У Беларусі зьявіцца ўласны рэйтынг унівэрсытэтаў

Мінадукацыя распрацоўвае ўласны рэйтынг беларускіх ВНУ, а таксама хоча раздаваць дадаткі да дыплёму эўрапейскага ўзору з 2012 году. У гэтым самым годзе Беларусь плянуе завяршыць працэдуру далучэньня да Балоньскага працэсу.

Як заявіў БелТА першы намесьнік міністра адукацыі Аляксандр Жук, працэдура далучэньня да Балоньскага працэсу, паводле плянаў ураду, павінная быць завершаная ў 2012 годзе падпісаньнем адмысловага дакумэнту. Паводле меркаваньня намміністра, галоўныя крытэры далучэньня Беларусь ужо выканала: падзяліла вышэйшую адукацыю на 2 ступені, распрацавала дадатку да дыплёму эўрапейскага ўзору і стварыла «якасную сыстэму вышэйшай адукацыі».

Першы намесьнік міністра таксама адзначыў, што перад сыстэмай адукацыі пастаўлена задача распрацаваць рэйтынг ВНУ, які дазволіць абітурыенту выбіраць навучальную ўстанову як па ўмовах якасьці адукацыйнага працэсу, так і па крытэру наяўнасьці дадатковых паслугаў.

Аляксандр Жук паведаміў, што ўступленьне ў Балоньскі працэс дапаможа Беларусі прыцягнуць у краіну яшчэ болей замежных студэнтаў. Зараз у рэспубліцы вышэйшую адукацыю атрымліваюць 10 тысячаў замежнікаў з больш чым 70 краін.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0647 seconds.