Спэцназ вучыць «байцоў» БРСМ працаваць з выбухоўкай і правільна затрымліваць

Беларускі спэцназ заняўся правядзеньнем майстарклясаў для «байцоў» атрадаў БРСМ, якія разам зь міліцыяй патрулююць вуліцы і рэгулююць рух. У межах агульнабеларускага збору БРСМаўцаў «Акадэмія мужнасьці», якая прайшла ў адной з вайсковых частак у Менску, «байцам» паказалі, як правільна затрымліваць людзей і працаваць з выбуховымі рэчывамі.


На зборах «праваабаронцаў» з БРСМ. Скрыншот з рэпартажу БТ

Як перадае БелТА, у «Акадэміі мужнасьці» ўзялі ўдзел 175 чалавек, што ўваходзяць у моладзевыя атрады аховы правапарадку (МААП). «Байцы» атрадаў атрымалі майстаркляс ад спэцназаўцаў, якія прадэманстравалі навыкі і прыёмы самаабароны, рукапашнага бою і затрыманьня злачынцаў, а таксама кінолягаў і сапёрна-піратэхнічнай службы. Пасьля ўдзельнікі спартакіяды пакідалі гранаты і аджалі гіры.

Прадстаўнікі БРСМ кажуць, што «ўласныя ўзброеныя сілы» ствараць не зьбіраюцца.

«Цяпер зьявіліся чуткі аб тым, што БРСМ зьбірае ледзь не свае ўзброеныя войскі. Гэта паклёп», — заявіў на адкрыцьці «Акадэміі мужнасьці» першы сакратар БРСМ Ігар Бузоўскі. Паводле яго, байцоў спэцатрадаў навучаюць толькі дзеля «абароны». Каго і ад чаго зьбіраюцца абараняцца БРСМаўцы, спадар Бузоўскі не ўдакладніў.

Паводле закону, у функцыі МААП могуць уваходзіць толькі прафіляктыка правапарушэньняў сярод моладзі. Аднак зь нядаўняга часу «байцы» БРСМ далучыліся да міліцыі дзеля патруляваньня вуліцаў, аховы масавых мерапрыемстваў, рэгуляваньня дарожага руху.

У МААП уваходзяць каля 5 тысячаў чалавек па ўсёй краіне.

Сябрамі дружыны могуць быць паўнагадовыя грамадзяне, якія «здольныя па сваіх дзелавых і маральных якасьцях і складу здароўя выконваць дзейнасьць па ахове правапарадку». Ня могуць быць дружыньнікамі грамадзяне, якія маюць судзімасьць, прызнаныя судом недзеяздольнымі ці часткова недзеяздольнымі, а таксама тыя, хто прыцягваўся на працягу году да адміністратыўнай адказнасьці. А ўсе выдаткі, зьвязаныя зь іх заахвочваньнем і матэрыяльным забесьпячэньнем, ускладаюцца на мясцовыя ўлады.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0556 seconds.