ТОП-5 рэвалюцый, арганізаваных праз Facebook

Пра здольнасьць сацыяльных сетак уплываць на рэчы, ім не ўласьцівыя, абвясьцілі, бадай, ужо ўсе мажлівыя інстанцыі: ад няўрымсьлівых брытанскіх навукоўцаў да амэрыканскіх генэралаў. Мубарак і Бэн Алі, Сократэш і Аль-Асад — усе яны сталі адмоўнымі героямі фрэнд-стужак соцень тысячаў людзей. Мы выбралі пяць краін, дзе Facebook, на думку экспэртаў, сыграў адну з ключавых роляў у распальваньні рэвалюцый.

Апазыцыйныя тусоўкі па ўсім сьвеце і, адпаведна, спэцслужбы заўважылі патэнцыял сацыяльных мэдыяў яшчэ пасьля падзей у Іране і Малдове. Тады моладзь узьнялася на супрацьстаяньне зь ненавісным рэжымам у тым ліку праз сацыяльныя сеткі, адчуўшы, што такіх як яны тысячы і мільёны. Іранскім падзеям прыдумалі гнуткае азначэньне ў гонар галоўнага інтэрнэт-трэнду сэзону 2009: «Твітэр-рэвалюцыя». І панеслася…

Эгіпет: дзеці Фэйсбуку


Рэвалюцыйныя старонкі: Фэйсбук-старонка «We Are All Khaled Said» «залайкілі» болей за 1 мільён чалавек

У Эгіпце фэйсбук-старонка «We Are All Khaled Said» хутка прыцягнула тысячы карыстальнікаў. Цяпер яе ўжо «залайкілі» болей за 1 мільён чалавек. Старонка, створаная ў гонар 28-гадовага эгіпецкага бізнэсоўцы, што быў насьмерць зьбіты паліцыяй ў пачатку пратэстаў, стала адным зь інструмэнтаў узьняцьця руху супраціву.

Былі ў эгіпецкай рэвалюцыі й іншыя істотныя фэйсбук-групы. Цяпер, пасьля сыходу шматгадовага прэзыдэнта Эгіпту Хосьні Мубарака, адна зь іх, 200-тысячная старонка, прысьвечаная закліку правесьці агульнанацыянальны страйк яшчэ ў 2008 годзе, рыхтуецца ператварыцца ў палітычную партыю.

Сацыяльныя мэдыі сталі ня толькі месцам для арганізацыі паўстаньня, але і важнай крыніцай інфармацыі аб падзеях. У той дзень, калі на знакамітай каірскай плошчы Тахрыр упершыню зьявіліся танкі, журналісты ўсяго сьвету і проста цікаўныя грамадзяне раскрыўшы роты штохвілінна абнаўлялі твітэр-стужку з тэгам, прысьвечаным эгіпецкім падзеям — рэвалюцый он-лайн. А ўжо праз два месяцы пасьля падзеньня Мубараку было абвешчана аб хуткім выхадзе кнігі з найбольш яскравымі твітамі з Тахрыру.

Адмыслоўцы падкрэсьліваюць, што галоўны герой эгіпецкіх выступленьняў — адукаваная моладзь. На гэткай хвалі пакаленьне эгіпцян, скінуўшых Мубарака, арабскія журналісты называюць цяпер «дзецьмі Фэйсбуку».

Туніс: пачатак канца

Літаральна празь некалькі гадзін пасьля таго, як стала вядома пра ўцёкі прэзыдэнта Тунісу на глебе месяцовых выступленьняў моладзі, на сайце CNN зьявіўся артыкул, у якім сацыяльныя мэдыі кшталту Твітэру і Фэйсбуку адным махам з WikiLeaks былі абвешчаныя «палівам» масавых пратэстаў.

«Тое, што акцыі пратэсту ў Тунісе арганізуюцца і падтрымліваюцца праз сацыяльныя сеткі, робіць іх яшчэ больш незвычайнымі. Колькасьць маладых адукаваных тунісцаў, што карысталіся сацыяльным сеткамі была настолькі вялікай, што адным з галоўных прыярытэтаў ураду Туніса стала блякаваньне блогераў і ўсіх, каго палічылі за праціўнікаў рэжыму», — адзначала тады CNN.

