Колькасьць беларускіх карыстальнікаў Facebook упершыню пачала скарачацца
Упершыню за апошнія гады назіраецца скарачэньне колькасьці беларускіх карыстальнікаў буйнейшай сацыяльнай сеткі Фэйсбук. Беларусь па-ранейшаму найменш прадстаўленая ў ёй эўрапейская краіна.
Зьмена колькасьці юзэраў Фэйсбук у Беларусі. Дадзеныя socialbakers
За апошні месяц болей за тры тысячы беларусаў «сышлі» з гэтай сацыяльнай сеткі. Такім чынам, колькасьць беларусаў у Фэйсбук скарацілася на некалькі працэнтаў, што нязначна паўплывала на апошняе месца нашай краіны ў рэйтынгу пранікненьня гэтай сацыяльнай сеткі.
Паводле дадзеных сайту socialbakers, Беларусь — 155-я краіна па колькасьці юзэраў фэйсбук на чалавека. Гэта апошні паказчык у Эўропе. Зрэшты, нашы суседзі па сьпісу, Украіна і Расея, могуць пахваліцца падобнымі лічбамі: калі ў Беларусі 2.87% насельніцтва зарэгістраваная ў гэтай сетцы, то ў Расеі гэты паказчык складае 3.16%, ва Ўкраіне прыкладна такі ж самы.
Дагэтуль колькасьць беларускіх юзэраў у сетцы толькі расло. Напрыканцы мінулага году мы нават займалі сёмае месца па хуткасьці росту аўдыторыі сацсеткі. Тады за 3 месяцы беларуская аўдыторыя Фэйсбук вырасла амаль ў два разы. На дадзены момант яна складае 275 680 чалавек.
Па абсалютнай колькасьці юзэраў Беларусь ужо абышла такія эўрапейскія краіны, як Ватыкан, Малдова і Ісьляндыя.
Свае дадзеныя socialbakers будуе на аснове статыстыкі для рэклямадаўцаў гэтай сацыяльнай сеткі.