«Дэклярацыя незалежнасьці» Bjork раззлавала Кітай і Сэрбію

Песьня Declare Independence ісьляндзкай сьпявачкі Bjork за некалькі апошніх дзён пасьпела раззлаваць улады Сэрбіі і Кітая. У пачатку сакавіка на канцэрце ў Японіі Bjork гучна падтрымала незалежнасьць Косава, а пазьней у Шанхаі ў часе выкананьня гэтай песьні пракрычала «Тыбет! Тыбет!».

Bjork на канцэрце ў Амстэрдаме
Bjork на канцэрце ў Амстэрдаме ў ліпені 2007 году. Фота: Віка Ysama для Generation.bY

У выніку былі скасаваныя шэраг канцэртаў сьпявачкі ў Сэрбіі, у тым ліку яе ўдзел у фэстывалі Exit. Доступ да яе сайту заблякаваны з тэрыторыі Кітая і ўлады гэтай краіны цяпер зьбіраюцца ўвесьці жорсткія правілы для музыкаў, якія прыяжджаюць у Кітай на гастролі.

Пасьля скандалу ў выніку апошніх заяваў сьпявачкі, Bjork зьмясьціла адмысловы камэнтар на сваім сайце, у якім патлумачыла, што зьяўляецца «не палітыкам, а ў першую і ў апошнюю чаргу музыкам».

«Я лічу сваім абавязкам выяўляць увесь спэктар чалавечых эмоцый», — піша Bjork і адзначае, што песьня Declare Independence першапачаткова ня мела ніякага палітычнага падтэксту, і штуршком да яе стварэньню былі асабістыя перажываньні. «Але тое, што зараз песьню пачулі і ў шырэйшым кантэксьце як голас прыгнечанага народа, мяне цешыць яшчэ болей».

Раней Bjork ужо сьпявала ў падтрымку незалежнасьці Грэнляндыі і Фарэрскіх выспаў, прыналежных Даніі.

Кліп на песьню Declare Independence:

Падрабязьней пра трэк «Declare Independence» у ангельскай Вікіпэдыі.

vojur 22:50, 07/03/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0579 seconds.