Беларусы канчаткова выйшлі ў інтэрнэт і сыходзяць з VK

Амаль палова паўнагадовых беларусаў карыстаецца інтэрнэтам хаця б некалькі разоў на тыдзень. А болей за чвэрць — штодня. Пры гэтым самай папулярнай сацыяльнай сеткай застаецца Vkontakte, нягледзячы на значны рост ахопу канкурэнтаў.

Vkontakte рызыкуе саступіць статус самай папулярнай сацыяльнай сетцы ўжо ў бліжэйшыя месяцы. Прынамсі, сярод паўнагадовых рэспандэнтаў. Менавіта сярод іх Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў праводзіў апытанне ў чэрвені 2013 году, вынікі якога апублікаваныя цяпер.


Графік НІСЭПД

З апытання вынікае, што Vkontakte карыстаюцца 28.9% беларусаў, а яшчэ адной расейскай сеткай «Одноклассники» — 28.4% (20% паводле апытання НІСЭПД у 2011 г.). Розніца ўпісваецца ў межы памылкі рэпрэзентатыўнасці, што ставіць пад сумнеў статус VK як самай папулярнай у Беларусі.

Самая ж папулярная ў свеце сетка Facebook адстае ад галоўных канкурэнтаў у Беларусі прыкладна на палову з 14.8% аўдыторыі (8.5% у 2011 г.), якая карыстаецца ёй. Гэта значна вышэй за дадзеныя міжнароднай агенцыі Internet World Stats, якая налічыла ў Фэйсбуку наканец 2012 г. 533 тыс. беларусаў (5.5% ад усяго насельніцтва).

Твітэр прыцягвае ўвагу прыкладна 7.9% беларусаў (магчыма было болей за аднаго варыянту адказу).

Зрэшты, у сацсетак у Беларусі яшчэ ёсць вялікі патэнцыял: каля 40% увогуле не ведаюць, што гэтак такое ці не карыстаюцца імі.

Апошняя лічба супадае з доляй дарослых беларусаў, якія зусім не карыстаюцца інтэрнэтам. Доля ж тых, хто заходзіць туды штодня вырасла да 28.6%, а «некалькі разоў на тыдзень» — да 20.1%.

comments powered by Disqus
 
In 0.0712 seconds.