На некаторых факультэтах БДУ прахадны бал меней, чым у Акадэміі міліцыі

Скончыўся прыём на бюджэтныя месцы на большасьці факультэтаў Беларусі. У БДУ цяжэй за ўсё было стаць студэнтам праграмісцкіх і прававых спэцыяльнасьцяў, а вось на фізычны і ваенны факультэты ўнівэрсытэту набраць студэнтаў атрымалася зь цяжкасьцю. На некаторых спэцыяльнасьцях прахадны бал аказаўся нават меншы, чым у Акадэміі міліцыі.


Абітурыенты ў холе БДУ за некалькі гадзінаў да сканчэньня ўступнай кампаніі. Фота «КП в Белоруссии»

Як і ў мінулым годзе, абітурыенты БДУ абыходзяць бокам матэматыку зь фізыкай, затое шануюць міжнародныя адносіны ды інфарматыку. Рэкордным, як і ў 2010-м, стаў конкурс на 14 месцаў Факультэту міжнародных адносінаў (3 месцы «сышлі» па-за конкурсам).

Насуперак палітычнай і эканамічнай сытуацыі, у эканамічныя і палітычныя спэцыяльнасьці студэнты па-ранейшаму вераць (на Эканамічным факультэце прахадны бал склаў 327 сярод гарадзкі абітурыентаў, на спэцыяльнасьці паліталёгія — 338). На аналягічнай спэцыяльнасьці Дэпартамэнту паліталёгіі ЭГУ у гэтым годзе, дарэчы, падобнага ажыятажу не назіралася.

Падрос у параўнаньні зь мінулым годам прахадны бал на Механіка-матэматычным (са 170 да 232 балаў) і Фізычным факультэтах. На апошнім прахадны бал (170) — найгоршы для ўсяго ўнівэрсытэту, ня глядзячы на тое, што на фізфаку ўжо другі год навучаюцца будучыя беларускія «атамшчыкі».

Атрымліваецца, стаць студэнтам Акадэміі міліцыі нават цяжэй, чым студэнтам-ядзершчыкам. На сьледча-экспэртным факультэце Акадэміі МУС прахадны бал у гэтым годзе ўзьняўся да 170–180 у залежнасьці ад спэцыяльнасьці.

Зрэшты, 170 балаў за тры тэсты і атэстат — яшчэ добры вынік. Асабліва ў параўнаньні вынікамі іспытаў абітурыентаў Вайсковага факультэту БДУ. Там прахадны бал сёлета апусьціўся да… 96 балаў! Гэта значыць, каб стаць сапраўднымі беларускімі вайскоўцамі, хопіць двоек па ўсіх тэстах.

Абітурыенты вераць у мірны атам

А вось на новую спэцыяльнасьць «будаўніцтва цеплавых і атамных электрастанцый» у БНТУ конкурс быў даволі высокі. Жадаючыя заняцца будоўляй меркаванай беларускай АЭС мусілі здаць тэсты на, як мінімум, 230 балаў.

Гэта значна меней за прахадны бал на яшчэ адным новым накірунку беларускай адукацыі — спэцыяльнасьці «спартовая інжынэрыя» новастворанага Спартова-тэхнічнага факультэту БНТУ. Кажуць, выпускнікі гэтай спэцыяльнасьць зоймуцца абслугоўваньнем дзесяткаў беларускіх лядовых палацаў. Праца будзе дакладна, таму на платнае аддзяленьне гэтай спэцыяльнасьці плян набору ажно 120 чалавек.

Яшчэ працягваецца прыём на платныя аддзяленьні, а таксама на бясплатнае завочнае. У выніку сёлетняй уступнай кампаніі студэнтамі стануць, як плянуе Міністэрства адукацыі, болей за 100 тысячаў чалавек. Але на бюджэтныя месцы паступяць меней за 25% абітурыентаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0627 seconds.