Сацыяльныя сеткі зацягнулі пятую частку беларусаў

Паводле апошняга апытаньня Незалежнага інстытуту сацыялягічных і палітычных дасьледаваньняў, кожны пяты беларус мае акаўнт у Vkontakte. Facebook — толькі трэцяя па папулярнасьці сетка. А агулам ужо палова дарослых беларусаў карыстаецца Інтэрнэтам, надаючы перавагу найперш айчынным рэсурсам.


Малюнак gemius_belarus via rb.ru

«Нарастаючы кантроль уладаў над традыцыйнымі СМІ непазьбежна прыводзіць да далейшага разьвіцьця разнастайных інфармацыйных і камунікацыйных альтэрнатыў» , — адзначаюць сацыёлягі НІСЭПД.

Паводле апытаньня, праведзенага ў чэрвені гэтага году сярод 1.5 тысячы чалавек па ўсёй Беларусі, Vkontakte — найбольш папулярная сац.сетка.

Другая па папулярнасьці сетка ў Беларусі — Одноклассники. У ёй маюць акаўнт 17.9% беларусаў, старэйшых за 18 гадоў. Facebook — трэцяя па папулярнасьці сацыяльнае мэдыя. Найбольш папулярнай у сьвеце сацыяльнай сеткай карыстаюцца 8.5% ці каля 633 тысячаў чалавек. Гэта значна болей за колькасьць юзэраў зь Беларусі, якую называе сайт socialbakers (каля 300 тысячаў карыстальнікаў).

А вось Твітэр-рэвалюцыя ў Беларусі пакуль наўрад ці адбудзецца. Гэтым інструмэнтам карыстаюцца толькі 1.3% (альбо 90 тысячаў чалавек). Але сацыёлягі ўсё роўна тлумачаць посьпехі апошніх маўклівых пратэстаў «ростам папулярнасьці сацыяльных сетак сярод беларусаў».

Агулам рост узроўню карыстаньня Інтэрнэтам паступова стабілізуецца (сёньня, як і ў мінулым годзе, амаль палова насельніцтва карыстаецца ім з рознай часьцінёй, прычым 40% — рэгулярна, г.зн. штодня або некалькі разоў на тыдзень). Пры гэтым беларусы ўсё болей «лазяць» па беларускіх сайтах — кожны трэці цяпер карыстаецца найперш айчыннымі парталамі, расейскія за два гады адышлі на другі плян.

Папярэдняе дасьледаваньне НІСЭПД выявіла, што трэцяя частка дарослага насельніцтва Беларусі атрымлівае інфармацыю пераважна зь Сеціва. Гэта крыху болей за тых, хто чытае газэты.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0731 seconds.