Студэнты Акадэміі мастацтваў размалёўваюць сьцены пад’ездаў

Студэнты творчых спэцыяльнасьцяў другі месяц расьпісваюць сьцены менскіх пад’ездаў. Гэткую працу прапанавала ім гарадзкая адміністрацыя. Акрамя дамоў на Ўсходзе Менску, маладыя мастакі ўжо размалявалі сьцены адной зь дзіцячых паліклінік.


Гэтак выглядаюць вынікі працы студэнтаў. Скрыншот зь сюжэту Першага нацыяльнальнага

У ліпені студэнты Акадэміі мастацтваў пасьпелі размаляваць пад’езды ў дамах на вуліцах Каліноўскага і Цікоцкага. Кветачкі і парсючкі на непрыглядных менскіх сьценах зьявіліся ў межах праекту «Ўтульны дом», што Акадэмія ладзіць сумесна з Першамайскім раёнам.

Як перадае агенцтва «Мінск-навіны», цяпер на першых паверхах дамоў № 73/1, 77, 83 па вуліцы Каліноўскага і № 2 па вуліцы Цікоцкага прапісаліся насельнікі марскога дна і расквітнелі райскія сады. Кажуць, малюнкі будуць трымацца каля 10 гадоў.


Фота з сайту Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў

Агулам за чатыры гады існаваньня праекту «Ўтульны дом», што сумесна з Акадэміяй мастацтваў ладзіць ЖРЭА і адміністрацыя Першамайскага раёна, студэнты размалявалі сьцены 11 дамоў і двух дзіцячых паліклінік. За сваю працу студэнты атрымліваюць узнагароджаньне. Сёлета ў праекце занятыя 10 маладых дызайнэраў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.065 seconds.