У БрДУ зачынілі доступ да сацсетак і «апазыцыйных сайтаў»

У Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце заблякаваны доступ да «ўсіх сацыяльных сетак і апазыцыйных сайтаў». На кампутарах ВНУ забаранілі таксама трымаць шансон і цяжкую музыку, пакінуўшы толькі дазвол на кампазыцыі «для прэзэнтацый». У іншым берасьцейскім унівэрсытэце супрацоўнікам загадалі пазбавіцца ад копій фільмаў «Доктар Хаўс».

«Усе сацыяльныя сеткі і апазыцыйныя сайты ў нас заблякаваныя, — заявіў у інтэрвію „Комсомольской правде“ Сяргей Пішчык, начальнік аддзелу тэхнічных сродкаў навучаньня Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсітэту імя Пушкіна. — Калі карыстальнік выкарыстоўвае нейкія хітрыкі, каб зайсьці на тыя ж „Аднакласьнікі“, мы гэта хутка выяўляем».

Тэхнічныя сродкі барацьбы зь «хітрыкамі» спадар Пішчык не агучыў. Аднак газэце стала вядома, што акрамя сайтаў у апалу ва ўнівэрсытэце трапіў шансон і лягічныя гульні.

«Мы выдалілі ўсе гульні, якія ўсталявалі самі карыстальнікі. У асноўным людзі гулялі не ў стралялкі, а ў лягічныя гульні. Таксама выдалялі музыку, акрамя той, якая неабходная для навучальнага працэсу. Калі бачылі, што мэлёдыя неабходная для прэзэнтацый, мерапрыемстваў, то пакідалі, але калі на кампутары быў расейскі шансон, папса, цяжкая замежная музыка, то адразу ж выдалялі».

Таксама засталося незразумелым, ці выдалялася з кампутараў супрацоўнікаў цяжкая беларуская музыка і айчынная папса.

Пошукам «няправільных» файлаў у БрДУ займаецца адмысловая камісія, мэта якой — пільны кантроль за працаю карыстальнікаў кампутараў.

«Сярод працоўнага дня ўвайшлі ў кабінэт прадстаўнікі камісіі і пачалі вывучаць, чым жа мы займаемся ў працоўны час. Глядзелі ўсё: апошнія дакумэнты, закладкі ў інтэрнэце, гісторыю раздруковак на прынтары. Мая калега мела сур’ёзную размову зь кіраўніцтвам, калі на яе кампутары знайшлі адну сэрыю «Доктара Хаўса» — распавяла «Эўрарадыё» Алена, супрацоўніца адной з кафэдраў БрДУ.

Першы прарэктар Канстанцін Красоўскі тлумачыць «аблаву» на шансон жаданьнем зэканоміць энэргію:

«З 13.00 да 14.00 — гэта перапынак для таго, каб чалавек мог паабедаць, а не для таго, каб на дзяржаўным кампутары за кошт чужой электраэнэргіі займацца сваімі справамі».

Некаторым падначаленым, у якіх знайшлі на кампутарах гульні і музыку, давялося напісаць тлумачальную, зь іншымі супрацоўнікамі толькі пагутарылі.

Рэктар БрДУ Мечыслаў Часноўскі ўжо даўна ўнесены ў сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЭЗ.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0709 seconds.