У Менску адкрылі LittleFreeLibrary — першую бясплатную вулічную міні-бібліятэку ў Беларусі

У дворыку галоўнага корпусу БНТУ днямі адкрылі першую бясплатную вулічную міні-бібліятэку ў Беларусі. Гэта сімпатычная хатка з кнігамі, якая знешне падобная на шпакоўню, з'яўляецца часткай сусветнага буккросінг-праекту LittleFreeLibrary.

Дагэтуль на сусветнай мапе «LittleFreeLibrary» не было адзначана ніводнай кропкі ў Беларусі. Выправіць сітуацыю ўзяліся супрацоўнікі Навуковай бібліятэкі БНТУ. Каб патрапіць на сусветную мапу праекту неабходна прайсці невялікі квэст:

  • Заплаціць ўнёсак і дачакацца шыльды з асабістым нумарам будучай бібліятэкі; 
  • Усталяваць міні-бібліятэку з таблічкай, сфатаграфаваць і адправіць фатаграфію на сайт праекта; 
  • Пасля праверкі міні-бібліятэка будзе размешчана на мапе праекту з указаннем яе каардынатаў і фатаздымкам.

«Фатаграфію хаткі з таблічкай мы адправілі на сайт праекта. Яны правераць, ці ўсё так, як мы заяўляем, і размесцяць нас на сайце. Чакаем з нецярпеннем», –супрацоўнік Навуковай бібліятэкі БНТУ Вольга Воўк распавяла Generation.by, якім чынам домік-бібліятэка з’явіўся ў дворыку тэхнічнага ўніверсітэта.

«Гэта наша старая мара – такі дамок пад адкрытым небам. Яшчэ працуючы ў дзіцячых бібліятэках мы зрабілі падобны пераносны лёгкі домік для буккросінгу, які не вытрымліваў дрэннага надвор'я, але яго можна было насіць з сабой на гарадскія мерапрыемствы. Аднак мара была, каб менавіта асобна і трывала домік стаяў пад адкрытым небам, час працы якога не абмежаваны часам працы бібліятэкі.

Мы прыйшлі з гэтай ідэяй да дырэктара. Ён падтрымаў, сабраў подпісы ўсіх патрэбных асоб універсітэта. Бібліятэка аплаціла ўнёсак за рэгістрацыйную таблічку. Намалявалі чарцёж і майстар прыступіў да справы. Маленькую свабодную бібліятэку БНТУ вырабіў супрацоўнік РБК (рамонтна-будаўнічаму кіраванню) БНТУ Пуцікаў Канстанцін Канстанцінавіч. У яго залатыя рукі.

Нягледзячы на тое, што мы добра дадалі працы службе РБК БНТУ, яны вельмі добразычліва паставіліся да нашай дзіўнай ідэі, дапамагалі парадамі, раіліся па колерах. Наогул у БНТУ добразычліва глядзяць на ўсякія ідэі. Будзеце рабіць? Рабіце, мы падтрымаем».

Адкрыццё першай у Беларусі міні-бібліятэкі пад адкрытым небам адбылося ў межах праекту «Адрыў» гарадской гульні па арыентаванні «Чытай-Горад». У гэты ж час Навуковая бібліятэка БНТУ распачала пісьменніцкі фотамарафон «ЗаЧытанне» – фатаграфіі пісьменнікаў, што будуць папаўняць кніжны домік будуць выкладаць ў сацыяльныя сеткі бібліятэкі. Першымі ўдзельнікамі фотамарафону ў дзень адкрыцця сталі Міхаіл Валодзін, Тамара Лісіцкая і Ігар Палякоў. Акцыя будзе працягвацца некалькіх тыдняў. 


Юля Сакалоўская 19:50, 22.09.2014 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0441 seconds.