Выбух у менскім мэтро

Выбух у менскім мэтро стаў шокам для Беларусі, які на некаторы час паралізаваў буйнейшыя мэдыі. Пакуль у разгубленасьці маўчала беларускае тэлебачаньне, а навінавыя сайты не спраўляліся з шалёнай нагрузкай, інфармацыя пра жахлівыя падзеі ў Менску імгненна распаўсюдзілася па сьвеце праз сацыяльныя сеткі.

Мэдыі пра выбух у Менску 11/04/2011

Амаль адразу пасьля выбухоўкі на Кастрычніцкай узарваўся Твітэр.

«У #Minsk у мэтро выбух толькі што», — першым напісаў пад тэгам у Твітэр літаральна празь некалькі хвілін пасьля выбуху Дзьмітры Слаўнікаў. Пасьля гэтага сацыяльныя сеткі напоўніліся спачатку разгубленымі, а пасьля жахлівымі паведамленьнямі аб здарэньні.

Пасьля зрэагавалі буйнешыя онлайн-мэдыі, доступ да якіх ужо празь некалькі дзесяткаў хвілін стаў вельмі замаруджаным. Былі праблемы з доступам нават да парталу TUT.by.

Праз гадзіну пасьля тэракту мабільныя сеткі ў цэнтры працавалі вельмі нетрывала. У пэўны момант мабільная сувязь зьнікла цалкам.

Дзяржаўнае тэлебачаньне зрэагавала пазьней за іншых. Аднак ужо ў дзевяцігадзінных навінах па БТ паведамілі, што Аляксандр Лукашэнка прыбыў на месца трагедыі. Пазьней зьявілася інфармацыя, што асноўная вэрсія праваахоўнікаў — тэракт.

Цяпер за падзеямі вакол выбуху можна сачыць па тэгах #Minsk і #Metro у Твітэры. Упершыню тэгі, зьвязаныя зь Беларусьсю, выйшлі ў Трэнды гэтай сацыяльнай сеткі — многія замежнікі выражалі празь яе спачуваньне беларусам.

Таксама актуальная інфармацыя пра пацярпелых, у тым ліку шляхі дапамогі ім і абмеркаваньне акцыяў салідарнасьці, зьяўляецца у Фэйсбук-суполцы «11.04.2011. Взрыв в минском метро», сябрамі якой за 2 гадзіны сталі болей за тры сотні чалавек.

Фатограф Юля Сакалоўская ехала ў наступным цягніку пасьля таго, які выбухнуў. Юля цудам ня трапіла ў цэнтар трагедыі: ня стала ўціскацца ў перапоўнены вагон і дачакалася наступнага цягніка.

Здымкі з «Кастрычніцкай», зробленыя Юляй прыблізна праз 20 хвілін пасьля выбуху, можна паглядзець у facebook-альбоме. Асьцярожна, здымкі шакуючыя.

Інтэрнэт-карыстальнікі замяняюць свае аватары на жалобныя чорныя квадраты і стужкі. Да ўваходу на ст. м. «Кастрычніцкая» менчукі нясуць кветкі і сьвечкі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1022 seconds.