Туніс стаў першай, але як пазьней паказалі падзеі, далёка не адзінай краінай, дзе і паліцыя, і ўлады аказаліся няздольнымі супрацьстаяць стыхійна распачаўшымся пратэстам, упершыню арганізаваным дзякуючы сацыяльным мэдыям.

Туніскія падзеі здолелі прадэманстраваць, што нават 15 актывістаў могуць працаваць найлепшым агульнанацыянальным СМІ, проста зьбіраючы характэрныя фота, відэа і тэкставыя сьведчаньні пратэстаў і выкладаючы іх у Твітэр. Дастаткова выконваць элемэнтарныя патрабаваньні бясьпекі ў Сеціве і працаваць па 18 гадзін, як тое рабіў Бэн Алі, адзін з заснавальнікаў ужо гістарычнага твітэр-акаўнту.

Сырыя: ня ўсё так проста

Аднак ня ўсе спробы падняць рэвалюцыю ў краінах Паўднёвай Афрыкі і Блізкага Ўсходу пакуль скончыліся пасьпяхова. І адмоўных прыкладаў усё яшчэ болей: няясны лёс пратэстаў у Бахрэйне, дзе Інтэрнэт таксама заблякаваны ўрадамі, а ў краіне з пачатку тыдня дзейнічае надзвычайнае становішча. Алжырскія апазыцыянэры пакуль ня здолелі падняць дастатковую колькасьць народу, а сырыйскія — перакінуць пратэст на ўсю краіну з пакуль аднаго-адзінага аплоту мясцовай мінірэвалюцыі.

Правальнымі аказаліся спробы сырыйскіх эмігрантаў падняць сваіх суайчыньнікаў праз Фэйсбук: «Дні гневу», праведзеныя ў сталіцы краіны Дамаску, прайшлі няўдала. Многія сьпісалі той правал якраз на рахунак сацыяльнай сеткі.

Аднак у мінулую пятніцу пратэсты ўсё ж пачаліся, праўда, у іншым месцы — паўднёвым горадзе Дараа. Адбылося гэта пасьля таго, калі мясцовыя жыхары запатрабавалі вызваліць 15 падлеткаў, арыштаваных, мяркуючы па ўсім, за антыўрадавыя надпісы на сьценах дамоў.

Паліцыя адкрыла агонь па пратэстуючым, і ў наступныя дні ўспыхнулі новыя, больш радыкальныя пратэсты з патрабаваньнем палітычных рэформаў. Пасьпела загінуць шмат людзей, перш чым прэзыдэнт Сырыі пачаў казаць пра рэформы. Цікава, што пратэсты пачаліся літаральна празь месяц пасьля разблякаваньня Фэйсбуку для доступу сірыйцаў.

Экспэрты падкрэсьліваюць, што Фэйсбук хоць і запускае рэвалюцыі па ўсім сьвеце, але ня можа надаць людзям дастатковай сьмеласьці для ўдзелу ў іх. Максымум, на што ён здольны, — гэта паказаць людзям, што тыя не самотныя ў сваіх ідэях і перакананьнях. І нават пры ўмове, што Сеціва ня будзе перакрыта пасьля пачатку значных выступленьняў, сацыяльным сеткам заўжды патрэбны моцны рэтрансьлятар у выглядзе тэлебачаньня.

Партугалія: гімн пакаленьня на YouTube і паўмільёны на вуліцы

У сярэдзіне сакавіка ў Партугаліі пачаліся адбывацца нябачныя раней рэчы: 15 сакавіка крэдытны рэйтынг краіны быў паніжаны адразу на два пункты і спрагназаваў далейшае пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў краіне. Адначасова распалася кааліцыя сацыялістаў з крайне правымі, якія адмовіліся падтрымліваць далейшыя меры па эканоміі сродкаў. У выніку сацыялісты толькі ўзмацнілі скарачэньне сацыяльных выдаткаў, што ў сваю чаргу вывела людзей на вуліцу.

На наступных выходных партугальская сталіца Лісабон напоўнілася паловай мільёну пераважна маладых людзей, што стала самым значным выступленьнем у краіне з моманту пачатку крызысу. І канешне ж дэманстрацыя была арганізаваная праз Фэйсбук парай маладых людзей, абсалютна недатычных да традыцыйных палітычных плыняў.

