Канцэрт Bjork: сьвядомасьць рассыпаецца

Зусім ня кожнаму вядома, што выраз «туманны Альбіён» тычыцца ня толькі загадкавых берагоў Вялікабрытаніі, але і ня меней загадкавай сталіцы Галяндыі Амстэрдаму. І ўсё таму, што менавіта тут, на радзіме Ван Гога і Вэрмэра, у краіне, дзе на кожнага жыхара прыходзіцца па ровары – менавіта тут, у Амстэрдаме магчымы неверагодныя канцэрты-фэсты, здольныя сумяшчаць у сябе і якасную музыку, і ўсе магчымыя радасьці, вядомыя сучаснаму чалавеку.

8 ліпеня цудоўнага 2007 у Амстэрдаме, у мястэчку West Gas Factory Culture Park прайшоў чарговы канцэрт эўрапейскага маштабу. Гэтым разам – шыкоўнай ісьляндзкай сьпявачкі Вjork.

Незадоўга да пачатку на сцэне зьявіўся малады музыка з Ангельшчыны Jamie Lidell – адзін з удзельнікаў SuperCollider. Акрамя гэтага дуэту, з сярэдзіны 90-х Джэмі займаецца сольнай кар’ерай. Ягоная музыка вабіць тым, што ён сам выконвае ўсе аранжыроўкі, часта гэта біт-боксы, запісаныя самастойна. Безумоўна. Гэта не адзінае, чым можа пахваліцца брытанскі музыка. Другое каханьне Джэмі – соўл. У сваіх выступах музыка сумяшчае два стылі, што і выклікае цікавасьць публікі.

Цягам гадзіны мы атрымоўвалі асалоду ад незвычайнай музыкі Jamie Lidell. І вось пасьля невялічкага перапынку парк узарвалі крыкі-аплядысмэнты стомленых, а таму сквапных да кожнага шолаху і руху, людзей. На сцэне зьявілася Б'ёрк...

Не, яна не зьмянілася, не пастарэла – ёйны голас усё так жа прымушае цела дрыжэць, закранаючы кожную клетачку дотыкам гуку. І я зусім не перабольшваю – сьвядомасьць рассыпаецца на мільярды часьцінак, межы разбураюцца. Нараджаецца адасобленая рэчаіснасьць, у якой няма ні цябе, ні людзей – ёсьць толькі музыка.

Стан «прымусовага зьнікненьня за межы сьвядомасьці» доўжыўся ня многа ня мала гадзіну дваццаць. І падавалася, што гэтага недастаткова. Але разумееш, што якой бы неверагоднай і прыгожай гэта музыка не была, перадазіроўка можа спаліць, разбурыць, нават забіць.

На сцэне Б'ёрк зьяўлялася двойчы. Першы – каб выканаць асноўную частку, другі – каб па традыцыі засьпяваць заключныя дзьве песьні. Гэтым разам – Oceania і Declare Independence. Таксама сьпявачка выканала: Earth Intruders, Cover Me, Pagan Poetry, Hunter, All Is Full of Love, Pleasure Is All Mine, Joga, Hope, Army of Me, Innocence, I Miss You, 5 Years, Immature,Wanderlust, Hyperballad, Pluto.

Б’ёрк была ў бела-ружовай сукенцы. Ёйны непаўторны танец-скок не прыпыняўся ані на хвіліну. Ейнае цудоўнае «Thank you’s» прагучала некалькі разоў.

Ня менш цудоўнай была прысутнасьць на сцэне The Icelandic Brass Band. Гэты калектыў зь дзетак 12-16 год выклікаў шчырае захапленьне. Усе яны, бясспрэчна, дасканала валодаюць духавымі інструмантамі і ўжо зьяўляюцца прафэсійнымі музыкамі.

Пасьля працяглага выступу Бьёрк вырашыла прадставіць свой калектыў словамі:

«Now it’s time for me to turn professional by introducing my band».

Гук! Тут патрэбны велізарны клічнік: нягледзячы на тое, што канцэрт праходзіў пад адкрытым небам, гук быў выдатным.

Але, натуральна, галоўнай была непаўторная атмасфэра «туманнага Альбіёну» мацярыка Амстэрдам.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0612 seconds.