэнты-дызайнэры размалёўвалі сьцены ў паліклініках, дзіцячых садках і іншых аб’ектах, за што атрымлівалі «ўзнагароджаньне».

Цяпер Алена Мягкова распавяла падрабязьней, якім чынам ініцыявалася актыўнасьць студэнтаў, а таксама, які памер мела «ўзнагароджаньне».

Як высьвятляецца, студэнты працавалі ў межах практыкі (хаця росьпіс сьценаў — зусім ня іх спэцыялізацыя), пляцоўка якой дзіўным чынам супадала зь месцам жыхарства істотных чыноўнікаў: «сяброў рэктара (цяпер ужо былога) і раённай адміністрацыі». А саму Мягкову направілі ў пад’езд, дзе жыла галоўны ідэоляг Першамайскага раёну Менску. З-за гэтага дзяўчыне прыйшлося працаваць у два разы болей заплянаванага, расьпісваючы два паверхі, а не адзін, на адным зь якіх і жыла чыноўніца.

Як піша Мягкова, студэнтка паспрабавала давесьці, што першапачаткова заплянаваны кантракт парушаны, але на дзяўчыну націснула кіраўніцтва Акадэміі, і тая пакорліва выканала ўсю працу (за што атрымала $40, хаця звычайны ганарар мастакоў за гэты ж памер працы ў шмат разоў вышэйшы).

«І усім гэта выгодна — і акадэміі, і адміністрацыі раёну, і жабракам-студэнтам, якія за $40 расьпісваюць цэлыя паверхі, хаця звычайная расцэнка ў мастакоў —  $100/мэтар, — піша Алена Мягкова. — Скажыце, адкуль гэтая звычка ўсё атрымаць на халяву, за капейкі, зьняважыць, прыхіліць, прымусіць? Асабліва балюча, калі гэта ўсё ж твая творчасьць, тваё дзецішча, і людзі шчыра радаваліся, калі пад’езд ператвараўся ў дзівосны сад».


Так выглядаюць працы студэнтаў, якія расьпісваюць сьцены ў межах праекту «Ўтульны дом».
Фота Алена Мягкова

Цяпер, па словах дзяўчыны, яе працы выклікаюць троху іншыя эмоцыі:

«Так часам хацелася ўзьняцца на той пяты паверх [дзе жыве ідэоляг] з балёнам чорнай фарбы і па сваіх размалёўках квітнеючага дрэва павольна вывесьці слова з трох літар».

Пра важныя падзеі і навіны са сваіх унівэрсытэтаў і інтэрнатаў паведамляйце на адрас info@generation.by.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0592 seconds.