«Усьміхайцеся — вы абрабаваныя», — нават лёзунгі, зь якімі людзі выйшлі на вуліцы, былі ўзятыя з Фэйсбуку.

За два месяцы да гэтага папулярны гурт «Дэалінда» выканаў песьню «Які я дурны». У ёй гаварылася аб «пакаленьні без зарплаты», якое «вымушанае вучыцца, каб стаць рабамі». Песьню запісалі і вывесілі на YouTube, дзе яна стала карыстацца вялізным посьпехам. Нават прэса абвясьціла яе «гімнам пакаленьня». Пасьля гэтага і зьявілася група ў Facebook, і справа стала добрай.

Ініцыятары заклікалі сабрацца 12 сакавіка на галоўнай вуліцы Лісабону. Яны называюць сябе «выкінутым пакаленьнем». Спачатку многія людзі думалі, што тое — невялікі жарт. Але зьвязаўшыся адзін з адным па электроннай пошце, SMS і праз Твітэр, яны зразумелі, што ўсё сур’ёзна.

Праз 11 дзён пасьля гэтага буйнейшага сацыяльнага выступленьня партугальскі ўрад сышоў у адстаўку.

Беларусь: «?»


Пакуль Беларусь не зазнала вопыту «Фэйсбук-рэвалюцый». Аднак наша краіна на дзіва падобная да Тунісу па колькасьці жыхароў, распаўсюду Інтэрнэту і нават абсалютнай колькасьці сеціўных карыстальнікаў. Як і ў паўстаўшых арабскіх краінах, большасьць беларускіх карыстальнікаў — людзі ва ўзросьце 25–34 гадоў і моладзь да 24.

Але вось па колькасьці юзэраў сацыяльнай сеткі Фэйсбук беларусы значна саступаюць астатнім удзельнікам ТОПу, знаходзячыся на адным узроўні зь Лівіяй, дзе зь Сецівам усё зусім дрэнна.


А пакуль у адсутнасьці маштабных офлайнавых падзей беларускія юзэры абмяркоўваць на кухнях і ў прыцемку кавярняў нашумелыя фэйсбучныя суполкі «ШОС», прыгадваючы пацешнага, але і не такога простага пэрсанажа Важа з гэтай жа сеткі і Змагарку — бясстрашны і няўлоўны цэнтар збору ўсялякай інфармацыі пра мітынг 19 сьнежня.
Як казаў адзін з герояў эгіпецкіх падзеяў, 30-гадовы мэнэджэр Google, які кінуў усё і вярнуўся ў родны Эгіпет дзеля мабілізацыі людзей на ўдзел у рэвалюцыі:

«Гэта рэвалюцыя пачалася… у чэрвені 2010, калі сотні тысяч пачалі ствараць кантэнт. Мы маглі запосьціць відэа, якое было б расшарана 60 тысячамі людзей на іх сьценах за некалькі гадзін. Я заўжды казаў, што калі вы жадаеце зрабіць грамадзтва больш вольным, дайце ім Інтэрнэт».

Тым часам стала вядома пра новую праграму Пэнтагону па стварэньні кібэр-войска ботаў у Фэйсбук. Адразу некалькі каліфарнійскіх кампаній атрымалі запыты ад цэнтральнага камандаваньня ўзброенымі сіламі ЗША на стварэньне адпаведнага праграмнага забесьпячэньня. Ідэя палягае ў тым, што дзякуючы робатам-шпіёнам у сацыяльных сетках у вайскоўцаў атрымаецца адсочваць апошнія тэндэнцыі ў настроях людзей розных краін, выяўляць і змагацца з контрпрапагандай, а таксама, магчыма, весьці сваю.

Беларускія спэцслужбы таксама не губляюцца ў павуціньні сацыяльных сетак. Калі ўвесну 2006 флэшмобы, народжаныя з ЖЖ, былі сюрпрызам для менскай міліцыі, то ўжо ў пачатку 2009-га былі зафіксафаныя спробы вэрбоўкі студэнтаў на падставе іх кола сяброў у сацыяльнай сетцы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.065 seconds.