Учора адбылася спроба «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку»

Беларуская моладзь праз сацыяльную сетку Vkontakte паспрабавала распачаць «рэвалюцыю», заклікаўшы ў адзін час выходзіць на цэнтральныя плошчы гарадоў і «проста гуляць». Учора адбылася першая акцыя, якая па зьвестках удзельнікаў у чатырох гарадах сабрала сукупна каля 150 чалавек. Палітычныя партыі сьцьвярджаюць, што ня маюць ніякага дачыненьня да сустрэч на плошчах.

«Ня трэба ніякіх сьцягоў і транспарантаў, ня трэба ніякай сымболікі. Першыя сустрэчы — можа быць мала людзей, але з кожным днём нас будзе станавіцца ўсё болей і болей! Гэтая акцыя будзе штотыдзень! Калі на плошчы будуць тысячы людзей, гэта будзе знак таго, што можна прыступаць да больш актыўных дзеяньняў! Але спачатку нам трэба выйсьці!» — гэткімі словамі стваральнікі групы Vkontakte "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку [Беларусь]" заклікаюць сваіх прыхільнікаў, у якіх «рэвалюцыя насьпела ў галовах», выходзіць на вуліцы.


Мазырскі варыянт рэвалюцыі. Фота з суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку»

У суполцы, дзе ідзе агітацыя за далучэньне да «рэвалюцыі», жаданьне ўдзельнічаць у ёй выказалі 2 300 чалавек. Зрэшты, колькасьць удзельнікаў першай спробы такой акцыі аказалася параўнальна невысокай. У Гародні на плошчу выйшлі каля 20 чалавек, у Менску — 150, у Берасьці, па зьвестках мясцовых СМІ — ад 12 да 20. Праверыць гэту інфармацыю немагчыма. Таксама рэвалюцыйная сустрэча адбылася ў Мазыры.

Як піша Бресткая газета, у Берасьці акцыя распачалася ў 7 гадзін, калі дзесятак людзей сталі на плошчы Леніна ў кола, і ў такім становішча бавілі час да 7:30, пасьля чаго разышліся. Па зьвестках удзельнікаў, міліцыя да акцыі цікаўнасьці не праявіла.


Берасьце, плошча Леніна ўчора. Фота з суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку»


Так адбылася ўчора рэвалюцыя ў Менску. Фота з суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку»

Мясцовыя партыйныя актывісты сьцьвярджаюць, што ніводная з палітычных структур ня маюць дачыненьня да «рэвалюцыі».

«Сацыяльныя сеткі арганізоўваюць гэтую акцыю. Мы да яе ня маем ніякага дачыненьня. Ня думаю, што інфармацыя пра тое, хто яе арганізатары, шырока распаўсюджваецца», — заявіў у інтэрвію Радыё Рацыя старшыня брэсцкай арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Шыманскі.

Між іншым, на старонцы суполкі «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку» сярод арганізатараў акцыі пазначаная другая па велічыні беларуская група ў гэтай сацыяльнай сетцы — «Рух будучыні». Яна налічвае болей за 200 тысячаў удзельнікаў. Вядома, што пасьля 19 сьнежня некаторыя зь лідэраў гэтага руху пакінулі Беларусь.

Наступныя акцыі на галоўных плошчах беларускіх гарадоў арганізатары «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку» прызначылі на 8 чэрвеня.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0634 seconds.