У БНТУ будуць рыхтаваць спэцыялістаў па хакейных палацах

Паступіць на актуальны «Спартыўна-тэхнічны» факультэт БНТУ можна будзе ўжо з 1 верасьня 2011 году. На ім будуць рыхтаваць спэцыялістаў для абслугоўваньня спартыўных арэн і лядовых палацаў.


Адзін з праектаў лядовай арэны ў Чыжоўцы ў Менску. Праект, гледзячы па ўсім, быў адхілены.

Як паведамляе БелаПАН, на 90-м годзе свайго існаваньня Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт зрабіў сабе падарунак у выглядзе заснаваньня вельмі актуальнага ў беларускіх умовах факультэту, дзе зоймуцца падрыхтоўкай спэцыялістаў інжынэрнага профілю для абслугоўваньня буйных спартыўных пабудоў: спартыўных арэн, лядовых палацаў, велатрэкаў і г. д.

Факультэт адчыніцца на базе спэцыяльнасьці «Спартыўная інжынэрыя», якая раней выкладалася на прыборабудаўнічым факультэце. Як паведаміў першы прарэктар БНТУ, набор студэнтаў пачнецца 1 верасьня гэтага году. Плянуецца набраць каля 30 чалавек, але канчатковыя лічбы прыёму яшчэ мусіць зацьвердзіць Міністэрства адукацыі.

Гледзячы па ўсім, да моманту сканчэньня ўнівэрсытэту выпускнікі новай спэцыяльнасьці будуць карыстацца попытам у працадаўцаў. Як раней паведамляла БелТА, да 2014 году ў Беларусі плянуецца ўзьвесьці яшчэ 26 лядовых палацаў. Такім чынам, агульная колькасьць беларускіх хакейных пляцовак праз тры гады дасягне 52.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.063 seconds.