Падлеткавыя 90-я і Бжорк

У архіважным для нашае краіны 1994 годзе, якраз калі мы адначасова рыхтаваліся паціху да «дарослага і сур’ёзнага жыцьця» ды бязглузда завісалі на флэтах сяброў-сябровак (бацькі ж адчальвалі на лецішчы), неяк на адну з такіх паці трапiў альбом з назвай Debut ісьляндзкай сьпявачкі Björk. Зараз я разумею, што тады асаблівага фурору ён не зрабiў, але гэтая дзяўчына тады ўсё ж зьдзівіла.

Па-першае, яе музыка не падпарадкоўвалася нашай тагачаснай градацыі на «рок і папса» (зразумела, што мы былі за «рок»), але яна (музыка) нам падабалася, асабліва непаўторная манэра сьпеву. Па-другое, у Björk была зусім нетыповая зьнешнасьць для папулярнае сьпявачкі. Яна і зараз нетыповая, бо сіські-піські заўсёды прадаюцца лепш за нешта падобнае да Björk. І трэцяе — мы ня ведалі, як правільна вымаўляецца яе імя, дакладней, мы лічылі, што ведаем — казаць трэба Бжорк. Думалі, кшталту ангельскай транскрыпцыi. Такое вымаўленьне было дастаткова распаўсюджана сярод «нашых», нефармалаў. Неяк нават маю прыяцельку адзін хлапец недвухсэнсоўна намагаўся ачмурыць і прапановаў паехаць зь iм да яго «паслухаць Бжорк». Дзяўчына паехала не да яго, а празь некалькі год зьехала ў Ізраіль, эмігравала. Хлапец жа ж той, можа, і да гэтага часу недзе на раёне ля крамы запрашае кабетаў да сябе «на Бжорк».

З таго 1994 году ўсё зьмянілася. Як мінімум — мы даўно ўжо ведаем, што Björk чытаецца як Б’ёрк. Яна выдала ўжо 8 альбомаў, якія, нягледзячы на сваю неадназначнасьць і экспэрымэнтальнасьць, разыходзяцца плацінавымі накладамi (зноўку не працуе градацыя «рок-папса»), атрымала ў Канах тытул «лепшай акторкі» за сваю ролю у фільме Ларса фон Трыера «Танцуючая ў цемры» і ледзь не загінула ад пасылкі з бомбай, якую ёй даслаў фанат-вар’ят. Сам той фанат вынес куляй сабе мазгі. Björk выратавалі копы, і пасьля ўсяго гэтага яна запісала адзін са сваіх лепшых альбомаў — Homogenic, які я зараз і паслухаю, кхе-кхе. Вось такая яна, нашая Björk-Бжорк, нетыповая!

P.S. Да чаго гэта ўсё? 21 лістапада ў Björk дзень народзінаў. Сто лят і дзякуй ад нас!

Пра аўтара

Яўген Бузоўскі

Гітарыст і сонграйтэр IQ48. 
Трэцяе тысячагодзьдзе сустракаў у статусе студэнта.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0588 seconds.