«Калідор вечнасці» студэнта Акадэміі Мастацтваў адкрылі ў Менску

У суботу адбылося адкрыццё паблік-артавай інсталяцыі ў цэнтры Менску, якую зрабіў студэнт Акадэміі Мастацтваў. 

Калідор вечнасці — скульптурная кампазіцыя даўжынёй у 7 метраў, сцены, падлога і столь якой маюць люстэркавую паверхню. Інсталяцыя зробленая з паліраванай нержавеючай сталі і важыць 600 кілаграмаў, таму ўсталёўваць яе давялося ажно дзесяці мужчынам. Аўтар праекту  — Алесь Кудрашоў, студэнт 4 курсу Акадэміі мастацтваў вельмі чакае фідбэку ад жыхароў гораду і хоча паназіраць, як ягоны калідор вечнасці будзе змяняцца.

«Хутка мы пачнем бачыць, як наш сквер пачне дэфармаваць маю ж інсталяцыю, гэта можа быць і дождж, і гэта бясспрэчна будуць таксама і людзі, якія будуць яе дэфармаваць», — кажа Кудрашоў.

Аўтар праекту меў на мэце пазбавіць людзей ад уплыву брэндаў і сацыяльных стэрэатыпаў, звярнуць іх увагу на больш значныя паняткі: мара, думка, ідэя.

Паблік-артавая кампазіцыя будзе стаяць да сярэдзіны лістапада на скрыжаванні вуліц Захарава і Першамайскай, далейшы лёс яе невядомы.

«Невядома, як жыхары гораду паставяцца да яе. Інсталяцыя можа пераехаць у лес, можа пераехаць да мастака Сяргея Кірушчанкі, можа застанецца тут».

Скульптурная кампазіцыя зробленая ў межах праекту Інстытута імя Гётэ «Арт-горад». Большасць галасоў ад журы, у якое ўваходзілі беларускія і нямецкія мастакі, атрымала праца Аляксандра Кудрашова. Астатнія 10 прац можна пабачыць на выставе «Арт-горад» у музэі З.І. Азгура.

Фота: Юля Сакалоўская
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0797 seconds.